Сястра Себасцьяна, удава і маці дзевяці дзяцей, ажыццявіла сваю дзіцячую мару, склаўшы вечныя абяцанні ва ўзросце 55 гадоў пры падтрымцы свайго сына, які цяпер з’яўляецца біскупам Дурадуса ў Бразіліі.
Разам яны ўвасабляюць глыбокую веру, якая для іх абодвух ператварылася ў пакліканне.
У самым сэрцы Бразіліі ўнікальная гісторыя мацярынскай любові, веры і паклікання аб’ядноўвае біскупа Дурадуса, біскупа Энрыке Апарэсіда дэ Ліма, і яго маці, сястру Себасцьяну Онофрэ Ліма. Удава з дзевяццю дзецьмі, яна цяпер манахіня ў кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. Гэта была дзіцячая мара, якая ажыццявілася пры падтрымцы сына-біскупа.
Себасцьяна выйшла замуж у вельмі маладым узросце, шлюб быў арганізаваны яе бацькам, каб дапамагчы яе сям’і перажыць фінансавыя цяжкасці. «З моманту майго шлюбу, — сказала сястра Себасцьяна ў інтэрв’ю ACI Prensa, — я заўсёды прасіла Бога дзейнічаць у маім жыцці і ў жыцці маіх дзяцей. Ён змілаваўся нада мной, бо калі мы даем Яму абяцанне, Ён ніколі гэтага не забывае, і Ён ушанаваў мяне ласкай паклікання майго сына і майго ўласнага». Яна змагла рэалізаваць сваё пакліканне толькі пасля 36 гадоў шлюбу, ва ўзросце 55 гадоў, калі памёр яе муж.
«З дзяцінства чуў, як яна казала: «Я не хацела выходзіць замуж, я хацела быць манахіняй», — успамінае яе сын, біскуп Энрыке. Яго бацька, які стаў католікам дзякуючы жонцы, нават сказаў яму перад смерцю: «Дапамажы сваёй маці пайсці ў кляштар; гэта яе мара».
Сёння, ва ўзросце 80 гадоў, яна прысвячае сябе малітве і суправаджэнню жанчын у цяжкіх сітуацыях у ордэне, які прымае ўдоў, якія жадаюць стаць законніцамі. «Я шчаслівая манахіня! Я люблю гэтую працу, малітву і аздараўленне, бо маім жаданнем заўсёды было аднаўляць жыццё, выводзіць гэтых людзей з пустыні і весці іх да годнага жыцця», — кажа сястра Себасцьяна.
Што да сына, ён не саромеецца называць сваю маці «прапагандысткай паклікання», бо яна натхніла яго пакліканне да святарства задоўга да таго, як ён падтрымаў яе на шляху да рэлігійнага жыцця.
Калі вера, перададзеная ад маці, стала пакліканнем
«Дома мы кожны вечар маліліся на ружанцы. Потым усе клаліся спаць, а мая маці працягвала маліцца», — успамінае біскуп Энрыке. Ён, у сваю чаргу, адчуў Божы заклік у 6 гадоў. А як толькі яму споўнілася 14 гадоў, ён вырашыў паступіць у семінарыю, дзе скончыў базавую адукацыю.
У яго сям’і не хапала грошай, і ў 22 гады яму давялося пакінуць семінарыю, каб утрымліваць бацькоў і адкладаць грошы на працяг вучобы. Ён працаваў у вёсцы і кіроўцам грузавіка. У 1991 годзе, ва ўзросце 26 гадоў, ён змог працягнуць вучобу, а ў 1999 годзе, ва ўзросце 35 гадоў, быў пасвечаны ў святары-рэдэмптарысты.
Пазней Папам Францішкам ён быў прызначаны біскупам Дурадаса. 30 студзеня 2016 года ён быў пасвечаны ў біскупы, на вялікую радасць сваёй маці. «Сям’я — гэта калыска пакліканняў», і менавіта з яе «нараджаюцца людзі, людзі, якія служаць, каб працаваць на Божым шляху», — кажа сястра Себасцьяна, якая часта наведвае сына. Са свайго боку, біскуп Энрыке прызнаецца, што адчувае падтрымку і малітвы сваёй маці ў выкананні свайго служэння: «Я ўпэўнены, што яна шмат моліцца за дыяцэзію, за мяне і за маю працу. Таму няма сумневаў, што яна з’яўляецца вялікай падтрымкай».
Сёння маці і сын жывуць сваімі пакліканнямі на паралельных, але глыбока аб’яднаных шляхах. Яна, служачы тым, хто найбольш мае патрэбу; ён, кіруючы сваёй дыяцэзіяй. Гэта рэдкая і кранальная гісторыя, у якой вера, перададзеная ад маці, становіцца агульным пакліканнем.
Паводле pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч
