Фэст святога Юрыя ў капліцы ў Барсуках

23 красавіка Касцёл адзначае ўспамін святога Юрыя, аднаго з найбольш легендарных святых. Святы Юрый – хрысціянскі мучанік, воін Хрыста, якога ўшаноўваюць ва ўсім свеце. Святы Юрый – нябесны заступнік Пінскай дыяцэзіі, а таксама Літвы, Швецыі, Англіі, Галандыі, Германіі. Святы Юрый лічыцца апекуном вайскоўцаў, сялян і скаўтаў. Касцёлы ў гонар гэтага святога ёсць ва ўсіх беларускіх дыяцэзіях.

Парафія Святой Сям“і і Св. Велікамучаніка Юрыя ёсць і ў Віцебскай дыяцэзіі ў вёсцы Барсукі Докшыцкага раёна. Пробашча парафіі завуць кс. Юрый Бараўнёў. Таму ў нядзелю 23 красавіка ў невялікую, але вельмі прыгожую капліцу завітала шмат гасцей: кс. Сяргей Бараўнёў, кс. Алег Півавар, кс. Эдвард Ахрамовіч, а. Тадэвуш Кавальскі, куратар падрыхтоўчага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Павел Эйсмант разам з навучэнцамі Станіславам Бервячонкам і Львом Ляховічам.

Святую Імшу ўзначаліў родны брат пробашча парафіі кс. Сяргей Бараўнёў, які разам з іншымі святарамі маліўся ў інтэнцыі імянінніка. Кс. Юрый Бараўнёў ахвяраваў св. Імшу за парафіян, каб заступніцтва св. Юрыя дапамагала ім жыць паводле хрысціянскай веры і ўзрастаць у святасці.

Падчас гаміліі кс. Павел Эйсмант грунтоўна пазнаёміў вернікаў з жыццём і мучаніцтвам св. Юрыя, заахвоціў усіх быць мужнымі сведкамі Хрыста.

Пасля св. Імшы парафіяне скіравалі словы віншавання і шчырай удзячнасці свайму пробашчу Юрыю Бараўнёву.

На заканчэнне ўрачыстасці адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, Літанія да св. Юрыя, спеў гімна «Цябе, Бога, праслаўляем».

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку