5 верасня прыпадае літургічны ўспамін св. Маці Тэрэзы з Калькуты. Яна была беатыфікавана 19 кастрычніка 2003 г. Янам Паўлам ІІ. Яе кананізацыя адбылася 4 верасня 2016 г. у Рыме.
Маці Тэрэза з Калькуты (1910-1997) увайшла ў гісторыю як “маці ўбогіх”. Дзякуючы сваёй дзейнасці на карысць бедных, бяздомных, хворых і паміраючых заснавальніца манаскай супольнасці і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру стала незабыўнай постаццю.
Свет запомніў яе як невялікую, прыгорбленую жанчыну ў белым адзенні, якая стала вялікім маральным аўтарытэтам і сімвалізавала моц любові напрыканцы ХХ стагоддзя.
Крыніцай духоўнай сілы Маці Тэрэзы была гарачая малітва і шматгадзінная адарацыя Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэта перад Ім яна штодзённа выказвала таямніцы і прагненні свайго сэрца. Над уваходам у капліцу, дзе прабываюь яе сёстры ў Калькуце, змешчана слова “Прагну”. Маці Тэрэза адказвала на гэтае прагненне Езуса служэннем Пану ў паміраючых бедняках.
Яскравым доказам гэтага было ў 1982 г. праходжанне праз зону агню ў Бейруце з працаўнікамі Чырвонага Крыжа, дзякуючы чаму яна ўратавала 37 дзяцей з франтавога шпіталя.
У адкінутых і церпячых яна бачыла змучанага Пана. Яна часта паўтарала: “Сёння Хрыстус – у людзях нежаданых, беспрацоўных, пазбаўленых апекі, галодных, голых і бяздомных. Гэтыя людзі здаюцца непатрэбнымі для дзяржавы і грамадства; ніхто не мае для іх часу. Гэта менавіта ты і я як хрысціяне – годныя любові Хрыста настолькі, наколькі наша любоў сапраўдная, – з’яўляемся тымі, якія павінны іх знайсці і дапамагчы ім; яны існуюць, каб іх знайсці”.
Усё яе жыццё было сведчаннем веры, надзеі і любові. Яна заахвочвае нас і сёння: перадавай людзям Езуса не словамі, але сваім прыкладам, любячы Яго, ззяючы Яго святасцю і разносячы любоў усюды, дзе знаходзішся.
Пранікнемся хоць адной думкай з Евангелля і споўнім яе менавіта сёння, “трацячы” наша жыццё для Езуса і нашых блізкіх, каб і мы мелі ў сабе больш надзеі і супакою сэрца. А прыкладам гэтага прыгожага і адданага служэння Богу і людзям няхай будзе Маці Тэрэза, святая ад убогіх.
Вось некалькі думак Маці Тэрэзы з Калькуты:
- Мы не можам рабіць вялікіх справаў, а толькі маленькія з вялікай любоўю.
- Шчасце нельга знайсці без малітвы.
- Людзям не хапае любові значна больш, чым хлеба, і гэты голад самы моцны.
- Каб стварыць сям’ю, дастаткова кахаць, а каб яе захаваць, трэба навучыцца цярпець і прабачаць.
- Калі ацэньваеш людзей, не маеш часу іх любіць.
- Мы можам пазбавіцца ад хваробы з дапамогаю лекаў, але адзіны лек ад адзіноты, адчаю і безнадзейнасці — гэта любоў. У свеце шмат людзей, якія паміраюць з голаду, але яшчэ больш тых, хто памірае з¬за таго, што ім не хапае любові.
- Няважна, хто і што пра вас гаворыць — прымайце ўсё гэта з усмешкаю і працягвайце рабіць сваю справу.
- Добрыя словы сказаць лёгка, іх рэха доўга жыве ў сэрцах людзей.
- Любоў не выбірае, любоў толькі дае.
- Каб любоў была сапраўднаю, яна павінна прыносіць боль.
- Памятайце, што мы павінны любіць бедных аж да болю.
- Трэба даваць тое, што мае нейкі кошт, патрабуе пасвячэння, пазбаўляе чагосьці, што любіш, каб дар меў каштоўнасць у вачах Бога.
- Не мы любім бедных, а Хрыстус. Хрыстус любіць іх праз нас, бо хоча цялесна быць побач з імі.
- Мы не можам рабіць вялікіх справаў, а толькі маленькія з вялікай любоўю.
- Самы важны лек — гэта пяшчотная любоў і клопат.
- Я дакладна ведаю, што калі б людзі мацней любілі адзін аднаго, нашае жыццё было б значна лепшым.
- Калі вы хочаце ашчаслівіць увесь свет, ідзіце дадому і любіце сваю сям’ю. Адзінота і адчуванне, што ты нікому не патрэбны, — самы жахлівы від беднасці.
- Радасць — гэта сеткі любові для лоўлі душаў.
- Я адчуваю сябе алоўкам у руках Бога. Ён піша намі, і піша добра, нават калі мы недасканалая прылада.
- Лёгка любіць тых, хто далёка, але не так проста палюбіць тых, хто блізка.
- Не бойцеся любіць. Адкрывайце сэрца і пастарайцеся абудзіць у ім любоў. Для гэтага не трэба бачыць у іншых і сабе толькі недахопы і памылкі. Шукайце і знаходзьце у людзях прыгожае і добрае. Гэта натхняе і нас саміх, і іншых людзей на праяву лепшых якасцяў.
Па матэрыялах grodnensis.by і ave-maria.by
