Агульнаеўрапейская малітва аб спыненні пандэміі

Усё больш і больш краін далучаюцца да малітвы аб вызваленні свету ад пандэміі, якую прапанавалі аўстрыйскія вернікі.

Ініцыятыва “Еўропа моліцца” запрашае людзей адзін раз на тыдзень збірацца на супольнай малітве, асабліва на ружанцы, на вуліцах, плошчах і ў касцёлах.

Зараз у нямецкамоўных краінах існуе каля 700 месцаў, дзе хрысціяне розных канфесій моляцца аб спыненні пандэміі, аб пераадоленні падзелаў у грамадстве і аб навяртанні.

Як паведаміў Роланд Ноэ, дырэктар аўстрыйскага агенцтва kath.net, якое з’яўляецца галоўным натхняльнікам малітвы, яе ідэя распаўсюджваецца з Дуная на іншыя еўрапейскія краіны. У апошнія тыдні далучыліся італьянцы, іспанцы, французы, швейцарцы, немцы, славенцы і палякі. На думку журналіста людзей мабілізавалі новыя санітарныя абмежаванні, якія ў апошнія тыдні ўвялі ўрады многіх краін у сувязі з хуткім распаўсюджваннем Omicron.

З ініцыятывай вялікай малітвы на ружанцы аб спыненні пандэміі выступіў у лістападзе 2021 года зальцбургскі святар Ігнац Штайнвэндэр, які крытыкуе выключэнне непрышчэпленых з грамадства. Ён нагадаў, што сённяшні чалавек не бярэ пад увагу Бога і забыўся пра сілу малітвы.

Ініцыятыва таксама звязана з Аляксандрам Чугелем, заснавальнікам Інстытута св. Баніфацыя, аўстрыйскага аналітычнага цэнтра, які абараняе каталіцкую веру і з’яўляецца натхняльнікам ружанцовых працэсій з самага пачатку пандэміі. Ён звяртае ўвагу на тое, што ў вырашэнні любых сусветных праблем хрысціянам патрэбна Божая дапамога, і Марыя з’яўляецца магутнай памочніцай на гэтым шляху. Адсюль і заклік да малітвы на ружанцы ў інтэнцыі спынення пандэміі.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку