«Гэта цуд». Агонь спапяліў 1700 будынкаў, касцёл Маці Божай Пераможнай застаўся некранутым

Вакол руіны, спаленыя будынкі, дымяць ствалы дрэў — і пасярод папялішча невялічкі каталіцкі касцёл, акружаны зялёнымі дрэвамі, некрануты, нават не счарнелы. «Гэта цуд», — кажуць жыхары вёскі Лахайна, якая знаходзіцца ў акрузе Маўі на Гаваях.

Відэа, якое разышлося па сацыяльных сетках, сапраўды ўражвае. Нават фасад касцёла не быў запэцканы ад дыму і попелу. У горадзе з менш чым 13 тысячамі жыхароў за гэты час згарэла больш за 1700 будынкаў, а паводле апошніх звестак, загінула сто чалавек. USA Today спытала парафію аб праўдзівасці запісу — парафіяльная канцылярыя пацвердзіла, што святыня сапраўды перажыла моцны пажар.

Як паведамляе ETWN, касцёл, які ацалеў пасля катастрофы, прысвечаны Маці Божай Пераможнай і стала «знакам надзеі для мясцовай супольнасці». Пробашч парафіі кс. Тэрэнс Ватанабэ сказаў мясцовым СМІ: «Для нас гэта цуд. Калі мы ўбачылі навіны і ўбачылі касцельную вежу, якая ўзвышаецца над горадам, гэта было цудоўнае відовішча».

Касцёл, будаўніцтва якога было завершана ў 1873 г., належыць невялікай парафіі ў некалькі тысяч чалавек, заснаванай у 1846 г. айцом Обертам Буёнам з Кангрэгацыі Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі. Менш пашанцавала ў пажары пратэстанцкай царкве, якая ў маі адзначыла сваё 200-годдзе. Як паведаміла пастар Алена Роза, будынкі пратэстанцкай царквы цалкам згарэлі.

Паводле deon.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку