«Вось я, пашлі мяне» — адказвае прарок Ісая Тройчы Святому, Які кліча яго. Менавіта гэты прарок, які Моцай Божай прамаўляе да нас у часе радаснага чакання Пана, дае моцны прыклад адчыненасці на Волю Найвышэйшага. Словы прарока знаходзяць сваё пацвержанне і поўны выраз у жыцці Маці Божай, якая цалкавіта даверыла яго Ўсемагутнаму, прымаючы Збаўцу свету пад сваё сэрца. Момант гэты асаблівым чынам пранікае ў харызмат Айцоў Сэрцанаў, якія ўжо традыцыйна ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, складаюць вечныя манаскія абяцанні.
«Праз сваё Ecce ancilla, Яна [Марыя] нас пабуджае да адчыненасці ў веры, з’яўляецца дасканалым прыкладам нашага жыцця законнага» (Канстытуцыя Жыцця Сэрцанаў, нумар 85).
На жаль пануючая эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце, то бок розныя грамадскія абставіны, не дазволілі штатлікім гасцям сабрацца разам у парафіяльным касцёле ў Стадніках, каля Кракава (Польшча), каб удзельнічаць у Эўхарыстыі, падчас якой тры семінарысты, з якіх двое з Беларусі, склалі вечныя манаскія абяцанні. Родныя і сябры беларусаў аднак змаглі далучыцца духоўна, праз прамы эфір сродкаў медыйнага пераказу.
Сваё ўрачыстае «Так» на Божую Волю выказалі семінарысты — беларусы: Валерый Пупкевіч, з парафіі Св. Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах (Віцебская дыяцэзія) і Уладзіслаў Чуйко з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія). Духоўнае прыгатаванне, падчас якога галоўным матывам разважанняў было менавіта жыццё манаскае, семінарысты адбылі пад кіраўніцтвам кс. Юзафа Гаўла SCJ, шматгадовага выхавацеля не аднаго пакалення Сэрцанаў у навіцыяце.
«Кожны дзень, праз сваё штодзеннае fiat, падобна як Марыя, адкрывайце дзверы Хрысту, Які няспынна стукае ў вашыя сэрцы» — заахвочваў кс. Веслаў Свенх SCJ, правінцыял Польскай Правінцыі Сэрцанаў, на рукі якога маладыя законнікі прысяглі чыстасць, паслухмянасць і ўбоства. «Ня будзе лёгка, але будзьце вернымі таму, хто мае моц цяжкасці перамяніць у радасць»…
«Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова» — адказала Марыя ў сэрцы сваім — дасканалы адказ, якія ўзялі сабе за прыклад семінарысты Валерый і Уладзіслаў, прымаючы абавязак і прагненне харызмату супольнасці.
«… выконваць ўсім сваім жыццём, малітвай, працай, цярпеннямі і радасцямі культ Любові і Узнагароджвання, якога так прагне Сэрца Збаўцы» (Канстытуцыя Жыцця Сэрцанаў, нумар 7).
Даведка: Супольнасць Айцоў Сэрцанаў на Беларусі налічвае 11 святароў, якія выконваюць паслугу ў Гродне, Астрыне, Ляхавічах, Паставах, Шаркаўшчыне і Варапаеве. Актуальна рыхтуюцца да святарства адзін дыякан і тры семінарысты з Беларусі.
Аляксандр Пятліцкі SCJ, тэкст
фота з сайта seminarium.scj.pl
