На гербе Ушачаў мы бачым выяву святога Лаўрэна. Таму, здаецца, недарэчна казаць, што ў яго руках прылада для фарміравання цэглы, як сцвярджаюць на адным з сайтаў. Аўтары герба выкарыстоўвалі старажытныя выявы святога, на якіх па традыцыі ён паказаны з сімвалам свайго мучаніцтва – кратай. Сённяшняй мовай можна было б сказаць, што гэта прылада для грыля.
Не баюся гэтага жарту, бо легенды пра святога архідыякана Лаўрэна сведчаць пра яго вялікую адвагу і незвычайнае пачуццё гумару. Менавіта ён з насмешкай, скіраванай у бок сваіх катаў, калі яго расцягнулі на краце і падкладвалі пад яе вуглі, казаў: вы ўжо падсмажылі адзін бок майго цела, перавярніце, падсмажце і ешце(!). Можа падацца, што гэтая гісторыя неверагодная, але менавіта яе хрысціяне перадавалі з вуснаў у вусны як аповед пра мужнае прыняцце смерці. І гэта не прафанацыя мучаніцтва, а таксама драматычнай падзеі, якой з’яўляецца смерць, а прыклад сапраўднага хрысціянскага аптымізму, што будуецца на ўваскрасенні Хрыста. Кожны, хто ў тыя часы, напрыканцы ІІІ стагоддзя, збіраўся служыць Пану, аўтаматычна згаджаўся на мучаніцтва. Бо імператар выдаў распараджэнне пераследаваць без суда тых, хто выконвае ў Касцёле хоць найменшую функцыю.
Лаўрэн быў адным з архідыяканаў Рымскага Касцёла, давераным чалавекам Папы Сікста ІІ. Выконваў функцыю казначэя, апекаваўся беднымі. У прынцыпе такая жорсткая смерць была формай катавання, каб даведацца, дзе знаходзіцца касцельная казна. Лаўрэн, прадчуваючы небяспеку, раздаў усё бедным, да апошняга гроша. І на пытанне ўладара, дзе скарбы, прывёў жабракоў, калек і сляпых.
Цікава, што не толькі Ушачы маюць герб са святым Лаўрэнам. Вось толькі выява святога мае розныя выкананні. Напрыклад, на гербе Гурна (Польшча) пра святога мучаніка нагадвае нагрэтая да чырвані крата. А на гербе Войніча (Польшча) святы Лаўрэн паказаны распранутым на фоне краты, што нагадвае Хрыста на крыжы.
У наш час, каб знайсці прычыну, па якой на гербе Ушачаў з’явіўся святы Лаўрэн, трэба зрабіць навуковае падарожжа ў архівы. Але незалежна ад таго, што думалі ўлады ВКЛ, калі надавалі Ушачам Магдэбурскае права і герб, святы Лаўрэн да сённяшняга дня апякуецца горадам. Сучасны каталіцкі храм мае тытул св. Лаўрэна, мучаніка.
Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

