Беларуская душа ў літоўскай сталіцы

Бр. Сяргей з маленькімі парафіянамі

Ужупіс. Найбольш атмасферны раён у Вільні. Прастора поўніцца шматлікімі арт-аб’ектамі, графіці, галерэямі і кавярнямі. Ужупіс нават самаабвясціў сябе «рэспублікай» і “ўхваліў” уласную «канстытуцыю». Там можна прачытаць, што “кожны мае права быць шчаслівым” або “ніхто не мае права на гвалт”. Інакш кажучы, раён стаў сінонімам творчасці і вальнадумства. Пасярод гэтага дзейнічае адзіная ў Літве беларускамоўная парафія св. Барталамея.

“Вернікі расказвалі, што першапачаткова раён быў моцна занядбаны, сюды было страшна зайсці. Кантынгент адпаведны, бо шмат п’янства. Жыллё было танным, таму аткыўна сяліліся і артысты. Былы мэр Вільні, які таксама мае тут памяшканне, вырашыў выпрабаваць гэты раён і накіраваць сродкі на яго развіццё. “Цяпер гэтае месца з’яўляецца адным з самых прэстыжных і сапраўдным турыстычным брэндам, – распавядае бр. Сяргей Мацюшонак OFM Cap. – Гэта шанец і для нашай парафіі. Я думаю пра тое, як скарыстацца гэтым найлепшым чынам. Мне падаецца важным, каб наш Касцёл быў прысутны ў гэтым “брэндзе”. На дадзены момант я адкрываю святыню з раніцы да вечара кожнага дня. Шмат турыстычных групаў, літоўскіх, польскіх, якія вырашаюць зазірнуць з цікаўнасці. У нас ёсць прыгожая панарамная пляцоўка, з каторай адкрываецца від на ўвесь горад. Пачуўшы, што існуе беларуская парафія, заходзяць і нашыя землякі”.

Культурная місія

Адной з цэнтральных урачыстасцяў у жыцці парафіі св. Барталамея з’яўляецца фэст у гонар яе апекуна. Пасля Літургіі вернікі збіраюцца на пікнік, каб пачаставацца прыгатаванымі імі стравамі. У нефармальнай абстаноўцы парафіяне ў большасці размаўляюць па-беларуску. “Да фэсту далучаюцца і госці. Ведаюць, што існуе такая беларуская “тусоўка”, – дадае бр. Сяргей.

У мінулым годзе аматарская капэла “Гоман” арганізавала канцэрт у гонар выбітнага беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі. “Ён быў арганістам у суседнім касцёле св. Яна, – адзначае суразмоўца. – Сярод слухачоў у нашай святыні сабраліся і прадстаўнікі розных дыпламатычных місій”.

Каб ушанаваць таленавітых беларусаў, шмат якіх спачывае на могілках Вільні праз гістарычныя сувязі Беларусі і Літвы, вернікі наведваюць іх падчас актавы Усіх Святых. “Я планамерна пайшоў на могілкі на Росах, бо там усюды магілы нашых продкаў: Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, братоў Луцкевічаў і многіх іншых. Хацеў засяродзіць увагу парафіянаў на малітве за асобаў, якія апярэдзілі нас у веры і маюць вялікія заслугі перад нашай беларускай дзяржавай”, – кажа суразмоўца.

Напярэдадні Божага Наражэння ў парафіі праходзіць фестываль беларускай каляднай песні. “Апошні раз, акрамя нашага хору, удзельнічалі чатыры беларускія гурты, што існуюць у Вільні. Прыязджала жанчына-бард з Беларусі, з салезіянскай парафіі”, – дзеліцца бр. Сяргей.

Сёлета вернікі парафіі св. Барталамея ўдзельнічалі таксама ў экуменічнай малітве беларусаў Віленшчыны ў часе Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў. “Што цікава, ініцыятыва паходзіла ад праваслаўных. Прысутнічалі таксама баптысты і пяцідзясятнікі. А маліліся мы ў лютэранскай кірсе”, – распавядае святар.

Партрэт супольнасці

Беларуская парафія нешматлікая. Рэгулярна на нядзельную св. Імшу збіраецца ад 60-ці да 80-ці чалавек. Аднак, зразумела, беларусаў-католікаў у Вільні значна больш, тэрытарыяльна яны належаць да літоўскіх ці польскіх парафій. Толькі стаўленне да веры і ідэнтычнасці ў іх рознае. Некаторыя едуць праз увесь горад, каб памаліцца па-беларуску ў касцёле св. Барталамея. Іншыя пра гэта ўвогуле не задумваюцца. “У пачатку 80-ых пад Вільняй з’явілася вялікая папяровая фабрыка, куды прыехала працаваць шмат беларусаў. Побач паўстала парафія, у якой дагэтуль палова вернікаў – нашыя людзі. Я спытаўся ў пробашча, чаму не зробіце св. Імшу па-беларуску? Ён адказаў, што людзі ніколі не прасілі пра гэта. І падобных сітуацый тут шмат”, – распавядае бр. Сяргей.

Бэкграунд вернікаў парафіі св. Барталамея таксама разнастайны

“Ёсць тыя, хто нарадзіўся ў Вільні, але мае беларускія карані, у штодзённасці карыстаецца роднай мовай. Тыя, хто пераехаў у часы Савецкага Саюза па размеркаванні. Гэта найбольш традыцыйныя вернікі, якія разумеюць патрэбу Эўхарыстыі, маюць каталіцкае мысленне, – тлумачыць суразмоўца. – Наступная хваля міграцыі адбылася на пачатку новага стагоддзя, калі Літва далучылася да ЕС і беларусы паехалі па лепшы заробак. І апошняя – пасля 2020 года. З іх усяго некалькі чалавек, якія практыкуюць веру. Аднак цікава, што менавіта яны бачылі патрэбу ў душпастырскім візіце (так званай калядзе). У Вільні такой традыцыі не існуе”.

Гістарычная замалёўка

Касцёл св. Барталамея мае звілістую гісторыю. Пабудаваны ў 1644 г., на працягу стагоддзяў ён належаў розным ордэнам – аўгусцінцам, бэрнардзінцам, рэдэмпатрыстам, пакуль не быў зачынены савецкімі ўладамі і не стаў выкарыстоўвацца артыстамі з таго самага Ужупіса як майстэрня. “Пасля распаду СССР святыню фармальна аддалі дыяцэзіі, але мастакі і скульптары не хацелі адтуль выходзіць. Тады за права валодаць святыняй пачаў змагацца кс. Ян Шуткевіч, які ўмеў маліцца і па-беларуску. Паступова вакол яго гуртаваліся мясцовыя беларусы і разам атрымалася вярнуць касцёл. Св. Імша ў той час была мяшаная: напрыклад, казанні – па-беларуску, гамілія – па-польску”, – распавядае бр. Сяргей

Пераход на выключна беларускую мову адбыўся 2016 г., калі арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас падпісаў умову, згодна з якой капуцыны Беларускай Кустодыі распачалі душпастырскую паслугу ў парафіі св. Барталамея. “У Вільню паехаў а. Арыюш Малыска OFM Cap – паляк, якія цудоўнай валодаў беларускай мовай, – дадае бр. Сяргей. – А нашую супольнасць абралі, таму што яна з’яўляецца найбольшай у Беларусі”.

Хрыстос перадусім

Святар прызнаўся, што яму сумна праз невялікую колькасць вернікаў у парафіі. Разам з тым, ён мае вельмі пазітыўны настрой. Хоча арганізаваць месца, дзе вернікі маглі б бавіць час па-за касцёлам, адрамантаваць раней дастаўлены з Аўстрыі арган, збіраць дзяцей на летнік. “Ёсць магчымасць адкрыць у падзямеллях касцёла кавярню – для парафіянаў і турыстаў. Безалкагольную ці алкагольную – паглядзім яшчэ. Капуцыны ж калісьці варылі піва”, – дзеліцца планамі суразмоўца. – Далей патрэбныя дазволы і сродкі”.

Бр. Сяргей таксама марыць пра тое, каб і ў іншых парафіях Вільні, дзе ёсць нашыя землякі, з’явілася св. Імша па-беларуску. “Я тут не дзеля таго, каб распаўсюджваць беларускасць, – падкрэслівае святар. – Але каб абвяшчаць Бога на мове, якую людзі разумеюць. З гэтым ідзе і народная ідэнтыфікацыя, але не ў ёй галоўная справа”.

Алена Базюк, парафіянка:

 – Беларуская мова прыйшла да мяне з нараджэннем. Мае бацькі заўсёды размаўлялі па-беларуску – гэта было з малаком маці ўсмактана. Пераехаўшы ў Вільню ў 1992 годзе ўслед за мужам, я знайшла працу выкладчыцы роднай мовы ў беларускай школе. Праз манахінь, якія выкладалі тут рэлігію, даведалася пра касцёл св. Барталамея. Маліцца на роднай мове – гэта тое самае, што дыхаць. Гэта найбольш шчыра, праўдзіва, даступна і патрэбна.

Ангеліна Марцішэўская

для друку для друку