Як лепш маліцца. Падказкі св. Ігнацыя

Акрамя таго, што св. Ігнацый Лаёла заснаваў Таварыства Езуса (ордэн езуітаў), у спадчыну Касцёлу ён пакінуў яшчэ адзін важны дар: твор пад назвай “Духоўныя практыкаванні”. Гэтая невялікая кніжка прызначана не для звычайнага пабожнага чытання: у ёй змешчаны інструкцыі для малітвы і іншыя парады, якія трэба менавіта практыкаваць – прымяняць у жыцці.

Што такое Ігнацыянскія рэкалекцыі?

Змест гэтага твора св. Ігнацыя ўяўляе цэлую духоўна-педагагічную сістэму і разлічаны ў ідэале на трыццаць дзён рэкалекцый, праведзеных у цішыні і маўчанні, са штодзённымі размовамі з асобай, каторая суправаджае.

Аднак мала хто можа сабе дазволіць (і вытрымаць) такі доўгі перыяд аддалення ад звычайных справаў і абавязкаў, таму найчасцей практыкаванні ў ігнацыянскім стылі адбываюцца на працягу васьмідзённых рэкалекцый адзін раз на год паводле адпаведных этапаў, на якія падзеленая кніга. У ёй па чарзе прапануюцца такія малітоўныя тэмы, як грэх і пакаянне, уцелаўленне і публічная дзейнасць Езуса Хрыста, мука і смерць Пана, і напрыканцы – уваскрасенне і праслаўленне Божага Сына. Паступова рэкалектант засвойвае розныя правілы “распазнавання духаў”, г. зн. вучыцца адрозніваць у сваёй душы голас “добрага духа”, які дапамагае на шляху да Бога, ад дзеяння “злога духа”, што перашкаджае на гэтым шляху, хоць стараецца гучаць як саюзнік і сябра. Ёсць шмат розных іншых нюансаў, якія ўдакладняе св. Ігнацый і якія адкрываюцца па меры таго, як рэкалектант прысвячае чатыры або пяць перыядаў малітвы штодзённа сваім духоўным практыкаванням.

Цікава, як св. Ігнацый тлумачыць саму ідэю такога падыходу да духоўнага жыцця. Ён параўноўвае неабходнасць мэтанакіраваных высілкаў у сферы духа з тым, што датычыцца нашага цела: як цела патрабуе практыкаванняў, каб быць здаровым, так і душа гэтага прагне. Таму мы можам паразважаць над тым, якія існуюць у нашым штодзённым жыцці магчымасці для таго, каб “практыкавацца духоўна”, пакідаючы адкрытым запрашэнне да ўдзелу шаноўных чытачоў у выязных Ігнацыянскіх рэкалекцыях у маўчанні, якія перыядычна арганізуюцца і ў нашай краіне.

Зрэшты, сам св. Ігнацый для тых, хто не мае магчымасці аддаліцца цалкам ад сваіх абавязкаў, прадугледжваў форму “духоўных практыкаванняў у штодзённым жыцці”, паводле якой асоба вылучае кожны дзень пэўны час на малітоўныя заняткі. Такое разважанне над ігнацыянскай ідэяй можа асабліва дапамагчы нам напярэдадні Вялікага Посту, падчас якога мы звычайна робім аскетычныя пастановы (успомнім, што грэчаскае слова “аскеза” азначае менавіта “практыкаванне”). Варта памятаць, што адмаўленне ад чагосьці не з’яўляецца мэтай самой у сабе. Яно мае сэнс толькі тады, калі дапамагае нам наблізіцца да Бога і любіць бліжняга.

Божае слова і дыялог

Першым сродкам для таго, каб стаць бліжэй Бога, з’яўляецца, безумоўна, малітва. Некаторым з нас зусім не трэба павялічваць час, які мы прысвячаем малітве (хоць іншым, напэўна, варта вызначыць нейкі мінімум для “кантакту з Богам”), але заўсёды можна працаваць над якасцю. Думаю, каталіцкая духоўная культура ў нашай краіне можа зачэрпнуць у спадчыне св. Ігнацыя прынамсі дзве парады наконт малітвы. Першая датычыць большага кантакту са словам Божым, другая – каб у нашай асабістай малітве было больш непасрэднага дыялогу з Богам.

Святое Пісанне – асаблівы “канал камунікацыі”, праз які Пан жадае сказаць нам па-сапраўднаму важныя рэчы. У першую чаргу, хрысціянам трэба адкрываць Евангеллі, бо з іх мы даведваемся пра жыццё і вучэнне нашага Збаўцы. Недастаткова проста павярхоўна чытаць гэтыя тэксты, але трэба ў малітве праводзіць час з імі, прымяняючы да нашага жыцця. Калі гаворка пра вучэнне і запаведзі Пана Езуса, тады мы стараемся ўбачыць падчас малітвы, як канкрэтна можам уцелавіць тое, што кажа Збаўца, і адначасова просім аб ласцы і моцы Духа Святога, каб словы вечнага жыцця станавіліся рэчаіснасцю ў нас, бо сваімі сіламі мы не здолеем быць вернымі Запавету з Богам. Калі ж чытаем пра розныя эпізоды з дзейнасці Хрыста, іх таксама можам дастасаваць да сябе, бо мы верым, што Божае слова – “жывое і дзейснае” (Габ 4, 12), яно “ажывае” для нас неспасцігальным чынам, прыносячы плён збаўлення.

Знайсці сябе ў евангельскім аповедзе

Св. Ігнацый нават прапануе ў малітве праз уяўленне знайсці для сябе месца ў евангельскім аповедзе, дазваляючы такім чынам Езусу, прысутнаму ў Пісанні, дакрануцца да нашай рэчаіснасці. Слова Божае напоўнена сімвалізмам, які гаворыць пра нашае жыццё, калі мы гатовыя слухаць. Напрыклад, як нядаўна каментаваў Папа Францішак евангельскі эпізод пра пакліканне Сымона Пятра Езусам пасля цудоўнага ўлову (Лк 5, 1-11): мы таксама можам дазволіць Пану ўвайсці ў “човен нашага жыцця”. Гэта гучыць як прыгожая метафара, але праз малітву дадзены вобраз дзякуючы святлу Духа Святога можа канкрэтызавацца ў пэўным выбары з нашага боку або проста стаць крыніцай суцяшэння ад таго, што ў нашым “чаўне” сапраўды ўжо прысутнічае Пан!

Дзякуй Богу, цяпер Божае слова лёгка даступнае нам не толькі праз друкаваны тэкст, але і праз нашыя шматлікія гаджэты на адлегласці выцягнутай рукі. Дык дазволім жа Пану прамаўляць да нас праз Ягоныя словы, засвойваючы іх у малітоўным практыкаванні!

Св. Ігнацый заахвочвае кожны перыяд малітвы заканчваць размовай з Панам, непасрэдна звяртаючыся да Яго з усім тым, чым напоўнена наша сэрца. Гэтай практыцы таксама варта вучыцца. Не проста карыстацца тэкстамі, якія мы можам прачытаць з малітоўніка або добра ведаем на памяць, але і сваімі словамі спантанна дзякаваць, расказваць, прасіць, дзяліцца…

Не трэба паддавацца спакусе абясцэньваць тое, што я магу сказаць Богу. Нашаму нябеснаму Айцу прыемна чуць шчырыя словы сваіх дзяцей! Так нашыя адносіны з Богам становяцца па-сапраўднаму асабістымі і непасрэднымі. А паколькі ў кожнай размове трэба даць прастору і іншай асобе, мы вучымся ўслухоўвацца ў маўчанні ў тое, што можа адказаць нам Боскі суразмоўца. І не абавязкова словамі, але калі мы не чуем нейкага выразнага паслання, напэўна, ласка Духа Святога будзе адказам на наш зварот, бо ніякая малітва не застаецца непачутай.

Няхай жа Дух Святы натхніць кожнага з нас знайсці адпаведны спосаб “духоўна практыкавацца”, каб набліжацца да Бога і выконваць Яго волю ў нашым жыцці!

Айцец Віктар Жук SJ, пробашч парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску

для друку для друку