Новы Папа Леў XIV абраў сваё імя ў гонар Пантыфіка, які больш за 130 гадоў таму кінуў выклік прамысловай рэвалюцыі і прапанаваў каталіцкі погляд на праблемы сучаснага яму свету. Цяпер свет чакае аналагічных дзеянняў і ад ягонага ідэйнага пераемніка, у часы, калі новыя тэхналогіі могуць стаць не толькі памочнікам, але і пагрозай чалавецтву. “Я б сказаў, што Леў – найбольш верагоднае [імя]”, – заяўляў амерыканскі святар-езуіт і прафесар гісторыі Томас Вустэр, адказваючы напярэдадні канклаву 2025 года на пытанне “National Catholic Register” адносна таго, якое імя абярэ новы пантыфік.
Выданне адзначала, што такія імёны папаў, як Бэнэдыкт, Пій, Ян, Павел ці Францішак або зашмат выкарыстоўваліся ў ХХ і ХХІ стагоддзях, або маглі б занадта выразна акрэсліць пазіцыю новага пантыфіка. Таму для яго было б добра, абіраючы імя, «пайсці больш як на сто гадоў таму». І ідэальным кандыдатам для гэтага было б абраць імя Леў у гонар двух вялікіх Папаў – Льва І (440-461) і Льва ХIII (1878-1903). Менавіта яго і назваў амерыканскі кардынал Роберт Прэвост, абраны новым пераемнікам апостала Пятра 8 мая.
Напачатку было незразумела, на якога менавіта Льва – першага ці апошняга – спасылаецца сваім імем новы Пантыфік. Але ўжо ўвечары пасля канклаву кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні падкрэсліў, што першыя словы і выбар імя новага Пантыфіка ўказваюць на ягоную духоўную і інтэлектуальную скіраванасць, звязаную з традыцыяй сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, заснаваную Папам Львом XIII у энцыкліцы «Rerum novarum». «Відавочна, гэта невыпадковая спасылка на людзей, на іх працу, асабліва ў часы штучнага інтэлекту», – патлумачыў Бруні.
10 мая на першай сустрэчы з кардыналамі Леў XIV заявіў, што галоўнай прычынай абрання папскага імя была спадчына Льва XIII, які ў «Rerum Novarum» адказаў на выклікі першай прамысловай рэвалюцыі.
Хто такі Леў ХІІІ
Папа Леў XIII (1878-1903) увайшоў у гісторыю як «сацыяльны» і «палітычны» Папа. Гісторык Оскар Кёлер у «Kathpress» адзначаў, што пасля дзесяцігоддзяў «абаронча-закрытага стаўлення» Касцёла, траўмаванага Французскай рэвалюцыяй і стратай Папскай дзяржавы, Леў XIII пачаў курс на адкрыццё і прымірэнне «да межаў магчымага» з сучасным светам, з яго культурай і палітыкай. За свой пантыфікат гэты Святы Айцец апублікаваў 88 энцыклік на самыя розныя тэмы – ад асуджэння сацыялізму да падкрэслівання годнасці сям’і і важнасці ўсходнекаталіцкіх касцёлаў. Найбольш жа грунтоўны і лёсавызначальны з яго дакументаў – гэта выдадзеная ў 1891 годзе энцыкліка «Rerum novarum», што заклала падмурак сучаснай каталіцкай сацыяльнай дактрыны. У ёй Святы Айцец імкнуўся развязаць вострую праблему рабочых свайго часу – перыяду прамысловай рэвалюцыі, паскоранай урбанізацыі, індустрыялізацыі і бяспраўя тых, хто ў жудасных умовах працаваў на фабрыках і заводах. «Змены і рэвалюцыі спрычыніліся да падзелу грамадства на два класы, падзеленыя шырокай прорвай. З аднаго боку, ёсць група, што мае ўладу, бо мае багацце. Яна трымае ў сваіх руках усю прамысловасць і гандаль, маніпулюе для сваёй выгады і сваіх мэтаў усімі крыніцамі багацця і ўплывае нават на кіраванне дзяржавай. З іншага боку – нямоглая маса, што жыве ў нястачы, азлобленая пакутамі і заўсёды гатовая да абурэнняў», – пісаў Леў ХІІІ у энцыкліцы.
Для вырашэння праблемы ён адкрываў трэці шлях – далёкі як ад радыкальнага капіталізму, гэтак і ад камунізму, што набіраў моц і пазбягаў як безумоўнай абароны капіталу, гэтак і заклікаў да класавай барацьбы. Наадварот, Папа прапаноўваў «перакінуць мост паміж велізарным багаццем і крайняй галечай, і зблізіць гэтыя класы адзін з адным».
Грунтуючыся на Бібліі і каталіцкай традыцыі, Леў ХІІІ падкрэсліваў важнасць прыватнай уласнасці, супраць чаго выступалі камуністы, але і заступаўся за правы рабочых на годную працу, годны заробак, годнае сямейнае жыццё.
Не забываўся ён і пра патрэбу годнага адпачынку, у тым ліку дзеля душы работнікаў.
У энцыкліцы «Graves de Communi Re» 1901 года Леў ХІІІ яшчэ больш развіў свае ідэі. Яго дакументы вызначылі кірунак касцельнага сацыяльнага вучэння на дзесяцігоддзі ды паклалі пачатак шырокім каталіцкім палітычным, сацыяльным і прафсаюзным рухам, што неўзабаве пашырыліся па ўсёй Еўропе, уключаючы Беларусь. Святы Айцец жа сам і даў ім назву – «хрысціянская дэмакратыя», што «абавязкова пабудаваная на асноўных прынцыпах Божай веры і павінна забяспечыць найлепшыя ўмовы для масаў, маючы схаваную мэту спрыяць удасканаленню душаў, створаных для вечнасці».
Якія праблемы і адказы бачыць Леў XIV
Падчас ужо згаданай сустрэчы з кардыналамі Леў XIV адзначыў, што як у 1891 годзе Леў ХІІІ прапаноўваў адказ на прамысловую рэвалюцыю, гэтак і «сёння Касцёл прапануе ўсім сваю спадчыну сацыяльнай дактрыны, каб адказаць на іншую прамысловую рэвалюцыю і на развіццё штучнага інтэлекту, якія нясуць новыя выклікі для абароны годнасці чалавека, справядлівасці і працы».
У прамове да прадстаўнікоў Фонду «Centesimus Annus Pro Pontifice» Папа назваў сацыяльнае вучэнне Касцёла інструментам дыялогу, міру і будаўніцтва мастоў усеагульнага братэрства. Ён нагадаў, што Леў XIII імкнуўся спрыяць міру, заахвочваючы сацыяльны дыялог «паміж капіталам і працоўнымі, тэхналогіямі і чалавечым розумам, а таксама паміж рознымі палітычнымі культурамі і народамі». А Папа Францішак характарызаваў сучасную сітуацыю ў свеце як «палікрызіс», што сплятае войны, змены клімату, беднасць і няроўнасць, эпідэміі, вымушаную міграцыю і разбуральныя тэхналагічныя інавацыі. Перад абліччам гэтых выклікаў сацыяльнае вучэнне Касцёла павінна спрыяць дыялогу і міру, мяркуе Святы Айцец.
Леў XIV заклікае будаваць «культуру сустрэчы» праз дыялог і сацыяльнае сяброўства. Ён падкрэслівае: сацыяльнае вучэнне Касцёла – гэта не ідэалогія, а плён гіпотэз, дыскусій і пошуку праўды. Паводле яго, трэба развіваць крытычнае мысленне, навучаць «сур’ёзнаму, строгаму і спакойнаму» падыходу да праблем і людзей, дапамагаць прымаць мудрыя і ўзважаныя рашэнні перад тварам складанасцяў, асабліва ў эпоху лічбавай рэвалюцыі і фэйкавых навінаў. Ён заклікае слухаць галасы бедных, погляды якіх «маюць вырашальнае значэнне, калі мы хочам убачыць свет вачыма Бога». Паводле Льва XIV, людзі, адданыя паляпшэнню грамадства, народныя рухі і каталіцкія працоўныя аб’яднанні – гэта выражэнне тых экзістэнцыйных перыферый, дзе жыве і адраджаецца надзея.
Папа заклікае актыўна развіваць сацыяльнае вучэнне Касцёла, «слухаючы ўсіх і ўступаючы ў дыялог з кожным», а таксама адгукнуцца на сучасную тугу па справядлівасці і духоўнасці, асабліва сярод моладзі і маргіналізаваных груп, якія не заўсёды могуць выказаць свае патрэбы.
Ён падкрэслівае: «Расце запатрабаванне на сацыяльнае вучэнне Касцёла, і мы павінны даць на яго адказ».
«Божая любоў, якая робіць нас братамі паміж сабой, – гэта сэрца Евангелля. І сёння мы разам з маім папярэднікам Львом XIII можам спытаць у сябе: «Калі б гэты крытэрый пераважаў у свеце, ці не спыніліся б адразу ўсе разлады і ці не вярнуўся б, магчыма, мір?» – сказаў Папа падчас Імшы інаўгурацыі свайго пантыфікату, спаслаўшыся на «Rerum novarum».
Чаго чакаюць ад Папы
У сваіх заявах Леў XIV надае шмат увагі праблемам, звязаным з развіццём штучнага інтэлекту. Як падкрэсліваюць шматлікія эканамісты, з прычыны ШІ, з дапамогай якога кампаніі імкнуцца мінімізаваць свае выдаткі, шмат людзей можа проста застацца без працы і прафесіі. А ў будучыні існуе верагоднасць, што чалавек увогуле можа стаць непатрэбным.
Касцёл займаецца праблемай ШІ ўжо некаторы час праз адмысловыя рабочыя групы. У студзені 2025 года нават быў апублікаваны ватыканскі дакумент «Antiqua et Nova: Нота аб адносінах паміж штучным інтэлектам і чалавечым інтэлектам». А 12 чэрвеня ў Ватыкане прайшоў міжнародны саміт па бізнес-этыцы з удзелам прадстаўнікоў бізнесу, дзяржаўных структур, акадэмічных колаў, інвестараў і дзеячаў мастацтва, на якім абмяркоўвалі выкарыстанне ШІ. Удзельнікі форуму выказалі занепакоенасць тым, што інавацыі, якія не паважаюць годнасць чалавека, могуць пагражаць нашай будучыні, паглыбляць няроўнасць, шкодзіць навакольнаму асяроддзю і працы. Яны падкрэслівалі неабходнасць захавання балансу паміж эканамічным ростам і сацыяльнай адказнасцю, а таксама гаварылі пра стварэнне этычнай сістэмы ўніверсальных прынцыпаў, якая ставіць у цэнтр годнасць чалавека. Асобна падкрэслівалася, што штучны інтэлект павінен заставацца інструментам у руках чалавека.
Дзяржсакратар Святога Пасаду кардынал П’етра Паралін мяркуе, што як у часы Льва XIII выклікам была індустрыяльная рэвалюцыя, гэтак у часы Льва XIV – рэвалюцыя лічбавая. «Мы чакаем разважанняў пераемніка Пятра на гэтую тэму», – сказаў ён ватыканскім медыям.
Паводле Параліна, адказ мае быць не ў бяздумным прыняцці і не ў дэманізацыі тэхналогій, якія павінны заставацца інструментамі і заўсёды выкарыстоўвацца для дабра. Але нельга даваць машынам права прымаць рашэнні пра жыццё ці смерць чалавека. Неабходна таксама сачыць за тым, каб ШІ не выкарыстоўвалі дзеля прапаганды.
Падобнай думкі прытрымліваецца і старшыня Чэшскай акадэміі хрысціянскай філасофіі ксёндз Томаш Галік, які нават спадзяецца на беатыфікацыю Льва XIII. У інтэрв’ю KAI ён выказаў спадзеў, што новы Пантыфік прадставіць абноўленую версію энцыклікі «Rerum Novarum», у якой быў выкладзены рацыянальны погляд на праблему, а не той, дзе «наш сапернік успрымаецца як вялікі сатана, а наш лідар – як месія».
У сваю чаргу прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса падкрэсліў, што, згодна са словамі Льва XIV, «тэхналагічную рэвалюцыю, якая адбываецца, мы не павінны ні ігнараваць, ні баяцца яе, але прыняць і інтэграваць з крытычным духам і чалавечым позіркам, каб выкарыстаць яе патэнцыял у служэнні інклюзіўнай адукацыі».
Спецыяліст у галіне біяэтыкі, прафесар Чарльз Камосі з Каталіцкага ўніверсітэта Амерыкі ў часопісе «The Atlantic» сцвярджае, што вырашэнне праблемы штучнага інтэлекту «можа быць самым амбіцыйным і трывалым праектам у спадчыне Льва XIV». Ён адзначыў, што «людзі часта не могуць распазнаць, ці размаўляюць яны з чалавекам, ці з чатботам». Ён нагадаў, што «Папа Леў XIV ужо раней папярэджваў, што ШІ можа мець негатыўны ўплыў на развіццё маладых людзей і спрыяць страце таго, кім зʼяўляецца чалавек».
У інтэрвʼю для каталіцкага тэлеканала «EWTN News» Камосі заклікаў да стварэння культуры, што сфарміруе штучны інтэлект для служэння чалавеку, а не наадварот. Паводле яго, «яшчэ не позна вярнуць джына ў бутэльку і пазбегнуць найгоршых наступстваў новага вынаходніцтва». Паводле яго, з прычыны «працяглай эпідэміі адзіноты людзі ўжо стаяць перад рызыкай страты сваёй ідэнтычнасці, сцірання межаў паміж штучным і рэальным светам». Таму, падкрэслівае прафесар, неабходна «захоўваць усведамленне, што мы зʼяўляемся целам і крывёю, створаныя на вобраз і падабенства Бога, з душой, якая адлюстроўвае стасункі, каторых ніякім чынам не можа мець чатбот».
Дзякуючы дзеянням і заявам Папы Льва XIV часопіс «Time» ўключыў яго 29 жніўня ў лік найбольш уплывовых асобаў у галіне ШІ – у катэгорыю «Мысляр». Тым самым выданне прызнала істотны ўклад Пантыфіка ў глабальную дыскусію пра этычныя аспекты развіцця штучнага інтэлекту. «Time» адзначае, што ён свядома выбраў сваё імя, каб «ставіць выклік рэвалюцыі штучнага інтэлекту», як Леў XIII выступаў супраць новых, «механізаваных эканамічных сістэм, якія ператваралі работнікаў у тавар» падчас прамысловай рэвалюцыі. На думку рэдакцыі, калі Святы Айцец будзе працягваць павышаць адчувальнасць 1,4 мільярда католікаў да ШІ, у свеце зʼявіцца «важная і нечаканая духоўная супрацьвага Крэмніевай даліне». «Леў XIII здолеў супрацьстаяць новым часам. Веру, што Леў XIV таксама зробіць гэта», – мяркуе прадстаўнік ордэна аўгусцінцаў, да якіх належыць Папа, айцец Бэньямін Кучала.
Мечыслаў Гапановіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!