Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прызначаны новым прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў

21 лістапада 2022 года Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. З 2020 года іерарх быў Апостальскім Нунцыем у Вялікабрытаніі.

Арцыбіскуп Гуджэроці распачне сваю дзейнасць на новай пасадзе ў сярэдзіне студзеня 2023 года.

Клаўдыё Гуджэроці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 года ў італьянскай Вероне. Cкончыў факультэт Усходніх моваў і літаратуры Венецыянскага дзяржаўнага ўніверсітэта “Cà Foscari”, атрымаў вучоную ступень магістра святой літургіі ў Папскім літургічным інстытуце святога Анзэльма ў Рыме, абараніў дактарат у Папскім Усходнім Інстытуце.

Святарскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 1982 года. З’яўляецца тытулярным арцыбіскупам Равэлы. У 1985 годзе паступіў на служэнне ў Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў.

7 снежня 2001 года быў прызначаны Апостальскім Нунцыем у Арменіі і Грузіі, 13 снежня таго ж года – Апостальскім Нунцыем у Азербайджане. 6 студзеня 2002 года атрымаў біскупскую сакру.

З 15 ліпеня 2011 года па 13 лістапада 2015 года быў Апостальскім Нунцыем у Беларусі. Затым, на працягу амаль пяці гадоў, выконваў дыпламатычную місію ва Украіне. З 2020 года быў Апостальскім Нунцыем у Вялікабрытаніі.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку