24 снежня: чацвёрты тыдзень Адвэнту

У той час:

Захарыя, бацька Яна, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:
Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,
бо наведаў і адкупіў народ свой,
і ўзняў рог збаўлення для нас
у доме Давіда, слугі свайго.
Як абвясціў спрадвеку
вуснамі сваіх святых прарокаў,
што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
Каб аказаць міласэрнасць айцам нашым
і нагадаць пра святы запавет свой,
прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,
дасць нам.
Каб, выбаўленыя з рук ворагаў нашых,
мы без страху служылі Яму
ў святасці і справядлівасці перад Ім
ва ўсе дні нашыя.
А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,
бо пойдзеш перад абліччам Пана
падрыхтаваць шляхі Яму,
каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне
праз адпушчэнне яго грахоў,
дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,
у якой наведаў нас Усход з вышыні,
каб асвятліць тых,
хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным,
каб накіраваць ногі нашыя
на шлях спакою (Лк 1, 67–79).

Маці Тэрэза з Калькуты заснавала ў шматлікіх краінах свету дамы міласэрнасці для пакінутых людзей. У гэтых дамах, наследуючы прыклад Маці Тэрэзы, сёстры і валанцёры апякуюцца пакінутымі людзьмі з вялікай любоўю. Адзін пакінуты чалавек, якога Маці Тэрэза ўзяла ў дом міласэрнасці з вуліцы, перад сваёю смерцю сказаў такія словы: “Я жыў на вуліцы як жывёла. Цяпер тут паміраю як анёл, акружаны любоўю і клопатам”.

Дарагія чытачы! Захарыя, як мы прачыталі ў словах Евангелля, сказаў, што збаўленне здзейсніцца “дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога” (Лк 1,78). Карацей кажучы, збаўленне здзейснілася дзякуючы “міласэрнасці”. Цэнтральнае слова гэтага ўрыўка – міласэрнасць.

У гутарковым маўленні міласэрнасць атаясамліваецца са спачуваннем і прабачэннем. Аднак, у ім не перадаецца глыбіня гэтага слова, якое мае свае карані ў Святым Пісанні Старога Запавету. Для тагачаснага габрэя слова “міласэрнасць” мае два значэнні:

1. поўная чуллівасці любоў;

2. верная любоў.

Міласэрнасць – гэта верная і поўная чуллівасці любоў. Яна заўсёды выказваецца ў канкрэтных актах спачування, якія нараджаюцца ў выніку трагічнай сітуацыі ці патрэбы прабачэння грахоў.

Браты і Сёстры! Чалавек пасля першароднага граху, апынуўся ў вельмі трагічнай сітуацыі: Бог для ўсіх людзей зачыніў брамы раю. Ніводзін чалавек не меў магчымасці іх адчыніць. Адзіны, хто мог гэта здзейсніць, – гэта Другая Асоба Святой Тройцы, Сын Божы. І таму заўсёды жывы Ён сышоў на зямлю і стаўся чалавекам.

Нараджэнне Збаўцы з’яўляецца найвялікшым актам Божай Міласэрнасці.

Кс. Адам Квяткоўскі SDS

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі