Дыялог спыняецца, дыялог аднаўляецца

Копцкая царква св. Марка ў Каіры (Егіпет)

Першае паўгоддзе 2026 года адзначылася важнымі навінамі адносна дыялогу Каталіцкага Касцёла з рознымі іншымі хрысціянскімі канфесіямі. З аднаго боку Копцкая Праваслаўная Царква вырашыла аднавіць багаслоўскі дыялог з Касцёлам пасля больш чым двухгадовага перапынку. З іншага – найбуйнейшае ў Еўропе пратэстанцкае аб’яднанне заявіла пра яго прыпыненне.

Копты вяртаюцца да сяброўства

Копцкая Праваслаўная Царква – гэта старажытнаўсходняя канфесія, якая аддзялілася ад адзінага Касцёла яшчэ ў 451 годзе. Ахоплівае яна перадусім Егіпет, а колькасць яе вернікаў ацэньваецца недзе ад 10 да 25 мільёнаў чалавек.

Дыялог паміж Копцкай Царквой і Каталіцкім Касцёлам быў актыўны з 1970-х гадоў, пачаўшыся з гістарычных сустрэч паміж Папам Паўлам VI і копцкім Папам Шэнудай III. У 2003 годзе была ўтвораная афіцыйная Сумесная Міжнародная камісія па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і ўсходнімі праваслаўнымі цэрквамі, якая падрыхтавала шэраг узгодненых заяў адносна хрысталагічных пытанняў.

Але ў сакавіку 2024 года Копцкая Царква разарвала багаслоўскі дыялог са Святым Пасадам. Гэта стала адказам на ватыканскую дэкларацыю Fiducia supplicans, прынятую 18 снежня 2023 года. Дакумент дазваляў нелітургічныя блаславенні для параў, якія знаходзяцца ў нетрадыцыйных стасунках, уключаючы аднаполыя. І хоць падкрэслівалася, што такія блаславенні не пацвярджаюць законнасць іх саюзу і не змяняюць вучэнне Касцёла аб шлюбе, копты палічылі гэта непрымальным.

Копцкі свяшчэнны Сінод тады пацвердзіў сваё непрыманне гомасексуальных стасункаў як супярэчных Бібліі і назваў любое блаславенне такіх саюзаў «бласлаўленнем граху». Ён таксама абвясціў пра пераацэнку ранейшага дыялогу і стварэнне новых механізмаў для любога будучага ўзаемадзеяння.

Два гады таму, 22 мая 2024 года, Каір з нагоды прыпынення дыялогу наведаў прэфект Дыкастэрыі веравучэння кардынал Віктар Фернандэс, датычны да падрыхтоўкі Fiducia supplicans. На сустрэчы з копцкім патрыярхам Тавадрасам ІІ ён запэўніваў таго, што Каталіцкі Касцёл адхіляе аднаполыя саюзы і што шлюб магчымы толькі паміж мужчынам і жанчынай. Ён падкрэсліваў поўнае непрыняцце Касцёлам аднаполых саюзаў. Але яго заявы тады даверу ў копцкіх біскупаў не выклікалі.

Сітуацыя змянілася пры новым Папу – Льву XIV, які называў гендарныя пытанні менш важнымі за сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя ды ўзмацніў кантроль над спробамі некаторых святароў ці біскупаў наблізіць дазволеныя ў Fiducia supplicans блаславенні да шлюбу. 15 мая 2026 года, у дзень копцка-каталіцкага сяброўства, Святы Айцец паразмаўляў па тэлефоне з копцкім патрыярхам у «сардэчнай і брацкай атмасферы», каб надаць «новы імпульс» Дню сяброўства і пераадолець перашкоды для дыялогу. Леў XIV таксама накіраваў ліст Тавадросу II, выказаўшы надзею на аднаўленне працы сумеснай камісіі з усімі старажытнаўсходнімі цэрквамі.

І ўжо праз тыдзень пасля тэлефоннай размовы Свяшчэнны Сінод Копцкай Праваслаўнай Царквы на пленарным пасяджэнні 22 мая, у якім прынялі ўдзел 119 біскупаў, пад старшынствам Тавадраса II абвясціў пра аднаўленне дыялогу.

У сваёй заяве Сінод наўпрост звязаў гэта з запэўніваннямі, атрыманымі ад Папы Льва XIV падчас тэлефоннай размовы «адносна небласлаўлення аднаполых параў».

Пратэстанты ставяць дыялог на паўзу

А вось з пратэстанцкімі цэрквамі дыялог, наадварот, прыпыняецца. 24 чэрвеня Ватыкан і найбуйнейшае ў Еўропе пратэстанцкае аб’яднанне – Супольнасць пратэстанцкіх цэркваў у Еўропе – абвясцілі, што прыпыняюць прыкладна на два гады багаслоўскі дыялог. Абодва бакі падкрэслілі, што перапынак не азначае спынення супрацы, а закліканы ацаніць досвед, назапашаны за апошнія гады, і ўдакладніць ўмовы, пры якіх дыялог мог бы працягвацца больш эфектыўна.

