Біскуп Кевін Роадс, старшыня Камісіі па рэлігійнай свабодзе епіскапату ЗША, вітаў рашэнне Вярхоўнага суда, якое абараняе правы бацькоў.
«Бацькі маюць права кіраваць выхаваннем сваіх дзяцей, асабліва ў пытаннях, якія датычацца веры і маральнасці», — заявіў біскуп Роадс.
Іерарх пракаментаваў пастанову Вярхоўнага Суда ў справе «Махмуд супраць Тэйлар», якая прызнала бацькам права вызваляць дзяцей ад удзелу ў школьных праграмах, супярэчных іх рэлігійным каштоўнасцям. Справа датычылася «інклюзіўных» тэкстаў, уведзеных у праграму дзяржаўных школ акругі Мантгомеры, змест якіх быў засяроджаны на пытаннях сексуальнасці і гендару.
«Дзяржаўныя школы прымаюць сем’і з рознымі глыбокімі перакананнямі. Закранаючы складаныя пытанні, яны павінны паважаць усе сем’і», — падкрэсліў біскуп. «Бацькі не губляюць права быць першымі выхавацелямі сваіх дзяцей толькі таму, што запісваюць іх у дзяржаўную школу».
«Відавочна, што дзецям не варта ўнушаць думку, нібыта іх полавая прыналежнасць можа быць адарвана ад фізічнага цела. Калі ж школа ўсё ж уводзіць такія праграмы, яна мусіць паважаць права тых сем’яў, якія не жадаюць, каб іх дзеці ў гэтым удзельнічалі», – падкрэсліў біскуп, які адказвае за пытанні рэлігійнай свабоды.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!