Як манахіня з Бабруйска стала місіянеркай у Камеруне

Два месяцы на місіях у Афрыцы знаходзіцца сястра-дамініканка Максімільяна, якая паходзіць з Бабруйска. Манахіня падзялілася з “Каталіцкім Веснікам” сваімі думкамі і распавяла пра жыццё ў Камеруне.

– Сястра, як Вы апынуліся ў Афрыцы?

– У Афрыцы я апынулася па ўласным жаданні. У нашым ордэне няма такога абавязковага служэння сясцёр недзе ў місійных далёкіх краінах. Павінна быць асабістае жаданне самой манахіні. Я дзесьці каля дзесяці гадоў таму першы раз спытала, ці магчыма, каб сястра з Беларусі паехала на місіі за мяжу. Аднак на самым пачатку манаскага служэння, калі праходзіла фармацыя, гэта было складана ажыццявіць.

– Чаму Камерун?

– У Камеруне ўжо працавалі і працуюць нашы сёстры-дамініканкі. Тут у нас чатыры кляштары, дзе служаць манахіні. Таму гэта бралася за аснову. Пасля таго, як у Камерун прыбылі першыя сёстры, доўгі час на дапамогу больш ніхто не прыязджаў. Не было асаблівай падтрымкі. Я часта чула, што сёстрам у Афрыцы неабходная дапамога. Таму хацелася хутчэй туды паехаць.

– Вы толькі два месяцы ў Афрыцы. Хацелася б даведацца, з чым адразу давялося сутыкнуцца пасля прыезду ў Камерун і якімі былі першыя думкі?

– Пасля прылёту сюды я адчула нейкі новы і незнаёмы пах… Аднак такога глабальнага шоку я не перажыла. Цяжкасці крыху ўзніклі ў перыяд адаптацыі. Афрыка – зусім іншы кантынент, таму на целе і псіхіцы гэта адчувалася таксама. Складана апісаць… Адчуваеш сябе не вельмі добра ў фізічным плане, але немагчыма зразумець да канца, што здарылася. Тады сёстры мне сказалі, што так праходзіць адаптацыя. Таксама толькі прыляцеўшы сюды, я зразумела, як далёка знаходжуся ад Беларусі.

Я ехала з такім падыходам, што прыму ўсё тое, што пабачу. Стараюся прымаць незвычайныя для мяне рэчы з разуменнем таго, што тут яны так функцыянуюць. Напрыклад, зараз мяне здзіўляе адсутнасць правіл дарожнага руху. Я не магу да гэтага прызвычаіцца. Здзіўляе, колькі чалавек можа змясціцца на маленькім мапедзе. Можа, шэсць ці восем, а яшчэ шмат розных сумак. А ў машыне можа змясціцца нават шаснаццаць чалавек. Аказваецца, у багажніку можа ехаць шэсць асобаў, усе такія радасныя і шчаслівыя некуды накіроўваюцца.

– Раскажыце крыху пра рэгіён, у якім Вы служыце?

– Я служу ў горадзе Гаруа-Булаі, які знаходзіцца на мяжы з Цэнтральнай Афрыкай, дзе зараз працягваецца вайна. На дадзены момант сітуацыя там больш стабільная. Побач ёсць ваенныя блокі, якія нас абараняюць.

Знаходзячыся тут, я заўсёды забываю, што Гаруа-Булаі – гэта горад. Хутчэй, можна параўнаць з вёскай, бо тут няма нават шматпавярховікаў. Дзевяноста пяць працэнтаў мясцовага насельніцтва – мусульмане. Астатнія ў асноўным хрысціяне. На тэрыторыі нашай парафіі ёсць некалькі каталіцкіх капліц, касцёл зараз будуецца. У нядзелю адпраўляюцца тры святыя Імшы. Парафія мае свайго пробашча і вікарыя ўжо з мясцовых пакліканняў. Ёсць святар, які займаецца каталіцкім каледжам. Ён таксама часта дапамагае пры парафіі па неабходнасці. Фактычна па ўсіх вёсках, у якія мы даязджаем, ёсць каталіцкія або пратэстанцкія каплічкі. Гэта залежыць ад таго, якія місіянеры першымі прыехалі ў гэту мясцовасць. Першымі, хто прыбыў у Камерун, былі пратэстанты. Таму ёсць вёскі, якія цалкам пратэстанцкія. У асноўным мы наведваем тыя месцы, дзе змешанае веравызнанне. Таксама амаль у кожнай вёсцы ёсць мячэці.

– Як выглядае Ваш звычайны дзень?

– На дадзены момант я ўваходжу ў пэўны рытм і дапамагаю сёстрам у іх служэнні. Прачынаемся рана. А 5.20 ужо пачынаецца медытацыя. Потым мы едзем на Імшу. Перад ёй разам з парафіяй і пробашчам молімся “Ютрань”. Пасля Імшы мы вяртаемся ў кляштар на сняданне. Потым я іду ў наш дыспансер і знаходжуся там з восьмай да дванаццатай. Сюды прыходзяць хворыя, іх абследуюць. Я дапамагаю людзям з прыёмам пэўных лекаў, падрыхтоўваю кропельніцу. Штодня тут каля двухсот хворых. Пасля абеду і невялікага перапынку я дапамагаю сястры з дзецьмі, якія ўдзельнічаюць у праграме “Усынаўленне на адлегласці”. У асноўным гэта польскія сем’і, якія згадзіліся дапамагаць фінансамі пэўнаму дзіцяці ў Афрыцы. Часцей за ўсё тым, хто з няпоўных сем’яў або сіротам. Замежныя сем’і аплачваюць ім школу, бо яна ў Афрыцы дарагая, а бясплатнага навучання тут няма. Тых, хто да нас прыходзіць, мы кормім, гуляем з імі. У нас ёсць пляцоўка, якую дзеці вельмі любяць. Таксама стараемся, каб яны ўсебакова развіваліся. Сюды прыходзяць не толькі католікі, але і пратэстанты, і мусульмане. Калі мы разам з імі молімся, узнікаюць пэўныя цяжкасці праз мусульман, таму што яны не могуць маліцца разам з намі. Па гэтай прычыне стараемся іх раней адпусціць дамоў, хоць яны і не хочуць сыходзіць. Дзеці ў нас знаходзяцца прыкладна да 17.00. Потым мы ідзём на малітву і вячэру, пазней – на адарацыю і “Камплету” – апошнюю малітву дня.

Мяне ўразіла тут тое, што план малітвы ў сясцёр ніяк не змяняецца і ўсе яго выконваюць, нягледзячы на тое, што ў кожнай з нас вельмі розныя віды дзейнасці, складаныя і актыўныя. Мне гэта вельмі дапамагае.

– Якія каштоўнасці для мясцовых жыхароў найбольш важныя?

 – Для мясцовых каштоўнасцю з’яўляецца адукацыя, але вельмі вялікая колькасць людзей тут яе не мае. Шмат дзяцей і дарослых не ўмее чытаць, яны не могуць напісаць нават сваё імя, не ведаюць алфавіта. Не маюць простага разумення таго, каторая зараз гадзіна. Ведаюць проста, што зараз ранак або вечар.

Калі чалавеку ўдаецца атрымаць адукацыю, то гэта вялікі поспех. Бывае такое, што дзіця своечасова нічому не навучылі. Калі пачынаеш праходзіць, напрыклад, літары з малымі дзецьмі, старэйшыя часта не могуць справіцца з вялікім аб’ёмам інфармацыі, за што іх выдаляюць са школы. Выдаляюць і за дрэнныя паводзіны, і з та тое, што не здаюць канчатковыя экзамены.

Велізарнай каштоўнасцю для камерунцаў з’яўляецца сям’я, дзеці. Аднак разумення таго, што ў цябе адзін муж ці адна жонка, няма. Сакрамант сужэнства ўвогуле рэдкая з’ява для Камеруна. У год бывае да трох шлюбаў. Пары вельмі баяцца гэтага сакраманта, бо яны ўвогуле не ўпэўненыя, што будуць разам усё жыццё, часта мяняюцца партнёрамі. Тыя ж, хто бярэ шлюб, гэта пары ад сарака да шасцідзесяці гадоў. Бывае, што ёсць сям’я, а мама пакідае ноччу дом і больш не вяртаецца. Шасцёра дзяцей застаюцца з татам. Такіх сітуацый, на жаль, вельмі шмат.

Вялікае значэнне мае праца, але не ўсе імкнуцца яе знайсці. Мы дапамагаем дзяўчатам скончыць курсы шыцця. Часам яны працуюць у нас пры манастыры, збіраючы пэўную суму сабе на машынку, каб потым зарабляць на жыццё. Шыццё тут вельмі запатрабаванае. Хлопчыкаў мы адпраўляем на курсы электрыкі і будаўніцтва.

Людзі тут вельмі пабожныя. Аднак разам з тым у іх засталася вялікая вера ў тое, што пакінулі іх продкі. Фактычна ў кожнай мясцовасці ёсць вядзьмак, да якога рэгулярна прыходзяць людзі, сярод якіх таксама і  нашы вернікі-парафіяне.

– А што з голадам і нястачай?

– Тыя бедныя дзеці, якімі займаемся мы, ядуць у лепшым выпадку раз на дзень – увечары. Гэта адбываецца, калі родныя знайшлі штосьці, каб іх накарміць. Адна справа – паглядзець на голад і нястачу на малюнках у інтэрнэце. І зусім па-іншаму гэта адчуваеш, калі ідзеш побач з гэтымі бруднымі дзецьмі ў парваным адзенні, калі яно ўвогуле ёсць. Бацькі дзяцей асабліва не даглядаюць. Рэдка здараецца, што маці рэгулярна мые сваё дзіця, і яно выглядае ахайна. Калі ж няма маці, мала хто клапоціцца пра такіх сірот. Часам суседзі могуць даглядзець дзіця, але такое здараецца рэдка.

Распавяду адну гісторыю. У сям’і нарадзілася немаўля, шостае ці сёмае па ліку. А бацькі не мелі працы, не было чым карміць дзяўчынку. У маці прапала малако. Дзіця доўга ляжала без ежы і магло памерці з голаду, было моцнае абязводжванне. Наша сястра выпадкова яго знайшла. Немаўля, дзякуй Богу, выратавалі.

Таксама вельмі балюча глядзець на дзяцей, у якіх ад голаду ўздутыя жываты і свецяцца рэбры.

– Якія сёстры служаць разам з Вамі?

 – Усяго ў Гаруа-Булаі пяць сясцёр. Дзве нашыя сястры працуюць у дыспансеры. Адна сястра з Польшчы ў Афрыцы ўжо дваццаць шэсць гадоў. Другая сястра, камерунка, у кляштары служыць ужо шаснаццаць гадоў. “Усынаўленнем на адлегласці” займаецца таксама яшчэ адна сястра – Рахэль з Польшчы. Яна ездзіць ва ўсе суседнія вёскі і праводзіць там катэхезы. Я ёй стараюся дапамагаць. Яе дзейнасць вельмі разнастайная. Часта цяжка запланаваць дзень, бо раніцай заўсёды штосьці адбываецца: хтосьці папрасіў тэрмінова дапамагчы, недзе хтосьці памірае, а хуткай дапамогі няма і гэтак далей…

Напрыклад, аднойчы здарылася наступная гісторыя. Прыбягаюць дзве дзяўчынкі ў слязах, гаворачы, што не вернуцца дамоў. Аказваецца, яны ўцекачы з Цэнтральнай Афрыкі. Іх маці займаецца прастытуцыяй, а яны баяцца вяртацца, бо мама стала прыводзіць кліентаў дамоў, дзе таксама яшчэ жывуць маленькія дзеці. Гэтыя дзяўчынкі прасілі сястру Рахэль, каб яна паехала з імі і пагаварыла з мамай. Сітуацыя складаная, але праз некаторы час мы знайшлі ім альтэрнатыву. На дадзены момант маці ўжо не займаецца прастытуцыяй, яна цырульнік. Старэйшыя дзяўчынкі пайшлі ў школу, малодшыя таксама. Але, каб гэта сітуацыя вырашылася, неабходна было прыкласці шмат намаганняў. І такіх гісторый можна пералічыць вельмі шмат.

Ёсць яшчэ адна сястра-настаяцельніца, якая доўгі час працавала ў Камеруне ўрачом-стаматолагам. Яна ўжо на пенсіі і гатуе ежу ў нашым кляштары, што вельмі палягчае наша функцыянаванне. Таксама яна шые розныя неабходныя рэчы, напрыклад, нам хабіты.

– Цікава, а што з мясцовымі пакліканнямі?

– На дадзены момант у нашым дамініканскім кляштары ёсць дзве манахіні з Камеруна, якія склалі вечныя шлюбы. І адна сястра-камерунка, якая зараз праходзіць фармацыю ў пастулаце. Пакліканняў не шмат, бо сем’і не хочуць, каб дзяўчаты ішлі ў манастыр. Бацькі прапаноўваюць адразу нарадзіць дзіця, а потым станавіцца манахіняй. Аднак такое ў нас немагчыма. У Афрыцы ж лічыцца, што кожная жанчына павінна нарадзіць дзіця. Яны нават лічаць, што калі мы выязджаем дзесьці на канікулы, то едзем, каб нарадзіць дзіця. Нават калі мы адсутнічаем толькі месяц. Ім цяжка зразумець сутнасць паклікання і жыцця ў кляштары. Цікава, што ў франкамоўнай частцы Камеруна пакліканняў менш, чым у англамоўнай. Але ў афрыканскіх семінарыях і ордэнах праблем з пакліканнем няма. Мы ж з’яўляемся польскай кангрэгацыяй, таму ёсць пэўныя пытанні. Можа, нават таму, што мы “белыя”. Тут да белых таксама свой падыход: гаспадар – раб. Яны так лічаць, мы ж так не думаем. І пакуль гэтыя межы не знікнуць, будуць пэўныя цяжкасці.

– Хутка Каталіцкі Касцёл распачынае Адвэнт. Як у Камеруне праходзіць гэты час?

– У Камеруне няма Раратаў адмысловай святой Імшы ў перыяд Адвэнту. І калі мы падрыхтоўваем дзяцей да Божага Нараджэння, то не робім акцэнту на тым, што дзеці павінны ад чагосьці адмовіцца. Бо ў большасці няма ад чаго адмаўляцца, тут часта няма нават самага неабходнага для жыцця. У часе Адвэнту асаблівую ўвагу звяртаем на тое, каб вернікі рабілі нейкія добрыя ўчынкі і дапамагалі бліжнім.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку