Архідыяцэзія Парыжа апублікавала план новага інтэр’еру сабора Нотр-Дам, які пацярпеў ад маштабнага пажару ў 2019 годзе. Як паведамляе National Catholic Register, сабор плануюць зноў адкрыць для наведвальнікаў 8 снежня 2024 года.
Арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрых абраў двух кандыдатаў для стварэння новага алтара, кафедры, амбона, баптыстэрыя, а таксама крэслаў для вернікаў. Гэта рашэнне, апублікаванае 23 чэрвеня, стала вынікам двух этапаў кансультацый, у канцы якіх мастацкі камітэт архідыяцэзіі выбраў пяць праектаў з 69 прапанаваных.
Арцыбіскуп Парыжа заклікаў кандыдатаў імкнуцца да «высакароднай прастаты» і папрасіў, каб «прадстаўленыя працы дэманстравалі павагу да гэтага месца, яго гісторыі, яго магутнага сімвалізму, створанага місіяй, якую яно выконвала на працягу стагоддзяў», але таксама, каб яны паважалі «дух каталіцкай літургіі, у адпаведнасці са значэннямі і нормамі, усталяванымі пасля Другога Ватыканскага сабора».
Зроблены выбар кантрастуе з каменем і вітражамі помніка, але для арцыбіскупа Ульрыха абраны праект з’яўляецца часткай «гарманічнага» цэлага, дзе элементы «добра спалучаюцца адзін з адным». Святар адзначыў, што хацеў стварыць адзінае цэлае, паколькі літургічныя элементы, знішчаныя або пашкоджаныя падчас пажару 2019 года, былі распрацаваны рознымі мастакамі ў розных стылях.
У архідыяцэзіі таксама адзначылі, што адным з галоўных момантаў новага праекта з’яўляецца рашэнне размясціць баптыстэрый пры ўваходзе ў сабор, каля партала Страшнага суда, каб «адчыніць дзверы ў таямніцу Хрыста».
Галоўны алтар геаметрычнай формы будзе размешчаны на скрыжаванні нефа і трансептаў, «як камень, узяты з зямлі для ахвяры, які рыхтуецца, каб стаць сталом для Вячэры Пана».
Арцыбіскуп выбраў мастака Сільвена Дзюбюісана, які створыць новы рэлікварый для цярновага вянка, без папярэдняга абвяшчэння тэндэру. Вялікі памер рэлікварыя абумоўлены жаданнем зрабіць яго больш прыкметным і дазволіць вернікам класці на яго рукі, патлумачыў настаяцель сабора мансеньёр Аліўе Рыбада Дзюма.
Агульны кошт новых аб’ектаў, якія фінансуе фонд «Notre-Dame», ацэньваецца ў 6 мільёнаў еўра.
Новая версія інтэр’еру яшчэ не атрымала аднадушнага адабрэння экспертаў і вернікаў. Нягледзячы на тое, што некаторыя прадстаўнікі прэсы лічаць праект даволі смелым і аб’ядноўваючым, каталіцкія каментатары раскрытыкавалі стыль новай мэблі і элементаў, назваўшы іх «дызайнам Ikea 70-х гадоў», «адсылкай да «Сям’і Адамс»» або «ўвасабленнем заняпаду французскай Царквы».
У артыкуле, апублікаваным у штотыднёвіку «Famille chrétienne», гісторык мастацтва П’ер Тэкі выказаў занепакоенасць “паўсюднасцю абстракцыі” у творах сучаснага Касцёла, якая “пастаянна выклікае пытанні ў католікаў”. Адсоўваючы мастацкае вымярэнне на другі план, мы акунаемся ў функцыяналізм.
Мадэлі праекта да гэтага часу чакаюць канчатковага зацвярджэння Нацыянальнай камісіі па пытаннях архітэктуры і спадчыны Францыі, якая, як чакаецца, абвесціць свой вердыкт 13 ліпеня.
credo.pro
пераклад Марыны Ткач
