22 снежня 2022 года ў Паставах у парафіі святога Антонія Падуанскага і Беззаганнай Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася адвэнтовая сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі.
На сустрэчу прыехала моладзь з Полацка, Браслава, Лынтупаў, Варапаева і іншых мясцін дыяцэзіі. Прымала ўдзел і моладзь з Пастаў.
Сустрэча пачалася з прывітання душпастыра моладзі Віцебскай дыяцэзіі кс. Алега Хмылко і з малітвы Вяночкам да Божай міласэрнасці. Пасля чаго адбылася канферэнцыя, якую прамовіў а. Віктар Мялешка — францішканін з Удзела.
Таксама была магчымасць споведзі і святая Імша, якую цэлебраваў кс. Алег Хмылко. У гаміліі кс. Алег узгадаў, што Божае Нараджэнне — гэта нараджэнне чагосьці новага і вялікага. Галоўнае гэта «штосьці» не праспаць, а распачаць новы шлях разам з Хрыстом. Каб гэта дапамагло нам праявіць больш энтузіазма, да чаго заклікаў і Папа Францішак.
Пазней адбылося дзяленне аплаткам і супольная вячэра.
Сустрэча скончылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўдзяленнем індывідуальнага благаслаўлення.
Кс. Алег Хмылко
