Адвэнт — 2021 у беларускіх каталіцкіх сем’ях

Адвэнт з’яўляецца вельмі добрай нагодай для ўмацавання сям’і. Як выкарыстоўваюць час Адвэнту каталіцкія сем’і і як разам рыхтуюцца да Божага Нараджэння, чытайце ў сённяшнім апытанні “Каталіцкага Весніка”.

 

 Максім і Вольга Радзюшы (адказвае Вольга):

– Нашай сям’і пяць гадоў. Мы з мужам абодва каталікі. Маем двух сыноў: Андрэя (чатыры гады) і Станіслава (адзін год). Для нас Адвэнт – гэта час, калі мы асаблівым чынам рыхтуемся павіншаваць Езуса з Днём Нараджэння. А як падарунак рыхтуем Яму нашыя сэрцы. Старэйшы сын рэпеціруе ў падарунак спеў і імкнецца да Раства навучыць малодшага брата спяваць. Раней звычайна мы маліліся ўсёй сям’ёй перад крыжам. Але на Адвэнт 2019 года нам падарылі прыгожую святочную свечку. З таго моманту падчас Адвэнту молімся з гэтай свечкай. Такім чынам, старэйшы сын ужо ведае, што наступіў важны перыяд.

Віталь і Вольга Заянчкоўскія (адказвае Вольга):

– Адвэнт – асаблівы час для нашай сям’і. Час прыпыніцца, задумацца, ацаніць усё, што адбылося за год. Падчас Адвэнту мы стараемся захоўваць пост, больш молімся. Разам з дачкой і мужам наведваем раратнія набажэнствы. Наша шасцігадовая дачушка вельмі любіць гэтыя Імшы, сама прыдумвае ідэі раратняй свечкі. Таксама мы з мужам робім каляндар на Адвэнт з рознымі заданнямі. Дачка з задавальненнем выконвае іх, з нецярпеннем чакае наступнага дня. Для нас з мужам гэта яшчэ і час стаць бліжэй, адкінуць штодзённыя справы, пабыць разам. Хоць у шлюбе мы ўжо сем гадоў, аднак стараемся падтрымліваць дашлюбную рамантыку, цікавасць да спраў адно аднаго. За Адвэнт імкнёмся падрыхтавацца да святаў, прыступіць да споведзі. Такое ўнутранае ачышчэнне дапамагае яшчэ больш зблізіцца. Не забываемся і пра знешні бок: упрыгожваем дом, ставім елачку, рыхтуем аплаткі і спіс страў на вігілійны стол. Для нас Адвэнт – час вялікай надзеі і чакання прыходу Збаўцы.

Сяргей і Кацярына Раюнцы (адказвае Кацярына):

– У шлюбе мы сёмы год, абодва – католікі-практыкі. Нашаму сыну Марку тры з паловай гады. Як і для ўсіх вернікаў, Адвэнт для нас у першую чаргу – падрыхтоўка свайго сэрца да сустрэчы з нованароджаным Збаўцам. Кожны з нас бярэ на час Адвэнту асабістыя пастановы, але таксама мы выбіраем нешта, над чым будзем працаваць усёй сям’ёй. У гэтым годзе мы будзем рыхтавацца з дапамогай Адвэнт-календара «Беларусь чакае Раство». Там будзе план чытання Слова Божага на кожны дзень, а таксама будуць цікавыя заданні. Акрамя малітвы і пастановаў, мы кожны год робім нейкія творчыя рэчы разам: перакладаем спевы на беларускую мову, запісваем калядны альбом, здымаем калядныя кліпы. У гэтым годзе робім распісную стаенку. І, канешне, шмат слухаем каляднай музыкі, спяваем, танчым, пячом імбірныя пернікі (з кожным годам яны атрымліваюцца ўсё смачнейшыя).

Айцец Аляксей і Святлана Варанко (адказвае а. Аляксей):

