Ватыкан выпусціў новы дакумент пра звышнатуральныя з’явы. Што цяпер змяняецца?

Дыкастэрыя веравучэння абнавіла нормы адносна распазнавання меркаваных аб’яўленняў і іншых звышнатуральных з’яў. Дакумент набыў моц з 19 мая. Падрабязнасці пра новы дакумент – у нашым матэрыяле.

Мінулыя нормы распазнавання меркаваных аб’яўленняў і іншых звышнатуральных з’яў дзейнічалі ў Касцёле з 1978 года. Іх перагляд пачаўся ў 2019 годзе і завяршыўся сёлета 4 мая, калі змены былі ўхваленыя Папам Францішкам.

Прычынай зменаў называецца мінулы досвед, калі мясцовы біскуп мог вельмі хутка заявіць пра надзвычайнасць з’явы, а затым Дыкастэрыя веравучэння выказвала адваротнае меркаванне. Таксама часам біскуп выказваўся пра пэўную з’яву адным чынам, а яго наступнік – супрацьлеглым. Ёсць пытанні і да хуткасці прыняцця рашэння пра звышнатуральнасць ці натуральнасць з’явы.

«Са з’яўленнем сучасных сродкаў камунікацыі гэтыя зʼявы могуць прыцягнуць увагу многіх вернікаў або выклікаць сярод іх замяшанне. Паколькі навіны пра гэтыя падзеі могуць распаўсюджвацца вельмі хутка, пастыры Касцёла абавязаныя беражліва ставіцца да іх, распазнаваць іх плён, ачышчаць ад негатыўных элементаў або папярэджваць вернікаў пра патэнцыйныя небяспекі», – гаворыцца ў дакуменце.

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння кардынал Віктар Фернандэс патлумачыў, што часта «аб’яўленні спрыялі з’яўленню вялікага багацця духоўных плёнаў, росту веры, пабожнасці, братэрству і служэнню, а ў некаторых выпадках ляжалі ля вытокаў розных санктуарыяў, раскіданых па ўсім свеце, якія сёння належаць да сэрца народнай пабожнасці многіх народаў». Аднак у некаторых выпадках узнікаюць «вельмі сур’ёзныя праблемы, якія шкодзяць вернікам», калі з’явамі пачынаюць злоўжываць з розных прычынаў, узнікаюць дактрынальныя памылкі або распаўсюджваецца «сектанцкі дух». У выніку вернікі могуць быць «уцягнутыя ў падзеі, якія прыпісаныя боскай ініцыятыве», але з’яўляюцца толькі плёнам фантазіі, міфаманіі і чыёйсьці схільнасці да фальсіфікацыі.

У суправаджальным тлумачэнні кардынал Фернандэс кажа, што новыя нормы не «прызначаныя для кантролю або (тым больш) прыгнёту Духа», і прызнае, што зʼявы і бачанні, апісаныя каталіцкімі містыкамі, здаўна прыносяць «велізарнае багацце духоўных пладоў, узрастанне ў веры, адданасці, братэрстве і служэнні». Аднак ён прыводзіць прыклады, калі мясцовыя біскупы, пацвярджаючы сапраўднасць меркаваных звышнатуральных падзей, прымушалі свецкіх верыць у «зʼявы, якія часам цэняцца больш за само Евангелле».

З’ява, а не цуд

Касцёл доўгі час з асцярожнасцю ставіўся да прызнання паведамленняў пра «цуды». Само слова, дарэчы, выкарыстанае ў новым дакуменце толькі адзін раз. Гэтак, паломнікі і наведнікі з 1858 года заявілі пра больш чым 7000 выпадкаў вылячэння ў французскім Люрдзе, але толькі 68 з іх былі пацверджаныя як навукова невытлумачальныя. А забарона біскупа на арганізаваныя паломніцтвы ў баснійскае Меджугор’е была знятая Святым Пасадам толькі ў 2019 годзе.

Паводле кардынала Фернандэса, нягледзячы на павелічэнне колькасці паведамленняў пра названыя зʼявы, з 1950 года толькі шэсць выпадкаў былі «афіцыйна дазволеныя», а ў адным неадзначаным выпадку спатрэбілася «каля 70 пакутлівых гадоў, каб давесці ўсю справу да канца». Пры гэтым «у большасці святынь, якія сёння зʼяўляюцца прывілеяванымі месцамі народнай пабожнасці для народа Божага, ніколі не было афіцыйнай заявы пра звышнатуральную прыроду падзей, якія там адбываюцца».

«Бог заўсёды прысутнічае ў гісторыі чалавецтва і ніколі не перастае выліваць на нас свае дабрадатныя дары праз дзеянні Святога Духа, штодня абнаўляючы нашу веру ў Езуса Хрыста – Збаўцу свету. Адказнасць пастыраў Касцёла заключаецца ў тым, каб іх вернікі заўсёды былі ўважлівыя да гэтай прысутнасці ў любові», – піша кардынал Фернандэс.

Як будуць ацэньваць з’явы

Новаўвядзеннем у вывучэнні звышнатуральнасці з’яваў з’яўляецца больш выразны ўдзел у гэтым працэсе Дыкастэрыі веравучэння, якая мусіць зацвярджаць канчатковае рашэнне біскупа і якой дазволілі ўмяшанне ў працэс у любы момант. Раней умяшанне амаль заўсёды было закулісным і непублічным. Цяперашнія змены тлумачацца складанасцю абмежаваць мясцовым узроўнем феномены, якія часам набываюць нацыянальнае і нават сусветнае вымярэнне.

Згодна з новымі нормамі, выпадак павінен разгледзець дыяцэзіяльны біскуп і прадставіць сваё меркаванне ў Дыкастэрыю веравучэння для зацвярджэння. Пры гэтым ён закліканы ўстрымлівацца ад публічных заяў адносна прыроды з’явы, пазбягаць стварэння збянтэжанасці і сенсацый. Калі элементы справы «здаюцца дастатковымі», біскуп мусіць стварыць камісію для яе вывучэння, у якую павінны ўвайсці як мінімум адзін тэолаг, адзін спецыяліст па Кананічным праве Касцёла і эксперт, выбраны з улікам характару феномену.

Згодна з новымі нормамі, Касцёл будзе вывучаць звышнатуральныя з’явы, грунтуючыся на наступным:

  • ці ёсць прыкметы Боскага ўздзеяння ў меркаваных звышнатуральных зʼявах;
  • ці што-небудзь супярэчыць веры і маралі ў працах або паведамленнях тых, хто мае дачыненне да іх;
  • ці ёсць ад гэтых з’яваў духоўныя плады або праблемы і рызыкі для вернікаў;
  • ці мэтазгодна Касцёлу надаваць ім пастырскую каштоўнасць.

Пры гэтым «не павінна быць ніякага станоўчага прызнання з боку касцельных уладаў Боскага паходжання меркаваных звышнатуральных феноменаў». Санкцыянаваць такое прызнанне цяпер можа толькі Святы Айцец.

У дакуменце пералічаныя некалькі станоўчых крытэрыяў для ацэнкі меркаванай звышнатуральнасці зʼявы. Гэта «давер і добрая рэпутацыя асобаў, якія сцвярджаюць, што зʼяўляюцца сведкамі звышнатуральных падзей, або непасрэдна ўцягнутыя ў іх, а таксама рэпутацыя сведак, якія былі заслуханыя…; дактрынальная артадаксальнасць зʼявы і любых паведамленняў, звязаных з ёю; непрадказальны характар звышнатуральнай зʼявы, з якога бачна, што яна зʼяўляецца вынікам не ініцыятывы людзей, якія ўдзельнічаюць у ёй, а плёну хрысціянскага жыцця».

Адмоўныя крытэрыі ўключаюць: «магчымасць відавочнай памылкі адносна падзеі; патэнцыйныя дактрынальныя памылкі…; сектанцкі дух, які спараджае раскол у Касцёле; відавочнае імкненне да прыбытку, улады, славы, грамадскага прызнання або іншых асабістых інтарэсаў, шчыльна звязаных з падзеяй; амаральныя дзеянні…; псіхалагічныя змены або псіхапатычныя схільнасці чалавека, якія маглі аказаць уплыў на меркаваную звышнатуральную падзею; а таксама любыя псіхозы, калектыўная істэрыя і іншыя элементы, якія можна аднесці да паталагічнага кантэксту». Найгоршым названае выкарыстанне меркаваных звышнатуральных з’яваў для кантролю над людзьмі ці злоўжыванняў.

І хоць афіцыйнага прызнання цуду не будзе, сама з’ява можа атрымаць адзін з наступных статусаў:

  • Nihil obstat – калі няма ўпэўненасці ў звышнатуральнасці з’явы, але ёсць прыкметы дзейнасці Святога Духа. Біскупу рэкамендуецца садзейнічаць распаўсюджванню з’явы, уключаючы правядзенне пілігрымак.
  • Prae oculis habeatur – калі прызнаюцца станоўчыя прыкметы, але прысутнічаюць элементы няяснасці ці патэнцыйных рызыкаў, якія патрабуюць далейшага вывучэння.
  • Curatur – калі ёсць праблемныя моманты, але назіраецца шырокі распаўсюд з’явы з пацверджанымі духоўнымі плёнамі. Тады забарона не рэкамендуецца, каб не бянтэжыць вернікаў, але біскупа просяць не падтрымліваць з’яву.
  • Sub mandato – калі праблемы звязаныя не з самой з’явай, але з яе неналежным выкарыстаннем асобнымі людзьмі ці групамі. У такой сітуацыі Святы Пасад даручае біскупу ці яго дэлегату пастырскае кіраўніцтва гэтым месцам.
  • Prohibetur et obstruatur – калі, нягледзячы на некаторыя станоўчыя моманты, праблемныя сітуацыі і рызыкі носяць сур’ёзны характар. Тады біскуп мусіць публічна аб’явіць, што далучэнне да культу не дазваляецца.
  • Declaratio de non supernaturalitate – будзе ўжывацца, калі біскуп на падставе канкрэтных доказаў павінен заявіць, што з’ява не з’яўляецца звышнатуральнай.

Незалежна ад канчатковага рашэння, дыяцэзіяльны біскуп «павінен працягваць назіраць за гэтай зʼявай і людзьмі, якія ўдзельнічаюць у ёй». У дакуменце падкрэсліваецца, што новыя нормы павінны дапамагчы біскупам вызначыць, ці ўтрымліваюць паведамленні пра зʼявы «прыкметы Боскага дзеяння» або патэнцыйную пагрозу «веры і маральнасці». Аднак нават ухваленыя падзеі не павінны станавіцца «абʼектамі веры» і больш не будуць абʼяўляцца «зʼявамі звышнатуральнага паходжання».

Як адрэагавалі вернікі і святары

 З’яўленне дакумента выклікала розную рэакцыю ў вернікаў і святароў. Яго вітала Чыека Нагучы – прэсавая сакратарка Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША. Паводле яе, «новыя нормы прапануюць карыснае тлумачэнне працэсу распазнавання звышнатуральных зʼяў». «Я думаю, што Касцёл спрабуе правесці выразнае адрозненне паміж тым, што зыходзіць ад Бога, і, магчыма, ілжывымі рэчамі, якія ініцыююцца дэманамі, каб… пасеяць падзел і разлад у Касцёле», – заявіў ксёндз Вінсэнт Лэмпэрт, экзарцыст са штату Індыяна.

Агулам, паводле яго, любое аб’яўленне «не ўяўляе нічога новага», а толькі «ўзмацняе або факусуе пэўны кампанент нашай веры, які, магчыма, проста мае патрэбу ў тым, каб яго пачулі крыху больш выразна ў сучасным свеце, проста праз тое, у якім становішчы знаходзіцца свет». Экзарцыст падкрэсліў, што для перамогі над д’яблам дастаткова ўдзельнічаць у Імшы, маліцца, чытаць Біблію, прымаць сакраманты і жыць згодна з верай.

Прафесар Роберт Фастыджы, загадчык кафедры дагматычнага багаслоўя і хрысталогіі ў семінарыі Дэтройта, заявіў, што дакумент дапаможа «пазбегнуць… непрыемных зменаў» біскупскіх пастановаў пра звышнатуральныя з’явы, калі біскуп мог скасаваць рашэнне папярэдніка.

Галоўны рэдактар «Crisis Magazine» Эрык Сэманз мяркуе, што новыя нормы «ў цэлым разумныя і карысныя» і «сапраўды даюць выразныя рэкамендацыі па ацэнцы меркаваных звышнатуральных зʼяў». Аднак ён заўважае, што «яны схільныя занадта моцна прыніжаць аўтарытэт мясцовых біскупаў». Дый і сам дакумент, як і «многія сучасныя ватыканскія дакументы», поўны «касцельнага жаргону», у якім даводзіцца «з цяжкасцю разбірацца».

Адмова ж ад афіцыйнага прызнання нейкай звышнатуральнай з’явы, на думку Сэманза, спрычыніцца да таго, што «мы ніколі не ўбачым, каб сапраўдная зʼява, падобная да Люрду ці Фацімы, аказала такі ж моцны ўплыў на Касцёл, пакуль існуюць гэтыя нормы».

Тым не менш Сэманз вітае новыя нормы з прычыны «сур’ёзнай небяспекі» ад «шчыльнай прывязкі евангельскай весткі да прыватных адкрыццяў». Паводле яго, «неразуменне ролі асабістых адкрыццяў пагражае падарваць уяўленне вернікаў пра тое, што неабходна для выратавання». На яго думку, пагоня за незвычайнымі знакамі «можа прывесці да ігнаравання звычайных знакаў, каторыя існуюць сярод нас, як Эўхарыстыя і прысутнасць Бога ў штодзённым жыцці».

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку