Альжбеце надышоў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан праявіў да яе такую вялікую міласэрнасць, і радаваліся разам з ёю.
На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але маці ягоная сказала ў адказ: Не, але будзе названы Янам.
І сказалі ёй, што няма нікога з сям’і яе, каго б называлі такім імем.
І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы хацеў назваць яго. Ён папрасіў таблічку і напісаў: Ян — імя Яго. І ўсе здзівіліся.
У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога.
Усіх іхніх суседзяў ахапіў страх, і расказвалі яны пра ўсё гэта па ўсёй горнай краіне Юдэі. Усе, хто чуў, разважалі пра ўсё гэта ў сэрцах сваіх і казалі: Што ж гэта будзе за дзіця? Бо рука Пана была з ім (Лк 1, 57–66).
Постаць Захарыі неаднойчы ўзгадваецца ў Святым Пісанні. Коратка прыгадаем сабе яго гісторыю. Ён быў габрэйскім святаром, мужам Альжбеты і бацькам Яна Хрысціцеля. Паводле Бібліі, прыналежыў да святарскага роду і да самай старасці быў бяздзетным. Калі ж яму ў храме было аб’яўленне анёла, які паведаміў яму пра нараджэнне сына, Захарыя засумняваўся, за што і быў пакараны нематою. Далейшая яго гісторыя апісана ў сённяшнім евангельскім урыўку. Ён атрымоўвае аздараўленне і сняцце “праклёну” з-за свайго недаверу. Напоўнены Духам Святым, ён нанова можа гаварыць і благаслаўляць Бога.
Чаму Захарыя атрымоўвае аздараўленне? Мне здаецца, па двух прычынах. Па-першае, ён ускосна звязаны з Хрыстом праз Яна Хрысціцеля – вястуна надыходзячага Месіі. А набліжэнне да Збаўцы заўжды вядзе да благаслаўлення. Па-другое, Захарыя, праз наданне імя сыну згодна з воляй Бога, выпраўляе памылку мінулага.
Дарагія браты і сёстры, жыццё кожнага з нас падобнае да біяграфіі Захарыі. Мы неаднойчы супраціўляемся волі Бога, здзяйсняем грэх, праяўляем “Захаравы недавер”. Па гэтай прычыне кожны з нас нясе, у той ці іншай меры, цяжар пакарання і пракляцця за грэх. Аднак, калі мы набліжаемся да Хрыста з пакаяннем – то, як і Захарыя, атрымліваем ласку ўнутранага аздараўлення, а часамі і фізічнага.
Рыхтуючыся да Божага Нараджэння, будзем памятаць пра наша права прайсці шлях бацькі апошняга прарока Старога Запавету.
Кс. Яўген Міхайлаў
для друку