Дамінік Аніська. Пяцьдзясят гадоў з дня смерці вядомага рэлігійнага публіцыста

Дамінік Аніська. Фота з часопіса “Божым Шляхам”, №1, студзень-люты 1972 года.

Пяцьдзясят гадоў таму, 28 снежня 1971 года, у Беларускім Доме ў Лондане, заснаваным айцамі-марыянамі, якія эмігравалі на Захад, памёр Дамінік Аніська. Гэты чалавек быў выбітным беларускім рэлігійным публіцыстам. Усё яго свядомае жыццё прыпала на ХХ стагоддзе, калі арміі розных дзяржаў змагаліся за зямлю, дзе жылі беларусы, а грамадскія і палітычныя дзеячы – за душу беларуса. А ён увесь гэты час служыў беларускаму народу сваёй рэлігійнай публіцыстыкай.

Дамінік Аніська нарадзіўся 12 студзеня 1888 года ў вёсцы Слойнікі, што за некалькі кіламетраў ад горада Саколка, які знаходзіцца ў Польшчы каля мяжы з Беларуссю. Многія чытачы, пэўна, чулі пра Саколку з нагоды эўхарыстычнага цуду, які здарыўся там у 2008 годзе: камунікант, што выпадкова зваліўся на падлогу ў касцёле, праз некаторы час набыў выгляд тканкі чалавечага сэрца. Яшчэ можна ўзгадаць, што ў 1654 годзе ў Саколку быў часова перанесены абраз Маці Божай з Будслава, бо айцы-бернардыны ўцяклі туды перад надыходам маскоўскіх войскаў.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. людзі ў ваколіцах Саколкі размаўлялі пераважна па-беларуску. З тых мясцін выйшла шмат каталіцкіх святароў, якія прызнавалі сябе беларусамі і ў той ці іншай форме спрыялі беларускаму нацыянальнаму адраджэнню. Праўда, нацыянальная свядомасць была слабая, і праз гэта людзі на Сакольшчыне цягам ХХ стагоддзя спаланізаваліся. Цяпер ужо там рэдка сустрэнеш тых, хто размаўляе па-беларуску, а яшчэ радзей – тых, хто лічыць сябе беларусам.

Дамінік Аніська быў сынам даволі заможных сялян: ягоныя бацькі Ян і Людвіка мелі 16 гектараў зямлі. Хлопца цягнула да навукі, і пасля сканчэння пачатковай школы ў вёсцы Янаўшчына ён адзін з усёй вёскі працягваў навуку ў гарадской школе ў Саколцы, якую скончыў у 1906 годзе.

Падчас навучання ў школе Дамінік пачаў задумвацца пра сваю нацыянальную прыналежнасць. “Каталікоў называлі “палякамі”, а праваслаўных – “рускімі”. Але ў школе гэтая тэрміналогія ўжо не была дастатковая. Нават з курса геаграфіі было зразумела, што на свеце жывуць розныя народы. Да якога ж тады я належу? Да польскага хіба што не! Бо нашая мова – зусім іншая”, – пісаў Аніська.

Аднойчы ў Гродне ў акне кнігарні Дамінік убачыў зборнік вершаў Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”. Прадмова да гэтага зборніка, якая лічыцца маніфестам беларускага адраджэння, са славутым заклікам “Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” зрабіла на Дамініка вялікае ўражанне і дапамагла яму канчаткова вызначыцца з тым, што ён беларус.

Восенню 1907 года Дамінік Аніська паступае на службу ў 102 Вяцкі пяхотны полк у Гродне. Пазней ён успамінаў, што жаданне да вайсковай службы ў яго з’явілася пад уплывам твораў Генрыка Сенкевіча. У войску ён быў да 1909 года. Пасля некаторы час працаваў у гатэлі ў Вільні. Калі ў 1913 годзе пачала выходзіць газета “Беларус”, якая была першым каталіцкім выданнем на беларускай мове, Дамінік Аніська пачаў пісаць для яе артыкулы.

“Беларус”, першая каталіцкая газета на беларускай мове, 1914 год.

