Разважанне на ІІІ Велікодную нядзелю. Год А. 23 красавіка

Евангелле Лк 24, 13–35

Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх: Што?

Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як  гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.

Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы:  Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?

І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

У той жа дзень, гэта значыць у дзень уваскрасення Хрыста, калі раніцай жонкі міраносіцы ды Пётр з Янам ішлі да гробу, двое вучняў накірозваліся ў вёску Эмаус, якая знаходзілася ў двух гадзінах хадзьбы ад Ерузалема. Адзін з іх быў Кляоп, а хто быў другі — невядома. Адны мяркуюць, што гэта быў Натанаэль, іншыя — Сымон Зілот, а трэція мяркуюць, што гэта быў евангеліст Лука. Ідучы ў Эмаус, яны размаўлялі пра падзеі, якія адбыліся. У гэты час да іх далучыўся Езус, але паколькі вочы іх былі стрыманыя, то Яго не пазналі. Смутак і засяроджанасць на сабе, сваіх расчараваннях і праблемах перашкаджаюць ім пазнаць Хрыста.

На пытанне Езуса, пра што яны разважаюць паміж сабою і чаму яны поўныя смутку, Кляоп, а затым і яго спадарожнік ажыўлена пачалі расказваць пра Настаўніка з Назарэту. Яны не разумелі ўсяго напісанага прарокамі пра Хрыста, але гэта не значыць, што яны не верылі цалкам, а толькі спачувалі і шкадавалі. Яны былі ў дарозе да канкрэтнага паселішча, сустрэча ж з Хрыстом давала надзею, што іх шлях можа прывесці і да глыбокай веры ва Уваскрослага. Езус прамаўляе да іх сэрцаў, абуджае іх, запальвае іх, тлумачачы ва ўсім Святым Пісанні тое, што адносіцца да Яго. У рэшце, яны пазнаюць Яго падчас ламання хлеба, вера іх становіцца жывой.

Вера — гэта пілігрымаванне, яе немагчыма набыць назаўсёды, наша вера дынамічная, яна развіваецца, патрабуе індывідуальнай сустрэчы і шчырай размовы з Настаўнікам. Можна паверыць часткова, а можна верыць цалкам. Прасцей адрачыся, чым паверыць з дзіцячай даверлівасцю і адкрытасцю, прасцей шукаць складаныя адказы і тлумачэнні, чым згадзіцца з рэальнасцю “пустой грабніцы”. Вучні верылі часткова, а трэба верыць усяму, што было прадказана прарокамі, і толькі тады становіцца ў поўні дасяжнай праўда пра ўваскрасенне.

Факт з’яўлення Уваскрослага двум вучням ясна сведчыць аб тым, што ёсць розныя дарогі, якія вядуць да жывога Бога. Ёсць шлях павольны, шлях сумненняў, душэўных пакут, рэлігійных шуканняў. Недаверлівы розум не заўсёды можа пагадзіцца і прыняць цалкам дар веры без ваганняў, бо мы больш ахвотна верым толькі ў тое, што можна змерыць, узважыць, памацаць рукой. Кожнаму дадзена права сумнявацца, засмучацца, знаходзіцца ў душэўных змаганнях, але добра, калі сумненне змяняецца ўпэўненасцю, цвёрдаю вераю і поўным спадзяваннем, што Езус Хрыстус сапраўды ўваскрос, як кажа апостал Пётр: “Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай – збаўлення душ” (1 Петра 1, 8-9).

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку