Шасцігадовы Аляксей Дамаскінаў у дзень Вялікадня па ўсходнім календары гуляў з братам на чарнаморскім пляжы ў Балгарыі. Раптам ён убачыў цікавы прадмет, які быў выкінуты морам. Адкрыццё было дзіўным, і многія ўспрынялі гэта як знак з неба…
Ікона… з мора
Алекс, яго брат і бацькі правялі святочныя канікулы на вядомым балгарскім курорце Сілістар на беразе Чорнага мора, недалёка ад горада Бургаса. У велікодную нядзелю з братам ішлі ўздоўж берагавой лініі, збіраючы ракавінкі і рознакаляровыя каменьчыкі.
Раптам мора выкінула вялікі квадратны прадмет, падобны на чорную скрыню. Хлопчык заўважыў, што скрыня пакрыта тоўстым слоем гразі, мокрага пяску і глею. Таму ён падумаў, што знайшоў закінуты набор настольных гульняў, якія можна купіць у супермаркетах.
Абмыўшы марской вадой, Аляксей са здзіўленнем выявіў, што знайшоў абраз. Яшчэ больш здзіўляе, што гэта абраз Уваскрэсення Гасподняга, змешчаны ў срэбную аправу, за шклом, з прыкметамі пацёртасцяў і пераломаў.
Рабяты паказалі абраз бацькам, якія вырашылі яго перадаць у дар праваслаўнаму прыходу св. Яна Хрысціцеля ў суседняй вёсцы Рэзава.
Супадзенне ці, можа, знак?
Альберт Эйнштэйн казаў, што «супадзенне, калі Бог ходзіць інкогніта». Тое, што маленькі хлопчык знайшоў абраз Уваскрасення на сам Вялікдзень, можна, вядома, расцаніць як цікавую выпадковасць.
Аднак у гэтым ёсць свой глыбокі сімвалізм. Тым больш, што абраз быў адкінуты марскімі хвалямі з боку паўднёвых раёнаў Украіны, якія прымыкаюць да Чорнага мора, найбольш пацярпелых ад расейскай агрэсіі.
«Мы не ведаем, як гэтая ікона сюды патрапіла, можа, яна была на нейкім караблі, магла прыплыць і з берагоў Украіны, але калі мы прынеслі яе ў храм у вёсцы, людзі ў парафіі без праблем ведалі, як “прачытаць” гэты знак. Я сам лічу, што гэта нейкі цуд», — сказаў балгарскаму тэлебачанню бацька хлопчыка Аляксандр Дамаскінаў.
«Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне»
Святар мясцовай парафіі айцец Іардан быў вельмі задаволены падарункам іконы, знойдзенай на беразе мора, тым больш што планаваў набыць для храма новы абраз Уваскрасення (па ўсходняй традыцыі такі абраз знаходзіцца ў цэнтры храма да свята Унебаўшэсця Пана).
«Дзеці цнатлівыя, таму што ім не даецца ўваход у дэталёвую рэальнасць граху і зла, якія мы так часта перажываем у свеце апошнім часам. Дзіця ўбачыла ў гэтай іконе нешта чыстае, убачыла яе ззянне.
Але, што варта адзначыць, гэтае ззянне яно не трымала толькі ў сабе, а дзялілася з намі сваёй радасцю. Цуды адбываюцца кожны дзень, таксама вакол нас, трэба толькі трымаць вочы адкрытымі», — ацаніў пастар.
Абраз Уваскрасення Гасподняга
Пасля благаслаўлення абраза над ім паставілі палаючую лампаду (аліўную свечку, якая ставілася ва ўсходніх храмах). Мясцовыя вернікі і жыхары сталі часцей наведваць царкву, каб памаліцца перад нечаканай знаходкай.
Абраз Уваскрасення, які 6-гадовы Алекс знайшоў на пляжы ў велікодную нядзелю, з’яўляецца тыповым грэцкім адлюстраваннем Змёртвыхпаўстання (грэч. Ἀνάστασις / Anastasis) і паказвае Хрыста, які спускаецца ў адхлань.
На ім паказаны Збаўца, які падымаецца на светлую гару з цёмных глыбінь і трымае Адама і Еву за руку. На фоне — патрыярхі і прарокі Старога Запавету і св. Ян Хрысціцель.
Пераклад Марыны Сінкевіч
Па матэрыялах pl.aleteia.org
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

