Асабісты дзённік Папы Францішка выйдзе ў 94 краінах свету

Асабістыя запісы Хорхе Марыа Берголіа за больш чым 30 гадоў упершыню стануць даступнымі чытачам ва ўсім свеце. Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс падрыхтаваў да публікацыі “Асабісты дзённік Папы Францішка”.

24 лістапада 2026 года ў 94 краінах свету выйдзе кніга “Асабісты дзённік Папы Францішка”, падрыхтаваная кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, прэфектам Дыкастэрыі Веравучэння. У ёй змешчаны і пракаментаваны асабістыя запісы Хорхе Марыа Берголіа, зробленыя ў перыяд з 20 снежня 1992 года да 18 жніўня 2024 года.

“Дзённік” выйдзе адначасова на пяці мовах. Ватыканскае выдавецтва (“Libreria Editrice Vaticana”) апублікуе кнігу на італьянскай. Іспанскае, англійскае і партугальскае выданні выйдуць пры ўдзеле “Penguin Random House”, а французскае – у выдавецтве “Editions Albin Michel”.

Кніга, якая мае выключную каштоўнасць і значнасць, дазволіць бліжэй пазнаёміцца з асобай і ўнутраным светам Хорхе Марыа Берголіа – Папы Францішка, які ўзначальваў Каталіцкі Касцёл з 13 сакавіка 2013 года да сваёй смерці 21 красавіка 2025 года.

“Мы вельмі радыя апублікаваць гэты тэкст кардынала Віктара Мануэля Фернандэса, які прадстаўляе чытачам дзённік Папы Францішка. Мы лічым, што гэтая кніга будзе цікавай чытачам ва ўсім свеце і дазволіць нам яшчэ глыбей пазнаёміцца з унутраным светам аргентынскага Пантыфіка”, — адзначыў Андрэа Тарніэлі, галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

“Ватыканскае выдавецтва служыць распаўсюджванню слоў Папаў на міжнародным узроўні. У гэтым годзе мы займаліся публікацыяй і распаўсюджваннем тэкстаў Роберта Фрэнсіса Прэвоста, сёння Папы Льва XIV, напісаных ім у перыяд, калі ён быў генеральным прыёрам аўгустынцаў, у выглядзе кнігі “Вольныя праз ласку”, ужо выдадзенай на некалькіх мовах. Мы вельмі радыя, што неўзабаве зможам прапанаваць чытачам у Італіі, а праз розных выдаўцоў і ва ўсім свеце, гэтыя асабістыя старонкі Папы Францішка, прадстаўленыя ў кнізе, падрыхтаванай адным з яго найбліжэйшых супрацоўнікаў, кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам”, — заявіў Ларэнца Фацыні, кіраўнік Ватыканскага выдавецтва.

Кніга “Асабісты дзённік Папы Францішка” будзе прадстаўлена міжнародным выдаўцам падчас Франкфурцкага кніжнага кірмашу, які пройдзе з 7 па 11 кастрычніка 2026 года.

Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку