Вітаю мамаў у нашай рубрыцы. У мінулым матэрыяле мы разглядалі дзіцячыя крызісы і іх прычыны. Сёння я прапаную пяць простых парадаў, як бацькам прасцей перажыць крызіс нованароджанасці і чым дапамагчы немаўляці.
Крызіс нованароджанасці працягваецца ад нараджэння да двух месяцаў. Ён абумоўлены зменай асяроддзя жыцця дзіцяці (з улоння мамы ў навакольны свет).
Як у гэты час паводзіць сябе бацькам?
- Імгненная рэакцыя на плач
У нованароджанага ёсць адзіны спосаб камунікацыі – плач. Варта памятаць, што дзіця не здольнае “маніпуляваць” або “быць разбэшчаным”. Гэта сігнал SOS і рэакцыя на фізічны або эмацыйны дыскамфорт.
Бацькам важна ведаць: дзіця плача, калі галоднае, стомленае або перанапружанае, адчувае боль ці фізічны дыскамфорт. Першыя тыдні жыцця – цудоўны час, каб максімальна праявіць сваю ўважлівасць, чуласць і пяшчоту. Памятайце: чым хутчэй вы навучыцеся разумець прычыну дзіцячага плачу, тым прасцей будзеце з ім спраўляцца.
- Максімум тактыльнага кантакту
Самы хуткі спосаб заспакаення дзіцяці – кантакт “скура да скуры”. Ён дапамагае адчуваць бяспеку. Маме і тату варта як мага часцей насіць немаўля на руках. Час ад нараджэння да трох месяцаў нездарма называюць “даношваннем”. Дзіця псіхалагічна адчувае сябе адзіным цэлым з маці.
Рукі дарослага – адзінае бяспечнае месца, якое нагадвае ўнутрыўтробнае жыццё (цяпло, стук сэрца, пагойдванне). Дарэчы, “прывучэнне” да рук – стары міф, які цалкам абвяргаюць сучасныя ўзроставая псіхалогія і педыятрыя. Дзеці, чые патрэбы ў тактыльным кантакце задавальняюцца ў першыя месяцы, у будучыні вырастаюць больш самастойнымі і ўпэўненымі ў сабе.
- Павольная адаптацыя да навакольнага асяроддзя
Калі дзіця жыло ва ўлонні мамы, знешнія раздражняльнікі былі прыглушанымі, бо арганізм выступаў як прыродны фільтр. У навакольным асяроддзі “фільтр” знікае. Таму ў першыя месяцы жыцця варта абараняць немаўля ад рэзкіх раздражняльнікаў: пазбягаць яркага святла, гучнай музыкі, вялікай колькасці незнаёмых людзей. Гэтыя меры перасцерагаюць нованароджанага ад пачуцця напружанасці і пераўзбуджэння, а таксама ствараюць камфортныя ўмовы для фармавання нервовай сістэмы.
- Будаванне кантактаў
Насамрэч гэта галоўны рухавік псіхалагічнага развіцця чалавека. Бацькі на інстынктыўным узроўні размаўляюць са сваім маленькім сынам ці дачкой, нават калі не бачаць у гэтым асаблівага сэнсу і не чуюць адказаў. Дзіцяці важна чуць голас сваіх бацькоў, таму проста неабходна з ім размаўляць, расказваць вершы, чытаць казкі. Варта таксама шукаць зрокавага кантакту, усміхацца, чакаць, пакуль немаўля засяродзіцца на маміным твары.
Важным момантам псіхалагічнага кантакту з’яўляюцца калыханкі. Манатонны, плаўны спеў дапамагае супакоіцца, засяродзіцца на мелодыі і заснуць. Спявайце дзецям, нават калі сумняваецеся ў сваіх вакальных здольнасцях.
- Клопат пра маму
Турбота пра стан маці пасля родаў – гэта не проста праява ўвагі, а стратэгічная неабходнасць для здароўя дзіцяці. Навукова даказана: псіхалагічны і фізічны стан жанчыны непасрэдна ўплывае на лактацыю, сон і развіццё нервовай сістэмы немаўляці.
Тут важная праца ў камандзе муж-жонка. Жанчыне важна прыслухоўвацца да сябе, сваіх фізічных і эмацыйных адчуванняў, а мужчыну – назіраць за станам сваёй жонкі.
У першыя два-тры тыдні пасля родаў да 80% жанчын сутыкаюцца з рэзкімі зменамі настрою, плаксівасцю і трывожнасцю праз каласальную гарманальную перабудову. Гэта норма, але жанчыне ў такі момант патрэбная падтрымка, а не папрокі. Калі гэты стан ігнараваць, ён можа перарасці ў пасляродавую дэпрэсію.
Таму побач павінен быць клапатлівы муж і бацька, які, нягледзячы на занятасць і працу, будзе дапамагаць жонцы з хатнімі справамі або знойдзе тых, хто ёй дапаможа.
Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!