– Некалькі слоў пра сям’ю… Мы грэка-католікі, я святар. У шлюбе ўжо шаснаццаць гадоў. Маем чацвёра дзяцей (Вера – пятнаццаць гадоў, Любоў – трынаццаць гадоў, Глеб – восем гадоў, Надзея – два годзікі). Час падрыхтоўкі да Раства штогод перажываем па-рознаму. Заўсёды дзеці чакаюць падарункаў. Важнай часткай з’яўляецца святы вечар, калі мы збіраемся разам на посны стол, а пасля ўдзельнічаем у святочнай літургіі. Мы з жонкай не вельмі канцэнтруемся на знешніх рытуалах, напрыклад, колькі мусіць быць страў і г.д. Мы дастаткова спантанныя, і часам у нас няма канкрэтных планаў на Адвэнт і на Раство… Можам, напрыклад, сядзець дома і нечакана вырашыць пайсці ў госці да сяброў. Так проста, у апошнюю гадзіну, без лішніх фармальнасцяў. Сёлета мы таксама пакуль не ведаем, дзе сустрэнем радасць Божага Нараджэння. У гэтым, пэўна, мы падобныя да Святой Сям’і. Хрыстос дакладна народзіцца, але ў якім месцы, – невядома. Для мяне важна быць са сваімі блізкімі, а дзе – Бог пакажа. Таксама вельмі важна, ці ёсць у нашай сям’і любоў, згода, ці можам мы слухаць і чуць адно аднаго, прасіць прабачэння. Бо Хрыстос прыйшоў, каб прынесці мір і знішчыць усялякую перашкоду паміж людзьмі.

Аляксей і Святлана Жылевічы (адказвае Святлана):

– Мы сужэнцы ўжо адзінаццаць гадоў. У нашай каталіцкай сям’і трое дзяцей: Мацвей-Аўгусцін (восем гадоў), Міхаліна (пяць гадоў), Ян (тры гады). Для нашай сям’і Адвэнт – гэта час чакання і падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння. Гэта прыгожы перыяд, напоўнены мноствам традыцый, якія і мы практыкуем у сваёй сям’і. Да Адвэнту звычайна вырабляем вянок з чатырма свечкамі, якія запальваем падчас штодзённай вячэрняй малітвы. Дзеці вельмі любяць гэты момант, ахвотней збіраюцца на малітву і па чарзе задзьмухваюць свечку. Таксама рыхтуем Адвэнтавы каляндар з заданнямі на кожны дзень: удзел у раратняй Імшы, малітва ў пэўных інтэнцыях, чытанне Бібліі, спяванне калядак, размалёўкі, упрыгожванне дома і ялінкі, развучванне калядак – заданні нібыта для дзяцей, але яны аб’ядноўваюць усіх нас. За выкананае заданне дзеці атрымліваюць наклейкі ў выглядзе сэрцаў і збіраюць іх у мяшочак у якасці падарунка для нованароджанага Езуса. Стараемся ўдзельнічаць хоць бы па чарзе ў ранішніх раратніх Імшах (старэйшы сын ходзіць на рараты з чатырох гадоў). Такія традыцыі дапамагаюць глыбей асэнсаваць урачыстасць Божага Нараджэння і больш часу прысвяціць малітве. Спадзяёмся, што так атрымаецца зрабіць і ў гэтым годзе.

Аляксей і Іна Яновічы (адказвае Іна):

– Нашай сям’і ўжо адзінаццаць гадоў. Мы з мужам абодва католікі. У нас адна дачка – Паліна, ёй дзевяць гадоў. Адвэнт для нашай сям’і – гэта час, напоўнены верай, малітвай і любоўю, калі мы чакаем нараджэння Езуса. Распачынаем гэты перыяд заўсёды малітвай на пачатак Адвэнта. Таксама робім сабе такія пастановы, якія набліжаюць нас да Бога. Сёлета, напрыклад, мы адмовіліся ад гульняў на смартфоне і ад непатрэбных пустых размоў па тэлефоне. А ў той вольны час, які  з’явіўся, можна пачытаць Слова Божае ці памаліцца. А можна проста ў цішыні падумаць пра сваё духоўнае жыццё. Адвэнт – выдатная магчымасць сумленна зазірнуць у самыя цёмныя куткі сваёй душы.

Падчас Адвэнту мы ўдзельнічаем у раратняй святой Імшы. З вялікай ахвотай наша дачка таксама прымае ў ёй удзел, трымаючы ў руках запаленую свечку. Стараемся прысутнічаць на ўсіх набажэнствах, якія праходзяць у гэты перыяд, на рэкалекцыях.

А яшчэ мы робім Адвэнт-каляндар з інтэнцыямі і разважаннем над Словам Божым. А каб дзіцяці было цікава, пасля малітвы і разважанняў яна атрымлівае салодкі падарунак. У гэтым годзе мы зрабілі яловы вянок з чатырма свечкамі, якія па чарзе будзем запальваць на кожную нядзелю Адвэнту. Ужо бліжэй да Калядаў мы збіраем таксама падарунак для малечы з дзіцячага дома.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі