29 мая ў Віцебскай катэдры адбыўся фінал ІІІ Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання-2021. У ім прыняло ўдзел 47 дзяцей (26 з малодшай катэгорыі да 11 гадоў, 21 са старэйшай, 12-14 гадоў уключна) з 13 парафій Віцебскай дыяцэзіі і (упершыню!) 5 парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Дзеці рыхтаваліся да гэтага дня некалькі месяцаў: вывучалі кнігі Тобія і Евангелле паводле Мацвея, а таксама прайшлі два папярэднія этапы конкурсу. У падрыхтоўцы дзецям актыўна дапамагалі бацькі і катэхеты. Яны таксама прыехалі падтрымаць іх у Віцебск. Дзяцей, бацькоў, катэхетаў і святароў на самым пачатку прывітаў біскуп Алег Буткевіч, які цэлебраваў святою Імшу ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў.
Падчас казання біскуп Віцебскі ўзгадаў словы св. Гераніма: “Той, хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста”. Ён адзначыў, што кожны, хто прыняў удзел у гэтым конкурсе, ужо перамог, бо глыбей адкрыў для сябе Божае Слова, і таму бліжэй пазнаў Хрыста. Біскуп заклікаў заўсёды мець ў павазе тых людзей, якія вядуць нас да Бога і дапамагаюць у пазнаванні Божага Слова, а таксама рупіцца, каб Божая мудрасць няспынна была прысутна ў нашым жыцці. Бо той, хто ведае Хрыста, той, хто жыве Божым словам, ніколі не будзе асаромлены.
Пасля такіх натхнёных словаў і біскупскага блаславення, распачаўся сам Конкурс камандным заданнем «Біблейскі алфавіт», дзякуючы якому дзеці змаглі пазнаёміцца і “разагрэцца” перад асноўнымі пытаннямі. Таксама і дарослыя атрымалі невялічкі тэст, у якім адзначыліся добрымі вынікамі.
Пасля асноўных конкурсных заданняў у малодшай і старэйшай катэгорыях вылучылася па 7 чалавек з найбольшай колькасцю балаў. Яны змагаліся за прызавыя месцы, адказваючы на дадатковыя пытанні.
Многія ўдзельнікі паказалі выдатнае веданне абраных кніг Святога Пісання, а нават наракалі, што пытанні былі надта лёгкімі. Тым не менш, у кожным конкурсе мусяць быць пераможцы, і імі ў малодшай катэгорыі сталі:
- Мікуць Лідзія
- Маслякова Ангеліна
- Каралькова Аўрэлія
У старэйшай катэгорыі перамаглі:
- Бабаева Паліна
- Цвірко Яраслаў
- Патапейка Кацярына.
Не толькі пераможцы, але ўсе ўдзельнікі і іх катэхеты атрымалі дыпломы і падарункі, за якія мы ўдзячныя Карытас Лінц (Аўстрыя). Не абышлося і без смачнага абеду, а таксама вясёлых гульняў і танцаў, што падрыхтавалі валанцёры Карытас.
Арганізатарам Конкурсу, які адбыўся ў Віцебскай дыяцэзіі ўжо трэці раз, з’яўляецца Карытас Віцебскай дыяцэзіі. Мы шчыра дзякуем кожнаму, хто стаў чатскай гэтай падзеі, і спадзяёмся на сустрэчу ў наступным годзе! А Слова Божае няхай будзе для нас светачам на штодзённым шляху!
с. Дар’я Галубкова OV, каардынатар
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!