Падчас І Сусветнай вайны Дамінік Аніська быў прызваны ў расійскае войска. Аднак так сталася, што ў баявых дзеяннях ён ні разу не ўдзельнічаў. Пасля таго, як у Расіі адбылася рэвалюцыя, Аніська вярнуўся ў родную вёску, але ў 1920 годзе яго прызвалі ў польскае войска, дзе ён служыў да 1923 года. Наступныя некалькі гадоў ён працаваў у банку, але потым быў звольнены і вярнуўся ў родную вёску.

Час жыцця ў вёсцы – самы плённы перыяд яго публіцыстычнай дзейнасці. У 1928 годзе ў Вільні ксёндз Адам Станкевіч пачынае выдаваць па-беларуску часопіс “Хрысціянская Думка”. Дамінік Аніська адразу пачынае пісаць для гэтага часопіса. Рэлігія і нацыянальная свядомасць былі галоўнымі тэмамі Аніськавай публіцыстыкі.

“Быў гэта час нацыянальнага адраджэння, і ў сваіх артыкулах я стараўся рабіць акцэнт на тое, каб нашаму адраджэнню надаць кірунак хрысціянскі”, – успамінаў Аніська напрыканцы жыцця.

“Нясведамы нацыянальна чалавек гаворыць: “Як гэта ты можаш лічыць сябе беларусам, калі ты каталік!” Хто так гаворыць, той ня можа адрозніць нацыянальнасці ад рэлігіі, той ня ведае, што палякі ў Каталіцкім Касцёле – гэта малая частачка, што да Каталіцкага Касцёла належыць многа іншых народаў, а з часам належаць будуць усе людзі на зямлі. Так! Вера гэта адно, а нацыянальнасць ці народнасць – зусім другое. Ёсць людзі адной веры, але зусім рознай народнасці. Так, напрыклад, француз – каталік, італьянец – каталік, гішпанец – каталік; усе яны каталіцкай веры, але кожны з іх належыць да іншага народа”, – піша Аніська ў “Хрысціянскай Думцы” ў ліпені 1930 года.

Праз многія тэксты Дамініка Аніські праходзіць тэма любові да бліжняга. Найбольш яна была выкладзеная ў эсэ “Усё ў міласці”, якое друкавалася ў “Хрысціянскай Думцы” ў 1933 годзе і пазней выйшла асобнай брашурай.

Вокладка каталіцкага часопіса “Хрысціянская Думка”, 1929 год.

“Што ж ёсць такое ў навуцы нашай рэлігіі, што пранікае цэлы дух яе? Які закон так выбітна пануе над усімі іншымі яе навукамі? Гэта – закон міласці! Калі Езус, адзіны наш Вучыцель, навучаў нас міласці, як словам, так і прыкладам, калі Касцёл наш каталіцкі праз усе векі свайго існавання ні чаго іншага нас вучыць, як міласці Бога і міласці бліжняга, калі гэты Касцёл вядзе сваю працу ахвярную пасярод чалавецтва, працу ў духу міласці, – можам тады смела казаць, што рэлігія наша – гэта рэлігія міласці”, – піша Дамінік Аніська.

Пісаў Аніська і пра вострую ў даваенны час праблему стаўлення польскай дзяржавы і польскага народа да беларусаў. Бачачы несправядлівасць, ён верыў, што яе можна будзе перамагчы ўзаемнай любоўю і павагай: “Мы, беларусы, адчуваем непрыхільнасць да нас. Але мы ведаем, што гэта астаткі “старога чалавека” (як кажа св. Павал Апостал), каторы глядзіць на свет не вачыма хрысціянскай міласці, а вачыма эгаізму. Можам спадзявацца, што гэтае палажэнне тымчасовае, што здаровы розум, развага, справядлівасць, чалавецтва, а перадусім міласць бліжняга перамогуць”, – пісаў Аніська ў лютым 1938 года.

