Перадкалядная пастырская сустрэча ў Наваполацку

У касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку 20 снежня сабраліся святары і манахіні Віцебскага рэгіёну. На сустрэчу прыбылі прадстаўнікі курыі і духавенства з усходняй часткі Віцебскай дыяцэзіі – Полацкага, Лепельскага, Аршанскага і Віцебскага дэканатаў.

Для Пастаўскага рэгіёну перадкаляднае спатканне прайшло 9 снежня ў Паставах, для Глыбоцкага — 13 снежня.

Сёстры і святары распачалі сустрэчу малітвай у цішыні перад Езусам Эўхарыстычным. У гэты час кожны мог скарыстаць з магчымасці сакраманту споведзі і пакаяння.

Св. Імшу ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі біскуп Алег Буткевіч. Ва ўступным слове іерарх прывітаў прысутных святароў, законных сясцёр і братоў Віцебскага рэгіёну, а таксама святароў Грэка-каталіцкай Царквы, якія прыбылі, каб разам перажыць гэты час.

У прамоўленым казанні біскуп нагадаў, што калядныя святы для святароў і сясцёр – гэта заўсёды напружаная праца і падрыхтоўка, але неабходна засяродзіцца, каб Божае Нараджэнне не прамінула, як толькі праца, а штосьці змагло пакінуць у нашых сэрцах. Рыхтуючы свае парафіяльныя супольнасці, ёсць час, каб самім затрымацца над гэтай вялікай таямніцай.

Асаблівым чынам была звернута ўвага на словы анёла, якія прамовіў да Божай Маці: І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага. «Езус падчас Сваёй публічнай дзейнасці пазбягаў гэтага тытула – Сына Найвышэйшага. Тытул, які выкарыстоўваў у дачыненні да Сябе і які найбольш любіў, быў Сын Чалавечы. Гэта не было выдумкай Хрыста, але яшчэ запісана ў прароцтвах Старога Запавету. Кніга Адкрыцця выкарыстоўвае гэты тытул, як кагосьці, каму Бог перадае ўладу. Гэтая ўлада, паводле прароцтваў, ёсць уладай каб судзіць. Цікавая рэч, Бог Айцец не бярэ на сябе прэрэгатывы судзіць род чалавечы, а гэтую судовую ўладу перадае Божаму Слову, якое прымае людскую натуру. Інакш кажучы, судзіць чалавека паводле Божага меркавання, мае права толькі Той, Хто сам ёсць чалавекам», — паразважаў пастыр дыяцэзіі.

Далей ардынарый узгадаў пра тры кірункі Хрыстовага святарства: улады навучання, асвячэння і кіравання і заахвоціў падумаць, наколькі ў жыцці кожнага гэта ўсё рэалізуецца, бо евангелізацыя найбольш актуальная на ўсходняй частцы дыяцэзіі.

«Як “чалавек з вуліцы” можа ўбачыць сапраўднага Езуса Хрыста? Убачыўшы фігурку малога Езуса, як яму зразумець, хто гэта такі, што ляжыць у яслях? Наш абавязак зрабіць так, каб людзі зразумелі, кім ёсць Езус, гледзячы на святара, а пасля маглі сказаць, што ведаюць, бо да Яго падобны пробашч альбо вікарый, да Яго падобная сястра законная. Яскравым прыкладам такога святарскага служэння з’яўляецца святы Ян Марыя Віянэй. Людзі знаходзілі Бога, гледзячы на паслугу гэтага ксяндза».

Пасля святой Імшы адбылася кароткая арганізацыйная частка сустрэчы, на якой канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. канонік Віктар Місевіч і ардынарый дыяцэзіі звярнуўся да духавенства з аб’явамі.

У межах сустрэчы адбыліся асобныя канферэнцыі для святароў і сясцёр законных. А. Анджэй Юхневіч ОМІ з Шуміліна правёў канферэнцыю для манахінь, а кс. доктар Мікалай Ціхановіч з Глыбокага засяродзіў увагу на асобе Маці Марыі ў жыцці святара. Ён падзяліўся асабістым досведам дзейнасці і прысутнасці Багародзіцы ў сваім жыцці і ў служэнні экзарцыста.

Пасля спаткання адбыўся святочны абед, на самым пачатку якога біскуп Алег павіншаваў усіх з надыходзячым святам Божага Нараджэння, а пробашча Наваполацкай парафіі кс. каноніка Аляксандра Чайкоўскага з нагоды 25-годдзя святарскага пасвячэння, якое зусім нядаўна адзначыў. Пасля прэзбітэрый Віцебскага рэгіёну заспяваў юбіляру Plurimus annos.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку