30 чэрвеня падчас сямейнай пілігрымкі ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай адбудзецца прэзентацыя настольнай гульні «Гранат з Будслава», паведамляе Catholic.by.
Натхненнем для стварэння гульні стала выява граната на цудадзейным абразе Маці Божай Будслаўскай, які з’яўляецца сімвалам еднасці Касцела.
Ілюстратар Кацярына Фільмановіч выбрала для гульні яскравыя колеры, каб гульня змагла зацікавіць не толькі школьнікаў, але і дашкалят. Маці з маленькімі дзецьмі могуць выкарыстоўваць гульню у якасці сортэра.
Гульня «Гранат з Будслава» была распрацавана з мэтай стварыць альтэрнатыву гаджэтам у падарожжах.
Яна распрацавана такім чынам, каб яе камфортна было браць з сабою не толькі ў паездкі на аутамабілі, але таксама на цягніку і самалеце.
Набыць гульню ў Будславе можна будзе ў кіёску «Радыё Марыя». Усе сродкі, якія атрымаецца сабраць, будуць перададзены на аднаўленне будслаўскай святыні, пашкоджанай пажарам.