Дата аднаўлення пакуль не вызначаная, хоць чакаецца, што новая сустрэча адбудзецца ў 2027 ці 2028 годзе для вызначэння будучага фармату абмеркаванняў.

Як піша выданне Zenit, гэтая заява адбылася, нягледзячы на тое, што стасункі паміж Дыкастэрыяй па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству і Супольнасцю пратэстанцкіх цэркваў у Еўропе з 2018 года прывялі да істотнага тэалагічнага прагрэсу, хоць і без уражлівых прарываў. Згодна з сумесным камюніке, гутаркі паглыбілі паразуменне, дазволілі абодвум бакам сфармуляваць важныя багаслоўскія сцвярджэнні, якія можна прызнаць агульнымі, і дапамаглі выявіць пытанні, каторыя патрабуюць далейшага ўдакладнення.

Супольнасць пратэстанцкіх цэркваў у Еўропе паўстала з Леенбергскага пагаднення 1973 года, аднаго з найбольш значных экуменічных дасягненняў XX стагоддзя. Да яго прыняцця лютэранская і кальвінісцкая цэрквы былі падзеленыя багаслоўскімі спрэчкамі, што ўзыходзяць да Рэфармацыі XVI стагоддзя, уключаючы рознагалоссі датычна прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі, перадвызначэння і аспектаў хрысталогіі. Замест ліквідацыі гэтых дактрынальных адрозненняў Леенбергскае пагадненне прапанавала не лічыць іх прычынамі для царкоўнага падзелу, а ўсталяваць поўнае братэрства ў прапаведніцкім і алтарным служэннях. Гэта дазволіла служыцелям прапаведаваць па-за канфесійнымі межамі, а вернікам – прымаць Святую Камунію ў супольнасцях адно аднаго.

Пазней да гэтай Супольнасці далучыліся і іншыя цэрквы. Сёння яна аб’ядноўвае 96 лютэранскіх, рэфармацкіх, метадысцкіх, вальдэнскіх і абʼяднаных цэркваў у больш чым 30 краінах Еўропы і Паўднёвай Амерыкі, якія прадстаўляюць каля 40 мільёнаў вернікаў.

Сваю мадэль стасункаў Супольнасць прапаноўвала і для дыялогу з Ватыканам, але менавіта яна і ўскладніла адносіны з Рымам. Як піша Zenit, у адрозненне ад звычайных канфесій Супольнасць не мае ані агульнага вызнання веры, ані цэнтральнай кіроўнай улады. Наадварот, яе чальцы захоўваюць свае розныя багаслоўскія традыцыі і сістэмы кіравання.

Для Ватыкана, які прызвычаіўся выбудоўваць дыялог з выразнымі канфесійнымі арганізацыямі (лютэранскімі, англіканскімі, праваслаўнымі і іншымі), такая форма кантакту выявілася складанай для камунікацыі. Менавіта гэтае адрозненне швейцарскі пратэстанцкі багаслоў Рыта Фамас лічыць падмуркам цяперашняга тупіка. Паводле яе, прадстаўнікі Касцёла часта задаюць фундаментальнае пытанне: ад чыйго імя менавіта выступае Супольнасць? Паколькі яна ўключае ў сябе самыя розныя цэрквы, але пры гэтым не зʼяўляецца ні адной з іх паасобку, яе ідэнтычнасць не адпавядае катэгорыям, праз якія Ватыкан гістарычна вёў багаслоўскі дыялог.

Але менавіта гэтую асаблівасць Супольнасць лічыць сваёй вызначальнай характарыстыкай. Яна паўстала для таго, каб паказаць, што цэрквы з розных канфесійных традыцый могуць заставацца самімі сабой, падзяляючы пры гэтым царкоўную еднасць. Таму паўза ў дыялогу падкрэслівае адно з цэнтральных пытанняў, якія стаяць перад сучасным экуменізмам: як варта разумець хрысціянскае адзінства? Ці зʼяўляецца яно перадусім адзінствам паміж рознымі цэрквамі, бачным інстытуцыянальным адзінствам або спалучэннем абодвух? Хоць каталікі і многія пратэстанцкія супольнасці падзяляюць глыбокую прыхільнасць пераадолець даўнія падзелы, яны часта падыходзяць да гэтай мэты па-свойму. І пакуль ніводны з бакоў, падобна, не гатовы адмовіцца ад свайго падыходу, заключае Zenit.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку