Па дадзеных на 1 студзеня 2026 года нарвежская дзяржава прызнавала наяўнасць 170 983 членаў Каталіцкага Касцёла. Менавіта на гэтай лічбе Міністэрства па справах дзяцей і сем’і, якое адказвае за рэлігійныя пытанні, грунтавала разлік штогадовай дзяржаўнай субсідыі для супольнасці. Католікі складаюць прыкладна 3% насельніцтва і гэта самы высокі вынік за ўсю гісторыю.
Каталіцкі Касцёл з’яўляецца другой па велічыні зарэгістраванай рэлігійнай ці філасофскай супольнасцю ў Нарвегіі. Першае месца займае Нарвежская Царква — лютэранская канфесія, якая мела статус дзяржаўнай Царквы да 2012 года. У цяперашні час яна налічвае каля 3,4 мільёна членаў, што складае прыкладна шэсць з дзесяці жыхароў краіны.
Калі скласці колькасць членаў мячэцей і ісламскіх аб’яднанняў, колькасць зарэгістраваных мусульман перавысіць 200 тысяч чалавек. Яны аб’яднаны ў 288 асобных супольнасцей, кожная з якіх мае ўласны статут. У адрозненне ад іх, Каталіцкі Касцёл прадстаўлены ў рэестрах міністэрства як адзіная арганізацыя — «Den katolske kirke i Norge» (Каталіцкі Касцёл у Нарвегіі), — якая ахоплівае тры касцельныя адзінкі.
Колькасць вернікаў вызначае памер субсідый.
У Нарвегіі афіцыйныя дадзеныя аб рэлігійнай прыналежнасці маюць прамыя фінансавыя наступствы. Закон аб рэлігійных і філасофскіх супольнасцях, прыняты ў 2020 годзе і які ўступіў у сілу 1 студзеня 2021 года, дазваляе зарэгістраваным супольнасцям падаваць заяўкі на атрыманне штогадовых дзяржаўных субсідый. Іх памер прыкладна адпавядае суме, якую дзяржава і мясцовыя органы ўлады вылучаюць на аднаго члена Касцёла Нарвегіі. У 2026 годзе стаўка складае 1611 крон на чалавека.
Каб вернік быў уключаны ў разлік, неабходна ідэнтыфікаваць яго па нарвежскім нацыянальным ідэнтыфікацыйным нумары (fødselsnummer). Спісы членаў правяраюцца цэнтральнымі рэестрамі ў Бронёйсундзе (Brønnøysund); там, сярод іншага, правяраюць, ці не належыць чалавек адначасова да дзвюх суполак. З 2026 года мінімальная колькасць членаў, неабходная для атрымання субсідыі, павялічана са 100 да 200 чалавек.
Гістарычныя дадзеныя статыстычнага ўпраўлення Нарвегіі (SSB) паказваюць значныя змены ў колькасці членаў Каталіцкага Касцёла. У 1971 годзе было зарэгістравана 9366 католікаў; да 1990 года гэтая лічба складала 26 580, а ў 1999 годзе — 40 203.
Імклівы рост адбыўся пасля пашырэння Еўрапейскага саюза на ўсход у 2004 годзе. У 2011 годзе SSB зафіксавала прыкладна 83 тысячы католікаў, а праз год іх колькасць перавысіла 100 тысяч — рост амаль на 20 тысяч чалавек усяго за дванаццаць месяцаў. Упраўленне звязвала гэты ўсплёск перад усім з міграцыяй з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе пераважае каталіцызм.
У 2020 годзе афіцыйная колькасць членаў Касцёла складала 165 254 чалавекі. З таго часу рост стаў значна больш павольным. Міністэрства зафіксавала 166 663 каталікоў у 2024 годзе, 168 220 — у 2025-м і 170 983 — у 2026-м.
Аднак гэта не азначае, што афіцыйная статыстыка ўлічвае ўсіх католікаў, якія жывуць у Нарвегіі. З пункту гледжання Касцёла, чалавек, які прыбывае з каталіцкай краіны, ужо з’яўляецца католікам, тады як у дзяржаўных рэестрах ён з’яўляецца толькі пасля афіцыйнага абвяшчэння сваёй прыналежнасці. Многія мігранты не праходзяць гэтую рэгістрацыю.
Тым не менш, статыстычнае ўпраўленне Нарвегіі (SSB) падкрэслівае, што сярод хрысціянскіх супольнасцей найбольш хуткі рост за апошнія пяць гадоў дэманстравалі каталіцкія і праваслаўныя групы.
Ад сярэднявечнай мітраполіі да трох касцельных адзінак.
Гісторыя каталіцызму ў Нарвегіі нашмат старэй сучаснай статыстыкі. У Сярэднявеччы ў краіне існавала адна з найбуйнейшых касцельных правінцый Еўропы. З 1153 года арцыбіскуп Нідараса (сучасны Тронхейм) выконваў функцыі мітрапаліта, курыруючы дыяцэзіі, якія ахоплівалі Аркнейскія і Фарэрскія астравы, Ісландыю і Грэнландыю. Рэфармацыя прывяла да ліквідацыі гэтай структуры. Першая каталіцкая парафія, заснаваная пасля Рэфармацыі — парафія Святога Олафа ў Крысціяніі (сучасным Осла), — была зацверджана ў 1843 годзе.
У цяперашні час Каталіцкі Касцёл у Нарвегіі складаецца з трох юрысдыкцый, якія падпарадкоўваюцца непасрэдна Святому Пасаду. Дыяцэзія Осла ахоплівае паўднёвую частку краіны, распасціраючыся на поўнач да плато Доўрэ. Тронхейм і Тромсё маюць статус тэрытарыяльных прэлатур з 28 сакавіка 1979 года.
Згодна з канонам 370 Кодэкса кананічнага права, тэрытарыяльная прэлатура — гэта частка Божага народа, якая валодае ўласнай тэрыторыяй, давераная прэлату, які ажыццяўляе над ёй уладу, падобную да ўлады дыяцэзіяльнага біскупа. На практыцы гэтыя юрысдыкцыі функцыянуюць амаль так жа, як і дыяцэзіі.
Нарвежскія біскупы ўваходзяць у склад Паўночнай канферэнцыі біскупаў, якая таксама аб’ядноўвае іерархаў са Швецыі, Даніі, Фінляндыі і Ісландыі. Станам на верасень 2024 года канферэнцыю ўзначальвае біскуп Эрык Вардэн.
Осла — цэнтр каталіцкага жыцця.
Пераважная большасць католікаў пражывае ў межах дыяцэзіі Осла. Паводле звестак, пададзеных Святому Пасаду ў канцы 2022 года, дыяцэзія налічвала 145 120 вернікаў на тэрыторыі плошчай 154 443 квадратных кіламетраў. Служэнне ў ёй выконвалі 86 святароў (56 дыяцэзіяльных і 30 манахаў), а таксама восем дыяканаў.
Дыяцэзія ўключае 26 парафій і адну пастырскую акругу ў даліне Вальдрэс. Тры парафіі знаходзяцца ў Осла: пры саборы Святога Олафа, а таксама пры касцёлах Святога Хальварда і Святога Яна. Астатнія размешчаны на тэрыторыі, якая цягнецца ад Бергена і Ставангера да Крысціянсанда і Лілехамера. Станам на 16 ліпеня 2025 года біскупам Осла з’яўляецца Фрэдрык Хансен, які нарадзіўся ў 1979 годзе ў Драмене.
У Осла таксама дзейнічаюць касцельны суд і катэхетычны цэнтр. Сярод арганізацый і ўстаноў, якія вядуць дзейнасць у маштабах усёй краіны, — «Missio Norge», «Caritas Norge», каталіцкая моладзевая арганізацыя «Norges Unge Katolikker», часопіс «St. Olav» і аднайменнае выдавецтва.
Адзіным Папам, які наведаў Нарвегію, быў святы Ян Павел II; яго візіт адбыўся з 1 па 3 чэрвеня 1989 года.
Па матэрыялах ekai.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