У сакавіку 1938 года, калі ў Еўропе расло міжнароднае напружанне, якое хутка мела выбухнуць вайной, Дамінік Аніська піша: “І хто ж гэты сапсуты свет направіць? Направіць яго Езус Хрыстус! Толькі трэба слухаць, што Ён кажа рабіць. А Ён кажа, каб людзі адны адных любілі, навучае Ён міласьці бліжняга, выплываючай з найвышэйшай міласці да Бога. Людзі, людзі! Калі ня хочаце згінуць у ўзаемнай грызні, адчынеце вашыя сэрцы да міласці братэрскай, а вам і ўсім кругом вас будзе лепей жыць на свеце!.. Для агульнай направы свету патрэбна падтрыманне хрысціянскага светапогляду, хрысціянскай маральнасці”.

Калі ў 1939 годзе пачалася ІІ Сусветная вайна, Дамінік Аніська як афіцэр рэзерву быў прызваны ў польскае войска, у частку, якая знаходзілася ў Вільні. Калі 17 верасня савецкае войска ўвайшло ў Польскую Рэспубліку, вайскоўцы адступілі ў Літву. У 1940 годзе Саветы далучылі Літву і вывезлі польскіх вайскоўцаў у глыб СССР. Пасля таго як у 1941 годзе Нямеччына напала на СССР, а польскі эміграцыйны ўрад у Лондане аднавіў дыпламатычныя адносіны з Саветамі, пачалі фармавацца польскія вайсковыя аддзелы пад камандаваннем генерала Уладыслава Андэрса.

Уступіўшы ў армію Андэрса, у 1942 годзе Дамінік Аніська праз Персію трапляе ў Палесціну. Некаторы час ягоны вайсковы аддзел дыслакаваўся ў Ерусаліме. Аніська пісаў, што быў вельмі рады туды трапіць, бо мог агледзець месцы зямнога жыцця Езуса Хрыста. Ён запісаў свае ўражанні ад наведвання Святой Зямлі, якія пасля вайны былі надрукаваныя ў часопісе “Божым Шляхам”, каторы выдавалі беларускія грэка-каталіцкія святары на эміграцыі ў Парыжы і Лондане. Пакуль жа быў у Ерусаліме, Дамінік Аніська ўдзельнічаў у выданні польскага часопіса “Tygodnik Katolicki”.

У 1947 годзе Аніська трапляе з войскам у Англію, а ў 1949 пасяліўся ў Лондане. Ён жыў пры заснаваным беларускімі святарамі Беларускім Доме. Жыў з вайсковай пенсіі, дапамагаў пры ўтрыманні дома, а таксама час ад часу публікаваў артыкулы ў беларускай і польскай эміграцыйнай прэсе.

“Усе мы добра помнім дзядзьку Дамініка: невялікага росту, сінія дабрадушныя вочы, лагодная ўсмешка, далікатнасць і ветлівасць у голасе, скромная вопратка, шчырая без ніякай позы пабожнасць, – вось незабыўныя ўласцівасці Аніські. Гэты навонкі сціплы, ціхі чалавек таіў – быццам той вулкан – у глыбіні сваёй незвычайную сілу духа! Ён яе чэрпаў з найчысцейшай крыніцы – з веры ў Бога, з навукі Хрыста. Ён не быў сынам святара, не трапіў ні ў якую духоўную семінарыю, быў добраахвотнікам-афіцэрам, а кожны напісаны ім артыкул мог бы падпісаць найлепшы святар”, – пісаў у пасмяротным успаміне пра яго айцец Язэп Германовіч.

7 студзеня 1972 года пахавальную Імшу перад труной Дамініка Аніські адслужыў на беларускай мове айцец Язэп Германовіч, а казанне прамовіў біскуп Чэслаў Сіповіч. Пахаваны Аніська на могілках святога Панкрата ў Лондане, а на яго надмагіллі зроблены як дэвіз яго жыцця і загаловак адной з галоўных публікацый надпіс: “Усё ў міласці”.

Магіла Дамініка Аніські на могілках святога Панкрата ў Лондане. Фота са збораў Наталлі Гардзіенкі.

для друку для друку