Сястра Аўгустына Дакуцька родам з Лагойска. Апошнія чатыры гады манахіня працуе ў Благавешчанску. Гэты горад знаходзіцца на беразе ракі Амур, па якой праходзіць мяжа Расіі з Кітаем. У сённяшнім нумары дамініканка расказвае “Каталіцкаму Весніку” пра сваё жыццё і служэнне на Далёкім Усходзе.
– Сястра, Вы нарадзіліся ў сям’і вернікаў ці прыйшлі да Бога ўжо самастойна?
– У маёй сям’і моцная вера была ў бабулі па мамінай лініі. Тата не быў вернікам. Васямнаццаць гадоў ён не мог змірыцца з тым, што я стала сястрой. У нашай сям’і чацвёра дзяцей: я, дзве малодшыя сястры-двайняты і старэйшы брат. У касцёл першымі пачалі хадзіць мае сёстры. Калі я пыталася, адкуль яны ідуць такія радасныя, дзяўчаты адказвалі, што з касцёла. Іх радасць была такой сапраўднай і натуральнай! Аднойчы я спытала: “Мне можна пайсці з вамі?” На што яны адказалі: “Канешне”. Так я пачала хадзіць у касцёл. Мне было тады каля шаснаццаці гадоў.
– Чаму Вы выбралі менавіта дамініканскі ордэн?
– Упершыню сясцёр-дамініканак я пабачыла ў Мінску на Залатой Горцы. Мяне ўразіла іх праца з людзьмі, асабліва адносіны да іх. Яны не бачылі ніякай розніцы паміж багатымі і беднымі, здольнымі і няздольнымі. Працавалі вельмі старанна і з вялікай павагай да людзей рознага сацыяльнага статусу. Гэта мяне кранула і, можна сказаць, зачапіла. Тады з’явілася думка: “Я таксама так хачу”. З гэтага ўсё пачалося…
– Вы знаходзіцеся ў Расіі чатыры гады. У якіх парафіях, акрамя Благавешчанска, Вы неслі служэнне яшчэ?
– Усяго ў Расіі тры кляштары, дзе працуюць нашы сёстры-дамініканкі: Улан-Удэ (Буратыя), Благавешчанск і Калінінград. Акрамя цяперашняй Благавешчанскай парафіі, у якую нас запрасілі айцы-вербісты, я працавала яшчэ ва Улан-Удэ.
– Як Ваша дамініканская супольнасць звязана з парафіяй?
– Мы рыхтуем дзяцей і дарослых да прыняцца сакрамантаў, займаемся моладдзю, калі яна ёсць. Таксама сочым за чысцінёй літургічных рэчаў, падрыхтоўваем дэкарацыі на розныя перыяды літургічнага года. У нашай парафіі я з’яўляюся арганісткай. У Благавешчанску са мной жыве яшчэ адна дамініканка – сястра Таццяна. Яна працуе медсястрой у дзяржаўнай клініцы і на дадзены момант дапамагае лячыць хворых на каронавірус. Непадалёк ад Благавешчанска, за 150 кіламетраў, ёсць горад Свабодны, куды мы таксама даязджаем кожную нядзелю, бо там знаходзіцца наша другая парафія. Для Расіі гэта невялікая адлегласць.
– Благавешчанск знаходзіцца на самай мяжы з Кітаем. Цікава, ці ёсць нейкая сувязь паміж парафіямі дзвюх краін?
– Насупраць Благавешчанска размешчаны горад Хэйхэ. Нас раздзяляе рака Амур. Нягледзячы на тое, што ад нашага кляштара да мяжы можна дайсці за дзесяць хвілін, у Хэйхэ нам яшчэ не ўдалося пабываць, паколькі на дадзены момант усе граніцы закрытыя. Знаходзіцца там у манаскім адзенні небяспечна таксама і па прычыне пераследу хрысціян.
Нашу парафію кітайскія вернікі наведваюць не так часта. Аднак такое здараецца. Аднойчы ў нас было пяць святароў з Кітая. У Благавешчанску ёсць вернік-практык кітайскай нацыянальнасці Яша, таму ён не раз запрашаў сваіх сяброў у госці. Але зараз вельмі складана падтрымліваць розныя міжнацыянальныя сувязі. Хачу Вас папрасіць аб малітве за яго, бо ўжо два гады пасля таго, як закрыліся граніцы, ён не можа вярнуцца да сваёй сям’і, да жонкі і маленькага сына. Спрабаваў паехаць да іх неаднойчы, аднак яго не прапускаюць.
– Крыху з гісторыі… Наколькі маладая парафія ў Благавешчанску?
– У Благавешчанску ёсць будынак каталіцкага касцёла, помнік архітэктуры гатычнага стылю. Яго пабудавалі на пачатку ХХ стагоддзя католікі, якія былі сасланыя на Далёкі Усход. У 1932 годзе касцёл закрылі савецкія ўлады. У 1947 годзе святыню перадалі пад праваслаўную царкву. Таму гэтага будынка касцёла мы зараз не маем і моцна молімся, каб улады яго вярнулі. На сённяшні дзень наша парафія знаходзіцца ў памяшканні былой лабараторыі, якое нам далі для бясплатнага карыстання.
Сучасная парафія ў Благавешчанску паўстала дзякуючы верніку Аляксандру Іванавічу Рэнейскаму. Калі ён пераехаў сюды, хацеў знайсці касцёл. Зайшоўшы ў гістарычны будынак святыні, ён пачаў шукаць яе нашчадкаў. Знайшоў дзесяць чалавек – гэта мінімальная колькасць для стварэння парафіі. Тады напісаў ліст да Папы Рымскага з просьбай прыслаць сюды святара. У 1999 годзе была адпраўлена першая святая Імша, і айцы-вербісты афіцыйна распачалі тут сваё служэнне.
– А што з колькасцю вернікаў?
– Каталіцкія парафіі ў Расіі невялікія. Да нас прыходзіць дзесьці 20-25 парафіян. У Свабодным, куды мы даязджаем, яшчэ менш. Калі ў нядзелю на Імшу прыйдзе 15 чалавек, – гэта вельмі добра. У будні дзень мала хто прыходзіць, могуць быць толькі святары і манахіні. На самым пачатку, калі я прыехала сюды, мне было крыху дзікавата, бо ў Беларусі, у тых месцах дзе я працавала, у будні дзень на Імшу ўсё ж прыходзілі людзі.
– З якімі праблемамі, на Ваш погляд, сутыкаюцца зараз католікі Расіі, Вашай парафіі?
– У савецкія часы вера ў Беларусі захавалася дзякуючы старэйшаму пакаленню. Тут, у Расіі, такога “шчасця” не было. Многія пакаленні пражылі тут проста без веры. Таму яна на гэтых тэрыторыях слабая. Каб яе адрадзіць, трэба вельмі шмат працаваць над гэтым і шмат маліцца. Таксама патрэбны час, каб людзі прыйшлі да веры.
Тут вельмі шмат праваслаўных. Я б сказала больш ахрышчаных людзей, чым практыкаў-вернікаў. У Расіі шмат яшчэ і тых, хто з верай не мае нічога агульнага. Нашы парафіяне вакол сябе не маюць падтрымкі… Яны прыходзяць у касцёл, моляцца, прыходзяць на заняткі, дзе ўсё ўважліва слухаюць. Аднак потым вяртаюцца ў атэістычнае асяроддзе. У такіх абставінах ім патрэбная мужнасць, каб не зламацца і жыць так, як гаворыць Хрыстос.
Таксама праблема бывае з надвор’ем. На Далёкім Усходзе халадней, чым у Беларусі. І калі тэмпература дасягае мінус трыццаці ці больш, не кожны можа даехаць да адзінай святыні ў горадзе, асабліва з дзецьмі. Бо некаторыя жывуць далёка, а дабірацца тады доўга і складана.
– Як выглядаюць адносіны з іншымі рэлігійнымі арганізацыямі і канфесіямі?
– З рознымі канфесіямі мы стараемся падтрымліваць добрыя адносіны. Напрыклад, праваслаўны біскуп запрашае нашага святара да сябе ў госці на дзень нараджэння ці на нейкае іншае свята. Мы таксама запрашаем на Вялікдзень. Стараемся жыць дружна.
– Як часта ўдаецца наведваць родную Беларусь?
– Дамоў, у Беларусь, я езджу раз на год. Аднак цяпер праз каронавірус на Радзіме не была ўжо два гады.
– А Вашы блізкія наведвалі Вас?
– Мае родныя не прыязджалі сюды, бо гэта вельмі далёка і дорага. Таксама трэба мець шмат часу. Паміж гарадамі тут вельмі вялікія адлегласці, і асабліва не пакажаш нейкія значныя месцы. Бліжэйшы ад Благавешчанска горад – Хабараўск – знаходзіцца праз 1000 км. Да іншага буйнога горада, Уладзівастока – двое сутак ад нас цягніком. Таму не ўсё так проста…
Дарэчы, з адлегласцю ёсць праблемы таксама, калі мы хочам арганізаваць нейкую сумесную парафіяльную сустрэчу і выехаць кудысьці. Зноў жа гэта патрабуе шмат часу і грошай. Сёлета мы праводзілі дзіцячы летнік у парафіі Уладзівастока, бо ў нас няма ўмоў для гэтага. Таму чацвёра сутак былі з дзецьмі толькі ў дарозе.
– Што б Вы сёння пажадалі чытачам “Каталіцкага Весніка”?
– Хочацца пажадаць кожнаму сапраўднай моцнай веры. Ніколі не трацьце пачуцця радасці ў служэнні Госпаду. Жадаю вам, беларусы, сапраўды шанаваць тую веру, якая захавалася дзякуючы старэйшаму пакаленню! Таму зараз у Беларусі вера жыве! І я зразумела гэта, толькі пабыўшы ў Расіі.
Гутарыла Ірына Радзевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!










