Безумоўна, кожнаму даводзілася, набываючы тую ці іншую рэч, бачыць на этыкетцы дату заснавання фірмы. Кампаніі з гонарам паведамляюць, што яны працуюць ужо 20, 40, 70, а можа, нават 100 гадоў.
На візітках ці ў рэкламе можна прачытаць і пра меншыя юбілеі: кшталту “Мы 15 лет на рынке!” Цікава, а як бы мы, католікі, ды і іншыя людзі адрэагавалі на рэкламны банар айцоў-дамініканаў: “Мы ў бізнэсе з 1216 года!” або “800 лет на рынке религиозных услуг!”
800 гадоў – менавіта столькі існуе дамініканская супольнасць. 40 пакаленняў святароў і братоў, якія пайшлі і ідуць за св. Дамінікам, каб збаўляць людскія душы.
Досыць пашыраная памылковая думка, нібы дамініканскі ордэн з’яўляецца ордэнам інквізітараў. Не, гэта не так. Святы Дамінік згуртаваў вакол сябе адукаваных прапаведнікаў, якія мелі заданне праз абвяшчэнне Слова Божага вяртаць чалавека ў адзінства веры Касцёла. Ерась часта была наступствам неадукаванасці і цемрашальства. І менавіта таму браты св. Дамініка выказваюць вялікую прыхільнасць і пашану да адукацыі. Яны набываюць адукацыю самі і адукоўваюць іншых. Адукаванасць дамініканцаў стала лёсавырашальнай для вялікай колькасці людзей, якія траплялі пад суд інквізіцыі па даносах.
Першымі, каго св. Дамінік пераканаў вярнуцца да праўдзівай веры, сталі некалькі жанчын, якія пасля заснавалі жаночы дамініканскі кляштар. І па гэтай прычыне сёстры падкрэсліваюць сваё старшынство ў сям’і трох дамініканскіх супольнасцяў.
Мала хто ведае, што дамінікане маюць адну з найстарэйшых дэмакратычных традыцый у Еўропе. Суперыёр кляштару выбіраецца братамі. Кандыдатам можа быць нават сабрат з іншага кляштара. Так, вышэйшая ўлада, напрыклад, правінцыял зацвярджае выбар, але ў ім не ўдзельнічае.
Сімвалам ордэна з’яўляецца бела-чорны сабака, часта з факелам у пашчы. Назва “дамінікане”, безумоўна, паходзіць ад імя заснавальніка – св. Дамініка. Але слова на лаціне “dominicanes” падобнае да “domini canes”, што азначае “сабакі Пана Бога” – заўсёды верныя сваёй службе! Бела-чорная поўсць – гэта колеры дамініканскага хабіту, а запалены факел – сімвал палымнелай Божай любові, якую абвяшчаюць браты.
На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і сённяшняй Беларусі было шмат дамініканскіх кляштараў і касцёлаў. Але навалу атэізму перажылі не ўсе. Адзін з тых, што захаваўся, гэта касцёл св. Юзафа ў Оршы, якім апякуюцца айцы-марыяне. А дамініканцаў – жывых і падобных па руплівасці да св. Дамініка – можна сустрэць у Віцебску ў касцёле св. Барбары.
а. Андрэй Сідаровіч, марыянін
