Сакавік… Вясновае сонейка і блакітнае неба змяняюцца зімовымі сумётамі і завірухай. Дзіўная, няўтульная пара, калі на дварэ – пранізлівы вецер і холад, хочацца сядзець дома з кніжкай і кубкам кавы, паглядаючы на непагадзь праз акно і чакаючы сапраўднай вясны.
На думку прыходзіць, што ў такое надвор’е найбольш халодна і нязручна людзям, якія па розных жыццёвых абставінах не маюць ні дому, ні даху над галавой. Разважаю над тым, што бяздомным сёння не трэба шмат, апрача звычайнай цёплай ежы і элементарнай чалавечай увагі, разумею, што гэта ўжо вялікая дапамога ў цяжкай сітуацыі.
Такую дапамогу бяздомным аказваюць у Пастаўскай парафіі святога Антонія Падуанскага. Накіроўваюся туды, каб спытаць, як арганізаваная дабрачынная дзейнасць.
На парозе кляштара мяне сустракае сястра Канстанцыя Юралайт з кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. На яе твары ветлівая ўсмешка, а ў руках – вялікі рондаль з супам. Вітаемся і накіроўваемся ў парафіяльны дом, куды штодня прыходзяць бедныя людзі, каб падсілкавацца гарачым абедам.
Ініцыятыва па харчаванні бедных распачалася ў 2012 годзе сіламі тагачаснага пробашча айца Анджэя Возьняка SCJ. Сёння яе працягваюць айцы-сэрцане, што служаць у парафіі, на чале з пробашчам айцом Вадзімам Прасяным.
Фінансава справу падтрымліваюць і парафіяне. Раз на год, увосень, арганізоўваецца збор прадуктаў, дзе кожны можа падзяліцца тым, што вырасла на агародах і палетках. Таксама парафіяне прыносяць абутак і адзенне, якія потым раздаюцца тым, хто мае патрэбу. У сваю чаргу, манахіні гатуюць абеды і выдаюць іх.
Дзякуючы такой дапамозе людзі ў цяжкім сацыяльным становішчы маюць магчымасць з’есці хаця б адну гарачую страву за дзень.
Кожны чалавек, што прыходзіць падсілкавацца ў парафіяльны дом, дайшоў да беднасці сваім шляхам. Часам прычынай нядолі становіцца алкагольная залежнасць, часам – трагічная жыццёвая гісторыя.
Заўважаю, што падчас раздачы ежы сярод прысутных няма ні сварак, ні спрэчак, ні брыдкіх словаў. Кожны культурна казаў “добры дзень” і “дзякуй”. Думаю, што ў гэтых простых словах гучыць і падзяка Пану Богу, Які прыходзіць праз людзей. Часам здаецца, што разам з гарачым супам людзі атрымліваюць нешта большае: чалавечую ўвагу, клопат і адкрытае сэрца.
Трэба сказаць, што душпастырская дзейнасць айцоў-сэрцанаў і сясцёр з кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці вельмі шырокая: гэта катэхезы для дзяцей і моладзі, святліца, дзе малодшыя могуць застацца пасля школьных заняткаў, розныя забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы, група ананімных алкаголікаў.
Таксама сястра Канстанцыя ZMBM расказала пра супольнасць свецкіх “Фаустынум”.
Яе дзейнасць у свеце распачалася ў 1996 годзе. У дзённіку святой сястры Фаустыны Кавальскай было расчытана як Божая Воля стварэнне кангрэгацыі, што б уключала ў сябе святароў, манахінь і свецкіх людзей.
Генеральны дом супольнасці знаходзіцца ў Кракаве. Да яе належаць людзі з больш чым 80 краін свету, якія прагнуць жыць духам Міласэрнасці Божай і яе абвяшчаць праз малітву, учынкі і словы. А малітва, учынкі і словы дапаўняюцца духоўнай фармацыяй.
Супольнасць свецкіх “Фаустынум” у Паставах паўстала 6 сакавіка 2008 года. Тады адбылася першая сустрэча. А ў 2013 годзе было першае спатканне супольнасці ў мінскай парафіі святых Сымона і Алены.
Сустрэчы адбываюцца адзін раз на месяц. Удзельнікі чытаюць Святое Пісанне, Дзённік святой Фаўстыны, размаўляюць пра духоўнае жыццё ў прызме Божай Міласэрнасці.
Менавіта валанцёры з супольнасці “Фаустынум” дапамагаюць у раздачы ежы бедным, у святліцы і розных іншых парафіяльных ініцыятывах.
У Святым Пісанні чытаем: “Што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых – Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Няхай жа Пан Бог шчодра ўзнагародзіць кожнага чалавека, які адкрывае сэрцы на патрэбы бліжніх!
Вікторыя Філіпенка, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!







