Фудтрак, бліны і евангелізацыя! Французскі святар знайшоў ключ да сэрцаў бедных

А. Мацьё Ле Меррэр, пробашч у Пуацье (Францыя), запусціў фудтрак, які ездзіць па вуліцах горада і частуе блінамі бедных! Ежа і бліны для Хрыста.

Гэта незвычайная ідэя а. Мацьё Ле Меррэра, пробашча парафіі Сэнт-Аньес у Пуацье. Карэнны брэтонец толькі што запусціў фудтрак і мабільную блінную, якія сёння аб’ядноўваюць каля дзесяці валанцёраў. На невялікім фургоне яны адправіліся сустракаць жыхароў рабочых раёнаў Пуацье.

«Першая мэта — сустрэцца з людзьмі, знайсці час, каб проста і непасрэдна іх выслухаць», — тлумачыць а. Мацьё Ле Меррэр. «Ёсць раёны са складанай сацыяльнай абстаноўкай або раёны, дзе людзі бачаць мала людзей».

Гэты праект нарадзіўся ў галаве 39-гадовага святара, калі ў 2022 годзе ён адзначаў 10-годдзе свайго святарства. «Я спытаў сябе, як я бачу сваё святарскае служэнне ў бліжэйшыя гады», — распавядае а. Мацьё. «Фудтрак нарадзіўся з жадання не абмяжоўваць сваё служэнне практыкай пакланення, я таксама хацеў сустракацца з людзьмі без бар’ераў. Я хацеў, каб гэта былі сустрэчы, падчас якіх мы маглі б абмеркаваць самыя важныя тэмы жыцця і веры».

Час і лаяльнасць

Для айца Мацьё асновай для такіх сустрэч аказалася простая брэтонская страва — бліны. «Гэта адзінае, што я ўмею рабіць», — усміхаецца ён. «Не думаю, што я кароль бліноў, але яны добрыя!» Недарагія, яны добра падыходзяць для стварэння сяброўскай атмасферы. «Любы чалавек можа атрымаць блін. Мы таксама практыкуем сістэму, калі людзі могуць заплаціць за блін таго, хто не можа сабе гэтага дазволіць», — адзначае святар.

Фудтрак цалкам абсталяваны, уключаючы неабходную брэтонскую блінніцу.

Рэалізацыя ідэі пакуль што знаходзіцца на ранняй стадыі: першая паездка адбылася 8 красавіка, у раёне Труа-Сітэ, на поўдзень ад горада. «Людзі пакуль назіраюць, па духоўным вымярэнні пытанняў не было». Але малады святар не спяшаецца. «Сустрэчы патрабуюць часу і лаяльнасці», — адзначае ён.

«Гэта немагчыма зрабіць за дзве хвіліны, да гэтага трэба прывыкнуць. І гэта тым лепш, бо вернасць — гэта прыгожая рэчаіснасць нашай веры. Бо акрамя прыгатавання бліноў, валанцёры распачалі перш за ўсё евангелізацыю. «Першым актам гэтай евангелізацыі з’яўляецца слуханне і знаёмства з іншымі, пра што ўжо згадвалі ў свой час вялікія святыя», — запэўнівае святар.

На дадзены момант каманда фудтрака плануе адну паездку на тыдзень у маі, перад летнімі канікуламі. «Але перад тым, як зноў адправіцца ў дарогу, яшчэ шмат чаго трэба зрабіць: акрамя тэхнічных дэталяў, далікатным пытаннем застаецца кіраванне запасамі», — са смехам адзначае а. Мацьё.

pl.aleteia.org
фота: Frère Truck/Facebook
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку