У Каліфорніі больш за сто пар вырашылі зрабіць крок ад грамадзянскага шлюбу да сакраментальнага шлюбу. Дыяцэзія Сан-Хасэ запусціла ініцыятыву «Radiate Love» («Выпраменьвай каханне»). Спачатку арганізатары чакалі толькі дзясятак пар. У рэшце рэшт зарэгістраваліся 102 пары.
Праграма ўзнікла з вельмі канкрэтнага назірання. Хасэ Сото, дырэктар па духоўнасці дарослых і сямейным жыцці ў дыяцэзіі Сан-Хасэ, заўважыў, што многія сем’і з дзецьмі наведваюць нядзельную Імшу, але некаторыя бацькі не прымаюць святую Камунію. Гэта было звязана з іх грамадзянскім статусам.
Такім чынам, узнікла пытанне: ці можна дапамагчы гэтым сем’ям вярнуцца да поўнага сакраментальнага жыцця? Ініцыятыва «Radiate Love» дала адказ. Першапачаткова меркавалася, што гэта будзе невялікі пілотны праект, але інтарэс апынуўся значна большы, чым чакалася.
З-за вялікай колькасці заявак цырымоніі праводзіліся падчас некалькіх супольных св. Імшаў. Пары таксама маглі папрасіць індывідуальныя цырымоніі.
У падрыхтоўцы ўдзельнічалі настаўнікі — вопытныя сужэнскія пары, якія суправаджалі кандыдатаў на іх шляху да сакраманту.
Дыяцэзія выкарыстоўвала, сярод іншага, праграму «Сведчанне кахання», якая злучае пары, якія рыхтуюцца да шлюбу, з настаўнікамі. Мэтай было не толькі выканаць фармальнасці, але, перш за ўсё, спрыяць фармацыі і адкрыць для сябе духоўнае вымярэнне шлюбу.
Арганізатары падкрэсліваюць, што сакраментальны шлюб — гэта больш, чым проста дагавор паміж двума людзьмі. Гэта запавет, у якім прысутнічае Бог, і ён прызначаны для таго, каб весці мужа і жонку не толькі ў паўсядзённым жыцці, але і да святасці.
Адна з удзельніц сказала, што сумесная цырымонія паказала ёй, якім з’яўляецца Касцёл як супольнасць. Бачыць так шмат пар, якія разам прымаюць сакрамант, было для яе знакам таго, што Касцёл верыць у шлюб і хоча падтрымліваць сем’і.
deon.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
