Арцыбіскуп Станеўскі ў Ватыкане: час для візіту Папы ў Беларусь настаў

16 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV прыняў на прыватнай аўдыенцыі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які ўручыў яму афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь.

Сустрэча старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з Пантыфікам працягвалася каля паўгадзіны ў сяброўскай і сонечнай атмасферы, паінфармаваў іерарх у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі “Vatican News”.

Арцыбіскуп Станеўскі ахарактарызаваў Льва XIV як чалавека глыбокай веры, разважлівага, спакойнага, які ўмее ўважліва слухаць. Разам з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім на аўдыенцыі прысутнічалі біскуп Аляксандр Яшэўскі і ксёндз-канонік Юрый Ясевіч. Дэлегацыя ўручыла Святому Айцу падарунак – абраз Маці Божай Будслаўскай, намаляваны мастачкай Ядвігай Сенько.

Настаў час для візіту Пантыфіка ў Беларусь, краіну ў сэрцы Еўропы

Ключавым момантам сустрэчы стала ўручэнне афіцыйнага пісьмовага запрашэння для Льва XIV здзейсніць візіт у Беларусь. Дакумент быў перададзены ад імя епіскапату, духавенства і ўсіх вернікаў краіны. Арцыбіскуп Станеўскі, звяртаючыся да Святога Айца на італьянскай мове, адзначыў, што праз яго з Пантыфікам сустракаецца ўвесь каталіцкі народ Беларусі. Ён звярнуў увагу на тое, што ў 2026 годзе будзе адзначацца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, што з’яўляецца важнай датай для мясцовай супольнасці.

Іерарх нагадаў, што папярэднікі Льва XIV на Пасадзе Пятра наведалі практычна ўсіх суседзяў Беларусі, і беларускі народ таксама вельмі чакае такога “дотыку”, які натхняе больш, чым словы. З доляй жарту арцыбіскуп прапанаваў Папу асабіста прыехаць і “праверыць”, ці сапраўды ў Беларусі каля двух мільёнаў католікаў.

Леў XIV з усмешкай і разуменнем прыняў запрашэнне. Ён адзначыў, што каляндар на бягучы Юбілейны год вельмі шчыльны, і на наступны год таксама ўжо ёсць запланаваныя мерапрыемствы. Аднак Святы Айцец даў надзею, што запрашэнне будзе ўважліва разгледжана, а адказ будзе перададзены праз Апостальскую нунцыятуру ў Мінску. “Мы выйшлі з аўдыенцыі поўныя надзеі”, — падсумаваў арцыбіскуп Станеўскі.

Экуменічныя адносіны на добрым узроўні

Адказваючы на пытанне аб гатоўнасці беларускага грамадства, у прыватнасці праваслаўнай большасці, да візіту Папы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі выказаў упэўненасць, што “настаў той час, калі Пантыфік можа наведаць вернікаў Каталіцкага Касцёла і ўсіх людзей нашай Бацькаўшчыны”.

Каталіцкі іерарх адзначыў добрыя адносіны і дыялог з праваслаўным Мітрапалітам Веніямінам, а таксама неаднаразовыя запрашэнні ў бок Папы ад кіраўніцтва дзяржавы сведчыць пра гатоўнасць на розных узроўнях прыняць Святога Айца ў Беларусі. “Чым даўжэйшае чаканне, тым больш сардэчнае прывітанне”, — дадаў іерарх.

Папа паінфармаваны аб сітуацыі ў Беларусі

Падчас размовы Пантыфік праявіў добрую інфармаванасць аб жыцці Касцёла ў Беларусі. Ён задаваў канкрэтныя пытанні, у прыватнасці, аб магчымасці сацыяльнага служэння ў шпіталях і вязніцах, а таксама аб тым, ці ўсе касцёлы, у якіх моляцца вернікі, належаць каталіцкай супольнасці.

У адказ арцыбіскуп Станеўскі згадаў, што паміж Беларуссю і Святым Пасадам яшчэ не падпісаны канкардат ці нейкая іншая форма дамовы.

У кантэксце служэння прымірэння ў грамадстве Леў XIV, спасылаючыся на сваю першую адгартацыю “Dilexi te”, падкрэсліў важнасць дапамогі чалавеку ў патрэбе. “Чалавеку трэба перш дапамагчы, а потым ужо пытаць яго імя і веравызнанне. На першым месцы чалавек”, — працытаваў словы Пантыфіка арцыбіскуп, бачачы ў гэтым ключ да плённага суіснавання з прадстаўнікамі іншых канфесій.

Балючыя пытанні

Размова была вельмі канструктыўнай. Беларуская дэлегацыя падняла шэраг вострых пытанняў, якія хвалююць вернікаў.

Адной з галоўных тэм стала сітуацыя з касцельнай маёмасцю. Іерарх распавёў пра лёс мінскага Чырвонага касцёла, парафія якога пасля забароны на выкарыстанне будынка вымушана маліцца ў архікатэдры. Арцыбіскуп прывёў трапную метафару: “дзве сям’і ў адным будынку, нават у катэдральным, – гэта не вельмі”. Таксама была згадана праблема мінскага касцёла на Кальварыйскіх могілках, дзе хоць і дазволена маліцца вось ужо 45 гадоў, але няма яго юрыдычнага вяртання вернікам. Цяпер дзяржаўная арганізацыя плануе там рамонт, з прычыны чаго парафія будзе вымушана шукаць часовае месца. Папа ведаў гэтыя гісторыі.

Асобна была ўзнята тэма святароў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Хоць Святы Айцец не задаваў гэтага пытання напрамую, беларуская дэлегацыя сама выказала “заклапочанасць” іх лёсам. Па словах арцыбіскупа Станеўскага, гэтая інфармацыя выклікала бачную занепакоенасць Льва XIV.

“Беларускі Калегіум”: куточак Бацькаўшчыны ў Рыме

Адной з самых яркіх ініцыятыў, агучаных на сустрэчы, стала прапанова стварыць у Рыме “Беларускі Калегіум” (Collegium Bielorussicum). Як патлумачыў арцыбіскуп, ідэя нарадзілася з неабходнасці мець пастаянную прысутнасць у Вечным горадзе і стварыць уласны “маленькі куточак Бацькаўшчыны”.

Адна з прапаноў заключаецца ў тым, каб беларуская Канферэнцыя Біскупаў узяла пад сваю апеку адну з парафій у Рыме ці яго ваколіцах. Гэта дазволіла б стварыць духоўна-культурны цэнтр, які стаў бы месцам прыцягнення для беларускіх пілігрымаў, духоўнай апекі для дыяспары, а таксама пляцоўкай для правядзення вечароў беларускай літаратуры, музыкі і традыцый.

Па словах арцыбіскупа Станеўскага, гэта ініцыятыва вельмі зацікавіла Папу Льва XIV. Ён паабяцаў, што зоймецца гэтым пытаннем, перадаўшы яго на разгляд свайму вікарыю для Рымскай дыяцэзіі.

На заканчэнне, звяртаючыся з пасланнем з Вечнага горада да святароў і вернікаў Беларусі, арцыбіскуп Станеўскі выбраў адно ёмістае італьянскае слова: “Coraggio”. Ён патлумачыў, што гэта шырокае паняцце азначае мужнасць, адвагу, з’яўляецца заклікам не падаць духам і прапанаваў кожнаму зразумець гэты пасыл асабіста, так, як яму “да сэрца”.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку