Разважанне на ХХ звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 15, 21–28

У той час:

Езус выйшаў і скіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось жанчына з Ханаана выйшла з тых ваколіц і пачала крычаць: Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Мая дачка цяжка апантаная злым духам.

Але Езус не адказаў ёй ні слова. Тады вучні Ягоныя падышлі і прасілі Яго: Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі. Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля.

Яна ж падышла, пакланілася Яму і сказала: Пане, дапамажы мне. Ён сказаў у адказ: Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам. Яна сказала: Так, Пане, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх. Тады Езус сказаў ёй у адказ: О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту яе дачка стала здаровай.

“Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда!” – крык маці, які зачарпнуты з выпрабаванняў жыцця, адзначанага пакутамі, пачуцця безнадзейнасці і бездапаможнасці жанчыны, якая бачыць, як яе дачку апанаваў злы дух.

Бог у асобе Езуса адкрыты для любой патрэбы чалавека, а словы ханаанкі ўвогуле выклікаюць захапленне. Настаўнік кажа: “О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш”.

Вера любога чалавека заўсёды пазначана яго асабістай гісторыяй і досведам дыялогу з Богам. Просячы Хрыста вылечыць сваю дачку, жанчына не сумняваецца, што Бог літасцівы, не хоча смерці свайго стварэння. Бог ханаанкі – Бог літасцівы і міласэрны, таму яна не хавае боль свайго жыцця, мае мужнасць данесці праўду пра сябе і свае выпрабаванні да Настаўніка, дастукацца да Яго сэрца і атрымаць ацаленне, — “о жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш. I з гэтага моманту яе дачка стала здаровай”.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку