Ідзём у пілігрымку. Разам з дзецьмі?

Лета – асаблівы час, калі па ўсёй Беларусі, дзе б вы ні жылі, пачынаецца неверагодны час пілігрымак. Гэта добры час, каб сустрэцца з Езусам Хрыстом і Яго Маці ў малітве, ахвяраваць цяжкасці шляху, занесці свае асаблівыя інтэнцыі.

Але пілігрымка патрабуе шмат высілкаў, асабліва, калі ў сям’і ёсць маленькія дзеці. Сёння мы разгледзім пяць парадаў, як падрыхтавацца да пілігрымкі, калі ты – мама.

  1. А ці варта браць дзяцей?

На гэтае пытанне ніхто не дасць вам адназначнага адказу. Такое рашэнне вельмі індывідуальнае і прымаецца толькі ў вашай сям’і. Варыянты могуць быць самымі рознымі: адны бацькі ходзяць разам з дзецьмі з маленства і адчуваюць вялікую асалоду ад шляху і прыбывання разам; для некаторых найлепшым варыянтам будзе супольная пілігрымка бацькоў, у якой мама і тата, пакінуўшы дзяцей сваякам, правядуць некалькі дзён шляху і малітвы разам. Ёсць і іншы варыянт: у пілігрымку ідзе адна мама. Мама, якая патрабуе перазагрузкі, “рэкалекцый у дарозе”, новых знаёмстваў і прыбывання ў супольнасці, што адрозніваецца ад той, у якой яна прыбывае штодня.

Самае правільнае – гэта ўзважанае рашэнне, што прыме менавіта вашая сям’я.

  1. Не бойцеся шукаць дапамогі

Калі мама вырашае браць дзяцей у пілігрымку, варта зразумець, якая дапамога патрэбная і хто канкрэтна можа дапамагчы.

Тут вельмі важна стаць самой перад сабой у праўдзе і зразумець: пілігрымка з дзецьмі – шматзадачная нялёгкая справа, і варта не браць усё на сябе, а вучыцца прасіць дапамогі. Паверце, у супольнасці пілігрымаў абавязкова знойдуцца людзі, якія жадаюць і здольныя вам дапамагчы.

Яшчэ адно пытанне, каторае павінна паставіць сабе мама падчас падрыхтоўкі да пілігрымкі: якой менавіта дапамогі я патрабую? Гэта, перш за ўсё, залежыць ад узросту дзяцей.

  1. Спіс самых важных рэчаў

Сёння большасць арганізатараў пілігрымак піша, якія рэчы трэба браць з сабой. Маме патрэбны свой спіс, вельмі падрабязны, дзе ў самых дробных дэталях прапісана, што ўзяць і ў якой колькасці. Калі спіс складзены, трэба яго прааналізаваць, магчыма, выкрасліць нейкія рэчы, а нейкія дапісаць. Патраціўшы час на спіс, вы зэканоміце яго, калі будзеце збіраць рэчы.

  1. Шчырая размова з дзецьмі

Перад тым, як збірацца ў пілігрымку, паразмаўляйце з дзецьмі. Раскажыце пра тое, што такое “пілігрымка”, чым яна адрозніваецца ад звычайнага вясёлага падарожжа. Абмяркуйце разам правілы паводзінаў, абавязкова абазначце, чаго катэгарычна нельга рабіць. Таксама варта расказаць, з якімі цяжкасцямі вы сустрэнецеся…. Але ўсё гэта потым. Найперш абмяркуйце, чаму вы ідзяце ў гэты шлях, што цікавага вас там чакае, якія радасці вас абавязкова напаткаюць.

  1. Малітва даверу да Пана Бога

У сэрцы кожнай мамы шмат перажыванняў. Падчас пілігрымкі з дзецьмі яны прысутнічаюць таксама. Але, калі вы вырашыліся на такі крок, аддайце ўсе перажыванні Галоўнаму Кіраўніку любой пілігрымкі.

Няхай вашаму шляху папярэднічае шчырая малітва і давер Езусу Хрысту і Яго Маці ў кожнай цяжкай сітуацыі!

Плённага пілігрымавання, дарагія мамы!

Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей

для друку для друку