Гродзенскай семінарыі – 35 гадоў!

28 жніўня споўнілася 35 гадоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. За час свайго існавання ўстанова падрыхтавала амаль 230 выпускнікоў, у тым ліку пяцярых біскупаў. І традыцыі навучання не спыняюцца: сёлета ў гродзенскую семінарыю было залічана яшчэ 11 навучэнцаў.

У паваеннай Беларусі каталіцкіх навучальных установаў не існавала зусім.

Кандыдаты на святарства мусілі навучацца або неафіцыйна, як у падпольнай семінарыі ксяндза Вацлава Пянткоўскага ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна, каторую скончылі сярод іншых біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец, або ехаць у балтыйскія рэспублікі СССР – у Латвію ці Літву, у семінарыі Каўнаса ці Рыгі.

І вось падчас Перабудовы, 28 жніўня 1990 года, Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі, якая тады ахоплівала ўсю Беларусь, Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Духоўную семінарыю ў Гродне. Навучальная ўстанова размясцілася ў мурах былога кляштара айцоў-бернардынаў, які быў пабудаваны ў XVII стагоддзі і канфіскаваны савецкай уладай у 1940 годзе. Толькі 17 жніўня 1990 года кляштар вярнулі вернікам.

Заступнікамі семінарыі былі абраныя Найсвяцейшая Панна Марыя, Беззаганна Зачатая, святы Міхал Арханёл і святы Юда Тадэвуш, Апостал. На першы курс было залічана 37 навучэнцаў: 15 чалавек з Гродзенскай вобласці, 9 чалавек з іншых абласцей Беларусі, 12 чалавек з Украіны і 1 чалавек з Грузіі.

17 чэрвеня 1995 года ўпершыню ў гісторыі семінарыі адбылося пасвячэнне ў сан святара: гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч пасвяціў двух дыяканаў – Юзафа Станеўскага і Юзафа Ганчыца.

У першыя месяцы семінарыя адчувала вялікія побытавыя цяжкасці: у кляштары, што за савецкім часам выкарыстоўваўся як упраўленне судовай экспертызы, не хапала жылых памяшканняў, навучальных аўдыторый, не было кухні, многія памяшканні мелі патрэбу ў рамонце. Тым не менш, паступова жыццё і навучанне наладжваліся. У 1997 годзе была адкрытая семінарыйная бібліятэка, кнігазбор якой налічвае амаль 20 тыс. тамоў і 80 найменняў часопісаў. У 2000 годзе скончылася будаўніцтва актавай залы.

З 2001 года, калі была ўтвораная Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, гродзенская семінарыя засяродзілася на навучанні выхадцаў са сваёй дыяцэзіі. Але ў 2018 годзе семінарыя зноў атрымала статус міждыяцэзіяльнай. А ў 2024-м яна агулам засталася адзінай у Беларусі.

Як адзначае сайт семінарыі, падчас навучання на святарства семінарысты атрымліваюць усебаковую фармацыю: чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і душпастырскую. Само навучанне працягваецца сем гадоў. “У семінарыі тыя, каго кліча Пан, рыхтуюцца служыць людзям як святары, будуючы сувязь з Богам і сувязі паміж людзьмі ўнутры касцельнай супольнасці. Такім чынам, семінарыя адыгрывае значную ролю ў развіцці рэлігійнага жыцця і хрысціянскай культуры. Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя выконвае гэтую функцыю. Святары, якія выходзяць з Almae Matris Grodnensis, прымаюць на сябе гэтую місію Касцёла”, – адзначыў у сваім віншаванні ў сувязі з 35-годдзем выхавальнікам, выкладчыкам, студэнтам і супрацоўнікам семінарыі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, а адначасова былы яе шматгадовы рэктар і адзін з яе першых выпускнікоў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.

Чвэрць тысячы выпускнікоў

Агулам, як расказалі “Каталіцкаму Весніку” ў гродзенскай семінарыі, на сённяшні дзень лічба яе выпускнікоў складае 227 чалавек. Апроч ужо згаданага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, гэта віцэ-старшыня ККББ, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, генеральны сакратар ККББ, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Таксама выпускнікамі семінарыі з’яўляюцца ксёндз-прэлат Аляксандр Рагіня – сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі і ксёндз Аляксандр Амяльчэня – кіраўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, ксёндз-канонік Юрый Ясевіч – прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, ксёндз Павел Эйсмант – дырэктар парталу Catholic.by, ксёндз-канонік Юрый Санько – прэс-сакратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Апошнія дваццаць гадоў выпускнікі гродзенскай семінарыі непарыўна самі ўзначальваюць яе на пасадзе рэктара: з 2005 года гэта быў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, з 2014 года – ксёндз-канонік Раман Рачко, з 2018 года – ксёндз-канонік Віталь Вайцяхоўскі.

Большасць выпускнікоў нясе святарскае служэнне ў Беларусі, выконваючы розныя адказныя функцыі і розныя душпастырскія служэнні.

Аднак таксама выпускнікі семінарыі служаць у іншых краінах: у Германіі, Іспаніі, Польшчы, Украіне, Італіі.

Найбольшая частка выпускнікоў паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі – больш за 150 святароў. Але ў цэлым геаграфія іх паходжання вельмі разнастайная і ахоплівае самыя розныя гарады, мястэчкі і вёскі Беларусі: Гродна, Ліду, Гомель, Брэст, Мінск, Баранавічы, Ваўкавыск, Маладзечна, Нясвіж, Браслаў, Мёры, Глыбокае і іншыя. Найбольшая ж колькасць святароў і семінарыстаў з адной парафіі выйшла з Ваўкавыска, з парафіі святога Вацлава.

Шмат выпускнікоў па сканчэнні гродзенскай семінарыі таксама здабывала навуковыя ступені ў розных краінах, напрыклад, у Польшчы, Італіі, Германіі, Іспаніі.

Сёлета на першы курс Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне паступіла 11 семінарыстаў. З іх чацвёра – з Гродна, двое – з Гомеля, а рэшта – з Бабруйска, Варнянаў (Астравецкі раён), Глыбокага, Іўя і Парэчча (Гродзенскі раён). Як адзначаюць медыі, гэта чарговы рэкорд апошніх гадоў. Гэтак, летась у семінарыю было залічана дзесяць абітурыентаў, а годам раней жаданне стаць святарамі выказалі ўсяго чатыры хлопцы.

Агулам новы 2025-2026 навучальны год, які пачаўся другога верасня, у гродзенскай семінарыі распачне 45 семінарыстаў. Сярод іх 31 паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі, сем – з Віцебскай, чатыры – з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і тры – з Пінскай дыяцэзіі.

Кіраўніцтва семінарыі просіць людзей добрай волі маліцца за іх, а таксама за новыя пакліканні да святарства.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку