На працягу кастрычніка 2026 года Папа Леў XIV заклікае маліцца за душпастырства людзей з псіхічнымі захворваннямі. Папская сусветная сетка малітвы апублікавала відэаролік з інтэнцыяй Святога Айца.
“Молімся, каб ва ўсім Касцёле было створана душпастырства псіхічна хворых, якое дапаможа пераадолець стыгматызацыю і дыскрымінацыю людзей з псіхічнымі захворваннямі” – так гучыць малітоўная інтэнцыя Пантыфіка.
У відэароліку, апублікаваным 1 кастрычніка 2026 года ў межах кампаніі “Молімся з Папам”, Леў XIV даверыў Божай апецы людзей, якія пакутуюць ад трывожнасці, дэпрэсіі і іншых псіхічных захворванняў.
У малітве Святы Айцец узнёс да Бога просьбу аб прабачэнні за неадчувальнасць і недастатковую ўвагу да людзей, якія пакутуюць ад псіхічных захворванняў. Ён таксама выказаў жаданне, каб вернікі вучыліся схіляцца над ранамі пакутуючых па прыкладзе Добрага Самараніна.
“Прабач нам за тыя выпадкі, калі мы адводзілі позірк, спрыяючы стыгматызацыі і дыскрымінацыі людзей з псіхічнымі захворваннямі. Няхай Твой Касцёл будзе адкрытым домам, бяспечнай прасторай, дзе кожны мае сваё месца, супольнасцю, якая суправаджае, а не выключае, слухае без асуджэння і набліжаецца без страху”, — сказаў Папа.
Пантыфік згадаў таксама спецыялістаў, родных і валанцёраў, якія з цярпеннем і любоўю падтрымліваюць людзей з псіхічнымі захворваннямі. Ён заклікаў Касцёл развіваць душпастырскую ўвагу да іх, спрыяючы прыняццю і падтрымцы людзей з псіхічнымі цяжкасцямі і ўключэнню клопату пра псіхічнае здароўе ў жыццё хрысціянскіх супольнасцяў.
Паводле “Mental Health Atlas 2024”, справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за мільярд людзей у свеце сутыкаюцца з псіхічнымі захворваннямі. Аднак на псіхічнае здароўе ва ўсім свеце выдзяляецца толькі каля 2% сродкаў, прызначаных на ахову здароўя.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!