- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Архідыяцэзія Парыжа апублікавала план новага інтэр’еру сабора Нотр-Дам

[1]Архідыяцэзія Парыжа апублікавала план новага інтэр’еру сабора Нотр-Дам, які пацярпеў ад маштабнага пажару ў 2019 годзе. Як паведамляе National Catholic Register, сабор плануюць зноў адкрыць для наведвальнікаў 8 снежня 2024 года.

Арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрых абраў двух кандыдатаў для стварэння новага алтара, кафедры, амбона, баптыстэрыя, а таксама крэслаў для вернікаў. Гэта рашэнне, апублікаванае 23 чэрвеня, стала вынікам двух этапаў кансультацый, у канцы якіх мастацкі камітэт архідыяцэзіі выбраў пяць праектаў з 69 прапанаваных.

Арцыбіскуп Парыжа заклікаў кандыдатаў імкнуцца да «высакароднай прастаты» і папрасіў, каб «прадстаўленыя працы дэманстравалі павагу да гэтага месца, яго гісторыі, яго магутнага сімвалізму, створанага місіяй, якую яно выконвала на працягу стагоддзяў», але таксама, каб яны паважалі «дух каталіцкай літургіі, у адпаведнасці са значэннямі і нормамі, усталяванымі пасля Другога Ватыканскага сабора».

Зроблены выбар кантрастуе з каменем і вітражамі помніка, але для арцыбіскупа Ульрыха абраны праект з’яўляецца часткай «гарманічнага» цэлага, дзе элементы «добра спалучаюцца адзін з адным». Святар адзначыў, што хацеў стварыць адзінае цэлае, паколькі літургічныя элементы, знішчаныя або пашкоджаныя падчас пажару 2019 года, былі распрацаваны рознымі мастакамі ў розных стылях.

[2]

У архідыяцэзіі таксама адзначылі, што адным з галоўных момантаў новага праекта з’яўляецца рашэнне размясціць баптыстэрый пры ўваходзе ў сабор, каля партала Страшнага суда, каб «адчыніць дзверы ў таямніцу Хрыста».

Галоўны алтар геаметрычнай формы будзе размешчаны на скрыжаванні нефа і трансептаў, «як камень, узяты з зямлі для ахвяры, які рыхтуецца, каб стаць сталом для Вячэры Пана».

[3]

рэлікварый для цярновага вянка

Арцыбіскуп выбраў мастака Сільвена Дзюбюісана, які створыць новы рэлікварый для цярновага вянка, без папярэдняга абвяшчэння тэндэру. Вялікі памер рэлікварыя абумоўлены жаданнем зрабіць яго больш прыкметным і дазволіць вернікам класці на яго рукі, патлумачыў настаяцель сабора мансеньёр Аліўе Рыбада Дзюма.

Агульны кошт новых аб’ектаў, якія фінансуе фонд «Notre-Dame», ацэньваецца ў 6 мільёнаў еўра.

Новая версія інтэр’еру яшчэ не атрымала аднадушнага адабрэння экспертаў і вернікаў. Нягледзячы на ​​тое, што некаторыя прадстаўнікі прэсы лічаць праект даволі смелым і аб’ядноўваючым, каталіцкія каментатары раскрытыкавалі стыль новай мэблі і элементаў, назваўшы іх «дызайнам Ikea 70-х гадоў», «адсылкай да «Сям’і Адамс»» або «ўвасабленнем заняпаду французскай Царквы».

У артыкуле, апублікаваным у штотыднёвіку «Famille chrétienne», гісторык мастацтва П’ер Тэкі выказаў занепакоенасць “паўсюднасцю абстракцыі” у творах сучаснага Касцёла, якая “пастаянна выклікае пытанні ў католікаў”. Адсоўваючы мастацкае вымярэнне на другі план, мы акунаемся ў функцыяналізм.

Мадэлі праекта да гэтага часу чакаюць канчатковага зацвярджэння Нацыянальнай камісіі па пытаннях архітэктуры і спадчыны Францыі, якая, як чакаецца, абвесціць свой вердыкт 13 ліпеня.

credo.pro [4]
пераклад Марыны Ткач