20-годдзе Беларускага Непакалянава

24-25 чэрвеня ў Удзеле ў касцёле Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, пабудаваным ў 18-м стагоддзі, адбыліся ўрачыстасці ў межах святкавання 20-годдзя стварэння Беларускага Непакалянава.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. На пачатку Імшы пробашч парафіі а. Яраслаў Банасяк шчыра прывітаў шаноўных гасцей – біскупа Алега, кс. пралата Францішка Кіселя, апостальскага візітатара а. Сяргея Гаека, святароў, законных сясцёр і братоў, Рыцараў Беззаганнай і ўсіх вернікаў, якія сабраліся ў святыні ў гэты святочны дзень. Айцец Яраслаў узгадаў ролю спачылага кс. пралата Булькі, пробашча з Мосара, які шмат зрабіў для вяртання і аднаўлення касцёла ў Удзеле ў 1989-2002 гадах. Таксама а. Яраслаў зачытаў Акт заснавання Беларускага Непакалянава ад 24 чэрвеня 2002 года.

Падчас гаміліі а. Павел Раманчук засяродзіў увагу на асобе святога Максіміліяна Марыі Кольбе, які ў 1917 годзе з мэтай навяртання грэшнікаў, а таксама асвячэння ўсіх душаў праз заступніцтва Панны Марыі, заснаваў таварыства «Рыцарства Беззаганнай». У 1927 годзе ў Польшчы ён распачаў будаўніцтва кляштара-выдавецтва Непакалянаў. У 1930 годзе а. Максіміліян выехаў на місіі ў Японію і заснаваў там кляштар «Сад Беззаганнай». Падчас Другой сусветнай вайны святы быў арыштаваны і замучаны ў канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў 14 жніўня 1941 года. Максіміліян Марыя Кольбе лічыў, што самае галоўнае ў жыцці – стаць святым.

Справу, распачатую а. Максіміліянам, працягнулі браты. У наш час кляштары пад назвай Непакалянаў ёсць у Польшчы, Японіі, Бразіліі, ЗША і Беларусі. Беларускі Непакалянаў можна лічыць цэнтрам таварыства «Рыцарства Беззаганнай» у Беларусі, якое вядомае ў нашай краіне з 1922 года.

У часе Імшы жадаючыя далучыліся да таварыства «Рыцарства Беззаганнай».

Затым адбылася працэсія дароў, падчас якой да алтара былі прынесены свечка, дыпломы і медалікі Рыцараў Беззаганнай, 20 белых і чырвоных ружаў, якія сімвалізуюць чыстасць і мучаніцтва заснавальніка Непакалянава, Рэгула і абноўленая Канстытуцыя , вэлён для блаславення вернікаў Найсвяцейшым Сакрамантам, віно і вада, Эўхарыстычны хлеб.

Быў абвешчаны прывітальны ліст айца правінцыяла Марыюша Бартосіка. Біскуп Алег Буткевіч зачытаў акт прысвячэння Беззаганнай паводле св. Максіміліяна Марыі Кольбе.

Пасля Імшы адбылося Чэрвеньскае набажэнства і блаславенне вернікаў Найсвяцейшым Сакрамантам. Прагучаў гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».

Затым біскуп Алег Буткевіч асвяціў помнік у гонар 20-годдзя заснавання Беларускага Непакалянава.

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку