15 сакавіка 1990 года Савецкі Саюз і Святы Пасад пасля дзесяцігоддзяў варажнечы ўсталявалі дыпламатычныя адносіны. Вынікам гэтага сталася не толькі паляпшэнне стасункаў паміж дзвюма дзяржавамі, але і аднаўленне свабоды рэлігійнага жыцця на адной шостай частцы сушы.
Спрабаваць нармалізаваць адносіны з Ватыканам СССР пачаў яшчэ ў 1950-х гадах. У 1962 годзе з дазволу савецкага кіраўніцтва на Другі Ватыканскі сабор прыбыла дэлегацыя Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). А ў 1965 годзе ўпершыню ў савецкай гісторыі з Папам Паўлам VI сустрэўся міністр замежных спраў беларус Андрэй Грамыка. У 1967 годзе наведаў Ватыкан і старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета (ВС) СССР Мікалай Падгорны – фармальны кіраўнік краіны.
Усё гэта спрыяла ўсталяванню пастаянных кантактаў, але былі і пэўныя перашкоды. Сярод іншага Ватыкан ставіў перад Масквой пытанне нармалізацыі рэлігійнага жыцця не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ва ўсіх краінах сацыялістычнага лагеру. А савецкі бок не бачыў у гэтым патрэбы. Як пісаў у 2005 годзе ў часопісе “Деловые люди” памочнік апошняга кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова Анатоль Чарняеў, пры Леаніду Брэжневу савецкае кіраўніцтва ставілася да стасункаў з Ватыканам “або з абыякавасцю, або адмоўна”, ніякіх ініцыятываў не высоўвала. Паводле яго, адносіны былі пераважна на ўзроўні журналістаў і грамадскіх дзеячаў, якія “хадзілі ў Ватыкан, а потым дакладвалі каму трэба”.
Праблемай для СССР было і тое, што ў 1978 годзе новым Папам стаў польскі кардынал Караль Вайтыла, як прыняў імя Ян Павел ІІ. “Перамовы з Ватыканам ускладняцца, бо Касцёл узначаліў біскуп, добра знаёмы з рэаліямі сацыялістычнай дзяржавы”, – гаварылася ў рапарце, дасланым з Масквы кіраўнікам спецслужбаў савецкага блоку праз месяц пасля канклаву.
Тым не менш, ужо неўзабаве Папа здолеў дамагчыся прызнання савецкім бокам двух біскупаў, якія не маглі заняць свае пасады. Спачатку ў 1982 годзе Вінцэнтас Сладкявічус, які 19 гадоў знаходзіўся пад хатнім арыштам, стаў Апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Кайшадорысу ў Літве. А затым у 1983 годзе атрымаў сан кардынала і пасаду біскупа Рыжскага Юліян Вайвадс, які нефармальна апякаў усіх католікаў СССР, акрамя Літвы.
Перабудова стасункаў
На якасна новы ўзровень стасункі падняліся падчас перабудовы ў СССР. З аднаго боку, гэтаму спрыялі імкненні новага кіраўніцтва СССР на чале з Гарбачовым наладзіць адносіны з Захадам і каталіцкімі краінамі, з другога – змена рэлігійнай палітыкі ў Савецкім Саюзе. “Гарбачоў абвясціў у сваім “новым мысленні” свабоду сумлення. Не проста “ля-ля”, калі ў Канстытуцыі ўсё ёсць і ўсё правільна запісана, а на справе – усіх ціснулі і рэальнай свабоды сумлення не было. Ён вырашыў вярнуць гэты пункт Канстытуцыі да жыцця”, – тлумачыў у 2005 годзе ягоны памочнік Чарняеў.
Папа Ян Павел ІІ звязваў гэта з Фацімскімі аб’яўленнямі 1917 года пра неабходнасць навяртання Расіі. 25 сакавіка 1984 года, за 14 месяцаў да прыходу Гарбачова да ўлады, Святы Айцец у іх выкананне здзейсніў акт прысвячэння свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі, просячы выратаваць яго ад ядзернай вайны і самазнішчэння чалавецтва.
У 1988 годзе Маскву наведаў Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал Агастына Казаролі.
Фармальна ён прыбыў з нагоды святкавання 1000-годдзя хросту Русі, але быў прыняты Гарбачовым. Неўзабаве пачалася падрыхтоўка і візіту ў адказ, які адбыўся 1 снежня 1989 года. Гарбачоў і Папа Ян Павел II каля 70 хвілін гутарылі ў асабістай бібліятэцы пантыфіка. Яны прынялі рашэнне пра ўстанаўленне афіцыйных адносінаў на пастаяннай аснове. Таксама Гарбачоў запрасіў Святога Айца наведаць СССР, але адсутнасць запрашэння РПЦ не дазволіла яму гэта зрабіць.
На сустрэчы Папа найбольшую ўвагу звяртаў на захаванне рэлігійнай свабоды ў СССР. Прычым не толькі ў дачыненні католікаў, але і іншых хрысціянаў, а таксама юдэяў, мусульманаў. “У некаторых краінах (рэспубліках СССР – рэд.) пераважае Рымска-Каталіцкі касцёл лацінскага абраду. Гэта – амаль усё насельніцтва Літвы, частка насельніцтва Латвіі, а таксама тыя тэрыторыі, якія ў мінулыя стагоддзі належалі Рэчы Паспалітай – польска-літоўскай дзяржаве. Мне вядома, што хоць у Беларусі і ва Украіне значная, большая частка вернікаў – праваслаўныя, там нямала і католікаў, прычым як рымскага, так і візантыйскага абраду. Становішча апошніх выклікае асаблівую заклапочанасць – і маю асабістую, і Святога Пасаду. Бо цягам больш як сарака гадоў, якія прайшлі пасля вайны, яны былі пазбаўленыя фундаментальнага права на свабоду веравызнання, фактычна пастаўленыя па-за законам. Мы спадзяёмся, што новы закон аб свабодзе сумлення створыць для іх, як і для ўсіх астатніх вернікаў, магчымасці адкрыта вызнаваць сваю рэлігію і мець свае царкоўныя структуры”, – заявіў Ян Павел ІІ кіраўніку СССР.
У сваю чаргу Гарбачоў папрасіў яго пра “стымулы да таго, каб бягучыя працэсы не абвастраліся, каб былі знятыя існыя ўскладненні”. Таксама ён звярнуўся з просьбай, каб межы каталіцкіх дыяцэзій супадалі з дзяржаўнымі межамі: праблема гэтая існавала яшчэ з часоў развалу Расійскай імперыі і паваеннага перападзелу краінаў. “Папа ўжо пры першай сустрэчы падтрымаў перабудову ў СССР – наша імкненне да свабоды, дэмакратыі. Мы, са свайго боку, з пачуццём удзячнасці і падтрымкі сачылі за выступамі Папы супраць войнаў, супраць зневажання правоў і годнасці людзей, дзе б і пад якой бы падставай яны ні выяўляліся”, – згадваў Гарбачоў сустрэчу з Янам Паўлам ІІ у сваім артыкуле “Веліч гуманізму і салідарнасці” ў 2006 годзе.
СССР змяняецца да лепшага
Афіцыйна Святы Пасад і Савецкі Саюз усталявалі дыпламатычныя адносіны на ўзроўні пастаянных прадстаўніцтваў 15 сакавіка 1990 года. У Ватыкане быў акрэдытаваны Юрый Карлаў, які арганізоўваў сустрэчу 1989 года. У Маскву ж прыбыў Апостальскі нунцый Франчэска Каласуона.
Дзякуючы нармалізацыі стасункаў з Ватыканам у СССР пачаўся працэс стварэння дыяцэзій лацінскага абраду.
А ў лютым 1990 года была знятая забарона і на стварэнне грэка-каталіцкіх парафій, дазволена іх рэгістрацыя і правядзенне набажэнстваў. Палепшылася сітуацыя і ў Беларусі, дзе станам на 1985 год было толькі 96 парафій і 52 святары (для параўнання: станам на 2024 год у Беларусі было 500 рымска- і 16 грэка-каталіцкіх парафіяў). Адносна 1960 года іх колькасць скарацілася ўдвая.
25 ліпеня 1989 года Ян Павел II пасвяціў біскупа для Беларусі – Тадэвуша Кандрусевіча, адрадзіўшы тым самым Мінскую дыяцэзію. У 1991 замест яе была ўтвораная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і адноўленая Пінская дыяцэзія, якая свой пачатак вядзе з 1925 г. 13 мая 1991 года Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны Апостальскім адміністратарам еўрапейскай часткі Расіі, а Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам стаў Казімір Свёнтэк. 13 красавіка 1991 года была створаная Гродзенская дыяцэзія, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. З 1990 года ў Беларусі, у Гродне, функцыянуе і ўласная каталіцкая семінарыя. Да таго беларускія святары былі вымушаныя праходзіць фармацыю ў Рызе.
11 сакавіка 1989 года ў Мінску, у Кальварыйскім касцёле, была адслужаная першая за 150 гадоў публічная грэка-каталіцкая служба. А першая грэка-каталіцкая парафія ўзнікла ў пасляваеннай Беларусі ў верасні 1990 года.
У прамове перад дыпламатычным корпусам у студзені 1990 года Ян Павел ІІ падкрэсліў, што дзякуючы пераадоленню людзьмі страху і “імкненню да свабоды былі разбураныя муры і расчыненыя брамы” ва Усходняй Еўропе.
Мечыслаў Гапановіч
