Пазнаць у Дзіцятку з Бэтлеема Пана ўсяго жыцця, сузіраючы ў прастаце ясляў Божага Сына, які нясе ласку і збаўленне, — пажадаў Папа Францішак вернікам напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння.
«Божае Нараджэнне – гэта заклік рабіць дабро, несці радасць і працягваць руку таму, хто знаходзіцца ў патрэбе. Будзем памятаць словы Езуса Хрыста: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40)», — сказаў Святы Айцец на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 22 снежня 2021 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Папа Францішак пажадаў вернікам, каб падчас калядных святаў ім “спадарожнічала радасць, якая нараджаецца з усведамлення таго, што без аніводнай нашай заслугі Езус палюбіў нас настолькі канкрэтнай любоўю, што яна ўцелавілася і пасялілася між намі”.
Пантыфік заўважыў, што Каляды з’яўляюцца спрыяльным часам для таго, каб “падзяліцца ў сям’і радасцю нараджэння нашага Адкупіцеля і брата Езуса”, а таксама заклікаў “маліцца да Боскага Дзіцяці, каб абараніў нас ад пандэміі і ўсялякага зла”.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
