Акт вандалізму ў Магілёве: уначы ў старажытнай катэдры невядомыя пабілі шыбы

У ноч з 19 на 20 студзеня невядомымі былі разбітыя шыбы ў вокнах будынку катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве — адной з найбольш гістарычна важных каталіцкіх святынь у Беларусі, паведамляе Catholic.by.

Былі пашкоджаныя вокны прэзбітэрыя, таксама разбітыя наскрозь шыбы капліцы Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія Падуанскага, у тым ліку пашкоджаныя вокны памяшканняў, дзе адбываюцца сустрэчы Легіёна Марыі і групы АА. Разбітыя вокны падвальных памяшканняў пад капліцай Маці Божай Бялыніцкай.

Парафія звярнулася з адпаведнай заявай у РАУС Ленінскага раёна горада Магілёва для расследвання акту вандалізму і прыцягнення да адказнасці невядомых зламыснікаў, якія яго ўчынілі.

для друку для друку