Брытанскі палітык: Папа адыгрывае вялікую ролю ў барацьбе за мір

Лорд Тарык Ахмад падчас сустрэчы з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам

Пантыфіку належыць надзвычай важная роля на сусветнай арэне ў справе пабудовы міру», — заявіў дзяржміністр брытанскага МЗС лорд Тарык Ахмад пасля сустрэчы з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.

У сваю чаргу, пасля размовы з прэфектам Дыкастэрыі па камунікацый Паола Руфіні англійскі дыпламат адзначыў, што Апостальская Сталіца можа дапамагчы ў барацьбе за свабоду сусветных СМІ і свабодны доступ журналістаў да інфармацыі.

Палітык падкрэсліў, што сіла Святога Пасаду ў прадухіленні канфліктаў і пабудове міру вынікае з асабістага маральнага аўтарытэту Папы Францішка і мае значна больш чым проста сімвалічны характар.

“У Касцёла ёсць інструменты, якія мабілізуюць бакі канфлікту зблізіцца і сустрэцца за сталом перамоў», — сказаў Ахмад у інтэрв’ю Vatican News.

“Гэта было найлепш прадэманстравана нядаўнім візітам Папы ў Ірак, дзе мы сталі сведкамі сапраўднага пераадолення разрозненасці паміж супольнасцямі, сапраўднага вылячэння і прымірэння. Нават не трэба было казаць слоў. Мы ўбачылі сілу прымірэння і рэлігійных лідараў, аб’яднаных ва ўзаемным сяброўстве”, — заўважыў брытанец.

На яго думку, сіла адзінства таксама можа дапамагчы ў барацьбе за свабоду СМІ, што вельмі важна ў працэсе пабудовы міру. “Памятайма, што першай ахвярай любога ўзброенага канфлікту з’яўляецца свабода медыя. Калі журналісты становяцца аб’ектам нападаў і пазбаўляюцца магчымасці каментаваць падзеі, то можна мець упэўненасць, што парушаюцца правы чалавека”, — сказаў Ахмад.

Ён выказаў спадзяванне, што Святы Пасад далучыцца да Кааліцыі за свабоду СМІ, якая была створана ў ліпені 2019 г. у Лондане і да якой ужо далучыліся 50 краін. “Я думаю, што гэта быў бы не проста сімвалічны жэст, а важны ўклад», — падкрэсліў дзяржміністр брытанскага МЗС.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку