Свята жанчын у Найпрыгажэйшай з нявестаў будзе ў 15-ы раз адзначацца ў аўторак на Яснай Гары. Інтэнцыяй малітвы ў гэтым годзе стануць жанчыны ваеннага часу, асабліва ўкраінкі, маці, якія хаваюць сваіх дзяцей у падвалах, аплакваюць блізкіх, уцякаюць ад пажару вайны.
Як абвясціла ў панядзелак дырэктар прэс-службы Яснай Гары Ізабэла Тырас, святкаванне гэтага года павінна стаць выразам асаблівай духоўнай сувязі з украінскімі жанчынамі, якія пакутуюць, асабліва маці.
Акт даверу будзе агучаны на польскай і ўкраінскай мовах. Святая Імша будзе цэлебравацца ў келіху «Жыццё і перамяненне», які польскія жанчыны ахвяравалі ў 1982 годзе з просьбай аб пашане да кожнага чалавечага жыцця.
«У гэты цяжкі час нашы сэрцы і думкі накіроўваюцца да ўсіх украінскіх жанчын, маці, якія пакутуюць ад вайны. Мы думаем пра тых, хто застаўся там і змагаецца за сваю Радзіму. Пра тых, хто хавае сваіх дзяцей па падвалах ад бамбардзіровак, пра тых, хто перавязвае раны, аплаквае сваіх блізкіх», — падкрэсліла кіраўнік прэс-службы.
«Мы аб’ядноўваемся і рознымі спосабамі падтрымліваем украінак, якія выратаваліся ад пажару вайны і якія знайшлі прытулак таксама ў Доме пілігрыма на Яснай Гары». Як яна падкрэсліла, гэта таксама будзе час малітвы за рускіх жанчын, маці, чые сыны таксама гінуць на вайне.
Пасляабедзенную Імшу на жаночае свята ў капліцы Маці Божай узначаліць біскуп Анджэй Пшыбыльскі з Чэнстаховы. Пасля гэтага ў папскай зале адбудзецца памятная сустрэча.
Дырэктар прэс-службы Яснай Гары запэўніла, што санктуарый трывае ў малітве за мір ва Украіне. У гэтай інтэнцыі кожны дзень здзяйсняюцца дадатковыя Імшы, чытаецца ружанец, адбываюцца набажэнствы да Маці Божай, а таксама моляцца пілігрымы, якія прыбываюць туды.
У той жа час Дом пілігрыма на Яснай Гары з’яўляецца адным з месцаў, дзе ўцекачы з Украіны знаходзяць прытулак ад вайны. Першай туды прыехала жыхарка Уладзіміра-Валынскага з 6-гадовай дачкой і 11-гадовым братам. «Мы не хацелі з’язджаць у Польшчу, але калі пачаліся бамбардзіроўкі, я вывезла сваю сям’ю. Тут мы атрымалі дапамогу і падтрымку», — кажа ўкраінка. На Яснай Гары знаходзяцца і іншыя сем’і з Украіны, якія шукалі прытулак у Польшчы.
З бліжэйшай нядзелі, 13 сакавіка, на Яснай Гары па нядзелях будуць праходзіць Імшы на ўкраінскай мове.
За аказаную ўцекачам з Украіны дапамогу дзякуе настаяцель Яснай Гары айцец Самуіл Пахольскі. «Дзякуй тым, хто ўжо падтрымлівае нас, ахвяруючы прадукты харчавання. Таксама дзякуй тым, хто падтрымлівае фінансава, і тым, хто распаўсюджвае просьбу аб дапамозе…» – адзначыў айцец Самуіл Пахольскі. «Кожнае гарачае сэрца, якое хоча маліцца і дапамагаць, надзвычай каштоўнае», — дадаў ён.
Паводле іdziemy.pl
Пераклад Лаліты Арлоўскай
