26 верасня парафія ў Канстанцінаве адзначыла 30-годдзе кансэкрацыі адбудаванага касцёла.
Драўляны касцёл пад тытулам Святой Тройцы ў Канстанцінаве быў пабудаваны на сродкі Яаны Акушка ў 1768 годзе. Святыня з“яўлялася філіяльным касцёлам Удзельскай парафіі. Па некаторых звестках храм першапачаткова быў уніяцкай святыняй. Пасля 1839 года царскія ўлады хацелі забраць касцёл пад праваслаўную царкву.
У 1923 годзе Канстанцінава стала самастойнай парафіяй. Пасля смерці ксяндза Эдварда Вайцяхоўскага, які памёр у кастрычніку 1946 года, касцёл быў зачынены. 2 ліпеня 1962 года святыня была разбурана.
Новы касцёл быў пабудаваны ў 1993–1995 гг. на падмурках старога, каля старой званіцы. Будаўніцтвам займаўся ксёндз Кірыл Клімовіч (цяперашні біскуп Іркуцкі), які ў той час служыў у Глыбокім і апекаваўся вернікамі з Канстанцінава. 21 лістапада 1995 года кардынал Казімір Свёнтак асвяціў касцёл пад тытулам Святога Язафата Кунцэвіча. Таксама кардынал умураваў вуглавы камень, прывезены пробашчам Кірылам Клімовічам з Гробу Гасподняга.
На адпустовую ўрачыстасць прыбылі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, архімандрыт Сяргей Гаек, ксёндз канонік Павел Самсонаў, былы пробашч парафіі, ксёндз канонік Уладзімір Шымковіч, прадстаўнікі мясцовай улады, ахвярадаўцы і шматлікія вернікі. Прысутных прывітаў пробашч парафіі ксёндз канонік Валерый Орсік.
Спачатку біскуп Алег Буткевіч асвяціў крыж на ўездзе ў вёску, які быў усталяваны дзякуючы намаганням Генадзя Бервячонка, і заклікаў ушаноўваць крыж – знак перамогі.
Святая Імша распачалася з урачыстага ўваходу ў святыню іерархаў, святароў і літургічнай службы. Узначаліў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці і прысутных на ўрачыстасці ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
Казанне прамовіў архімандрыт Сяргей Гаек. Ён нагадаў, што спачатку хрысціянства на нашых землях было адзіным. Афіцыйны раскол у Канстанцінопалі ў 1054 годзе дайшоў да нас праз некалькі стагоддзяў. Берасцейская унія, якая была заключана ў 1596 годзе, на нейкі час прынесла еднасць хрысціянам. Гісторыя уніі непарыўна звязаная з лёсам і дзейнасцю святога Язафата Кунцэвіча. Ён паходзіў з Уладзіміра Валынскага, з мяшчанскай сям“і. Нарадзіўся каля 1580 года. У 1604 годзе прыняў базыліянскі хабіт, а ў 1609 годзе – святарскія пасвячэнні. І ў гэты час апынуўся на першай лініі барацьбы паміж абаронцамі і праціўнікамі уніі. Дзякуючы яго стараннасці было шмат навяртанняў. Таму Язафата празвалі «душахватам».
У 37 гадоў атрымаў намінацыю на біскупа Полацка. Полацк, Віцебск, Мсціслаў – увесь гэты паўночна -усходні рэгіён краіны стаў полем дзейнасці біскупа. Ворагі уніі не згаджаліся з пазіцыяй біскупа, які лічыў, што неабходна адзінства ў Каталіцкім Касцёле. У краіне пачаліся хваляванні, падчас якіх 12 лістапада 1623 года Язафат Кунцэвіч быў гвалтоўна забіты. Біскуп ахвяраваў сваё жыццё за веру, за адзінства аўчарні, да якой прамаўляў. Таму неабходна маліцца аб еднасці праз заступніцтва святога Язафата Кунцэвіча.
Архімандрыт Сяргей Гаек паказаў артэфакт – кавалак святарскага адзення святога Язафата.
На заканчэнне святой Імшы біскуп Алег выказаў словы падзякі пробашчу парафіі ксяндзу Валерыю Орсіку за ахвярнае служэнне, а таксама ахвярадаўцам і парафіянам, якія прычыніліся да падрыхтоўкі ўрачыстасці. Прагучалі словы падзякі ад парафіі іерархам і ахвярадаўцам Генадзю Бервячонку, Яну Кобзіку, маме ксяндза Аляксея Асона, які знаходзіцца на місіях у Казахстане, Людміле Асон.
Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам вернікі памаліліся Літанію да святога Язафата. Затым адбылася працэсія вакол касцёла. Прагучаў гімн «Цябе, Бога, праслаўляем» і спеў у гонар святога Язафата. Усю ўрачыстасць аздабляў сваім спевам парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Алены Татун.
Вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Язафата.
Пасля на прыкасцельнай тэрыторыі адбыўся канцэрт, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі Дзеркаўшчынскага дома культуры. Прысутныя маглі азнаёміцца з фотавыставай, прысвечанай 30-годддзю жыцця адноўленай святыні.
Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота
