Дыялог праз танец. У чацвёрты раз у Паставах прайшоў сямейны баль

14 сямейных пар з Пастаў, Віцебска, Мінска і іншых мясцовасцей сабраліся 31 мая, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, у Паставах, дзе ладзіўся сямейны баль.

Пачатак усяму — малітва

А папярэднічала яму святая Імша ў касцёле Езуса Міласэрнага. Узначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён прывітаў парафіян, арганізатараў сямейнага балю і ўдзельнікаў. Увагу прысутных іерарх засяродзіў на ўрыўку са Святога Пісання пра адведзіны Паннай Марыі Альжбеты, прыгажосць, створаную Богам, выбудоўванні адносін у сям’і. Разам з біскупам святую Імшу цэлебравалі ксёндз-дэкан Пастаўскага дэканату Павел Самсонаў, вікарый парафіі Святога Антонія Падуанскага ксёндз Чэслаў Куцмеж. Разам з вернікамі яны маліліся аб узаемаразуменні і еднасці ў сем’ях, краіне, свеце.

Пасля святой Імшы ўсе адправіліся ў раённы Дом культуры. Яго фае ўпрыгожвалі элегантныя дамы ў яркіх сукенках, галантныя кавалеры ў белых пальчатках. Вядучыя балю Сяргей і Святлана Івановы, Мікалай і Святлана Ожэлі (яны ж арганізатары) прывіталі ганаровых гасцей, удзельнікаў, гледачоў. І загучаў паланэз. Першая пара грацыёзна і велічна задала тон астатнім.

 

Здзіўляе непаўторнай атмасферай

Сямейны баль у Паставах ладзіцца ў чацвёрты раз. Прысутнічала на кожным з іх. І ўсе яны прайшлі на высокім узроўні, у непаўторнай урачыстай атмасферы, ад якой атрымлівала асалоду. Танец — гэта своеасаблівы дыялог паміж мужам і жонкай. Падчас яго асабліва праяўляецца ўменне падтрымліваць адно аднаго, разумець з першага погляду і нязначнага руху.

Паланэз, некалькі відаў вальсаў, полек, кантрдансаў… Падчас кожнага танца можна было залюбавацца парамі. У перапынку паміж танцамі ў фае Дома культуры гучалі мелодыі ў выкананні заснавальніцы клуба Pro pianо Маі Шымковіч і яго ўдзельнікаў.

Арганізатары балю, а таксама пастаўчане Мікалай і Алеся Кісялёвы, Аляксандр і Вікторыя Богушы, Сяргей і Вольга Казаковы, Андрэй і Вікторыя Кірплюкі, віцябчане Сяргей і Кацярына Чучковы, мінчане Юрый і Валянціна Бакуновічы, старадворцы Часлаў і Наталля Ясінскія, нарачанцы Уладзімір і Вольга Бернякі ўдзельнічаюць у сямейным балі найдаўжэй. Прыемна, што далучаюцца і новыя пары. Сярод іх — пастаўчане Дзяніс і Алёна Галяшы, Дзмітрый і Яна Старадубы, Яўгеній і Марына Янушкевічы, Віктар і Вера Рыжыкі з Плешчаніц.

— Нас запрасілі Юрый і Валянціна Бакуновічы, з якімі актыўна праводзім вольны час у Плешаніцах, дзе рэалізуюцца два танцавальныя праекты: “Танцуюць усе!” і “Танцы. Рух. Жыццё”, — расказвалі Віктар і Вера Рыжыкі. — У шлюбе мы 40 гадоў, выхавалі дваіх дзяцей, маем пяць унукаў. Лічым, што між штодзённых клопатаў трэба знаходзіць час для сябе, каб пабыць сам-насам. Танец абуджае рамантычныя далiкатныя пачуццi адно да аднаго, змякчае нават зачарсцвелыя сэрцы. Да балю рыхтаваліся дыстанцыйна, з дапамогай відэа. Крыху хваляваліся. А акунуліся ў атмасферу добразычлівасці і музыкі — і ногі самі сталі выконвалі патрэбныя рухі.

— У пачатку рэпетыцый мы толькі і думалі, каб не збунтавацца, лічылі пра сябе крокі, — прызналіся Дзяніс і Алёна Галяшы. — Затым расслабіліся, даверыліся адно аднаму, зліліся ў адно цэлае, і ўсё атрымалася. Задавальненне ад мерапрыемства не перадаць словамі!

— Вельмі шчаслівыя, што пераступілі праз сумненні і рашыліся на ўдзел у сямейным балі! — свяціліся радасцю вочы Яўгенія і Марыі Янушкевічаў. — Мы самі па сабе актыўныя. Канешне, трэба было парэпеціраваць. Але ўрэшце ўсё атрымалася цудоўна!

Разам усё магчыма

Многія з прысутных пар — пастаянныя ўдзельнікі сямейных сустрэч, якія кожны першы панядзелак месяца ў парафіі Святога Антонія Падуанскага праводзіць ксёндз Чэслаў Куцмеж. Гэтыя сужонкі iмкнуцца icцi за Хрыстом, выконваць Яго волю, узрастаць духоўна. Па іх словах, калі на пэўных этапах жыцця ўзнікалі нейкія праблемы, яны  ўспаміналі: Бог не абяцаў, што не будзе шторму, але калi Бог будзе ў лодцы, то яна не патоне. У парафіі Езуса Міласэрнага ўжо шосты год кожны другі чацвер месяца адбываецца святая Імша за сем’і.

Адна справа — адрэпеціраваць танцавальныя рухі, зусім іншая — арганізаваць мерапрыемства, каб яно прайшло на такім высокім узроўні. Менавіта пра гэта і паклапаціліся Івановы, Ожэлі і Кісялёвы. Вялікую дапамогу аказалі ім і іншыя сем’і. Усё было прадумана да дробязей. Атрымаўся цудоўны вечар у коле аднадумцаў, насычаны шчырымі ўсмешкамі і добразылівасцю.

— Сваімі сіламі мы не справіліся б, але ў нас былі надзейныя памочнікі — Езус і Марыя, якіх мы першымі запрасілі на наш баль, — прыадчынілі таямніцу поспеху арганізатары мерапрыемства. — Удзячныя за дапамогу харэографу Юліі Петуховай, дырэктару Дома культуры Але Чарнюк. Святарам нашых парафій, а таксама душпастыру сем’яў Віцебскай дыяцэзіі айцу Віталію Сапегу і дарадчыку сем’яў Івану Пузанаву — за падтрымку. Біскупу Алегу Буткевічу — за тое, што знайшоў час, каб прыехаць да нас і благаславіць.

Анна Анішкевіч, тэкст і фота

для друку для друку