Дзеці з Браслава разам з біскупам Алегам Буткевічам далучыліся да акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы»

18 кастрычніка тэлемост злучыў арганізаваныя групы ў пяці гарадах Беларусі: Мінску, Магілёве, Браславе, Гомелі і Гродне.

Распачалася сустрэча з прывітальнага слова сакратара Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь кс. Кшыштаф Сарокі, які ўпершыню далучыўся да акцыі і ад імя Папы Францішка перадаў ружанец, што вырушыць у малітоўную вандроўку па беларускіх парафіях. Пасля прысутныя біскупы ў розных кутках Беларусі блаславілі ружанцы і распачалася малітва Хвалебнымі таямніцамі святога Ружанца, падчас якіх дзеці разам прамаўлялі і спявалі самыя вядомыя хрысціянскія малітвы.

Распачалі маленькія вернікі, сабраныя ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску разам з прысутнымі арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам і Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім. Эстафету ад іх пераняў Магілёў. Трэцюю таямніцу спявалі дзеці, сабраныя ў Браславе разам са сваім Ардынарыем і Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам. Таямніцу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі вялі маленькія вернікі з Гомеля. Пятую хвалебную таямніцу разважалі ўдзельнікі з Гродна, якія маліліся разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя.

З заключным словам да ўсіх звярнуўся біскуп Алег Буткевіч: «Гэтая малітва, якая плыла з мільёнаў шчырых сэрц дзяцей напэўна будзе той моцай, якая з’яднае для сучаснага свету, для нашай краіны, для кожнага чалавека так патрэбны сёння супакой. Веру моцна, што гэтак станецца».

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку