Выяўлена схема ашуканства ў сацыяльных сетках: невядомыя асобы ствараюць фальшывыя профілі Папы Льва XIV і збіраюць грошы, нібыта на ініцыятыву “Грош святога Пятра”. Святы Пасад заклікае католікаў усяго свету быць пільнымі і не даваць сябе падмануць.
На Facebook распаўсюджваюцца фальшывыя профілі пад назвай ‘Папа Леў XIV’ з просьбамі аб ахвяраваннях. Паколькі Святы Айцец не мае афіцыйнай старонкі на Facebook, усе такія профілі з’яўляюцца падробкамі.
Адзіная афіцыйная старонка для ахвяраванняў на “Грош святога Пятра” – гэта www.obolodisanpietro.va. Менавіта праз гэты рэсурс вернікі могуць бяспечна падтрымаць апостальскую і дабрачынную дзейнасць Святога Айца.
У сувязі з урачыстасцю святых апосталаў Пятра і Паўла, якая адзначаецца 29 чэрвеня, штогод праводзіцца збор фінансавых сродкаў, вядомы як “Грош святога Пятра”. Кожнае ахвяраванне мае глыбокае сімвалічнае значэнне, нават калі сума можа быць невялікай.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
